сква́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Падсмажаны або звараны кавалачак сала. Злосна сквірчэлі на патэльнях духмяныя скваркі. Новікаў. Хоць і незнаёмы госць Для бацькоў, але — Скварка і яешня ёсць З чаркай на стале. Куляшоў. // Разм. Наогул сырое сала; адрэзаны кавалачак сырога сала для яды. [Жэньцы] дома трэба быць — парсючку піць занесці. Бо калі парсючок галодны будзе, дык і сала не нарасце, і скваркі не будзе. Крапіва. Бацька ўпіраўся, не хацеў вучыць дачок .. Грошай ад яго яны ніколі не бачылі. Так якой бульбы мех, круп, якую скварку прысылала маці. Арабей. Моўчкі ем гарачы блінец з сырой халоднай скваркай. Дайліда. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скончыць.

2. ско́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). [Стэфан:] — Пайшоў бы ты, Андрэй, куды трэба, прызнаўся, сказаў бы, што з мінулым усё скончана і ты пачынаеш новае жыццё. Ваданосаў. У-у-у, — загула Томка. — Хвацкі хлопец... І ў цябе з ім усё скончана? — спачувальна працягнула яна. Арабей.

3. у знач. прым. Вырашаны, кончаны. Скончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). — Скончаны чалавек! — наліліся чырванню вочы Кастроўскага. Гурскі.

•••

І скончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́млены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаміць.

2. у знач. прым. Абяссілены, змораны цяжкай работай ці якім‑н. іншым заняткам. Стомлены хлопец цяжка ўзняўся з сядзення, з сэрцам узяўся за .. лапату і .. стаў падкідваць вугаль. Лынькоў. Тады з неба — глыбокага звона — Горда падае стомлены жаўранак. А за ім доўга яшчэ Асыпаецца, як лісце з дрэў, Яго песня... Сіпакоў. / у знач. наз. сто́млены, ‑ага, м. Стомленаму прыемна легчы адпачыць на свежым духмяным сене. Машара. // Які выяўляе стомленасць. Як бы знарок марудзячы прызнавацца, чаго прыйшоў, Пазняк аглядаў стомленым позіркам сцены, увешаныя фотакарткамі. Дуброўскі. У акне адбіваўся крышку стомлены, немалады ўжо твар жанчыны, адбіваўся чырвоны шалік, шэрае паліто. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ужо́, прысл. і часціца.

1. прысл. Указвае па наступленне, канчатковае завяршэнне якога‑н. дзеяння, стану, прыкметы. Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам патрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Лынькоў. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі. Якімовіч. // Указвае на змены, якія адбыліся з прадметам, з’явай, месцам дзеяння. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла.

2. прысл. Нарэшце. [Нехта са сходу:] — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі.

3. прысл. Зараз, цяпер. — Ешце ўжо вы, я пасля, — адказала Вера Мікалаеўна. Арабей.

4. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. слова. Не так ужо дрэнна. Ужо не раз яму казалі. □ Ужо ў дзвярах Нічыпар азірнуўся. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узды́х, ‑у, м.

Узмоцненае ўдыханне і выдыханне паветра. Грудзі .. [чалавека] хадзілі ўбакі, здавалася, ён прысядаў пры кожным сваім выдыху і ўздыху. Чорны. З горла .. [дзяўчыны] вырваўся ўздых, затым вада. Маўр. // Глыбокі ўдых і выдых як выраз смутку, развагі і пад. пачуццяў. Ганька з уздыхам успамінае маму: вось у яе ўжо была чысціня дык чысціня... Васілевіч. Рыгор так і не разабраўся, што азначаў гэты .. ўздых [Валі]: ці згоду з ім, ці адказ на нейкую сваю думку. Арабей. / у перан. ужыв. Наводшыбе непрыязна цямнеў лес, маўкліва і насцярожана глядзелі на .. [Лену] расчыненыя вокны хат, а здалёк даносіліся цяжкія ўздыхі возера. Ваданосаў.

•••

Да апошняга ўздыху — да самай смерці, да канца жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. што. Запіхваючы, усунуць куды‑н.; спехам або без разбору палажыць у што‑н. Віцька хуценька сунуў.. [шашку толу] у кішэню, за пазуху ўпхнуў скрутак шнура. Кухараў.

2. каго. Штурхнуўшы, прымусіць увайсці куды‑н. Дзверы адчыніліся са скрыпам, і паліцыянт.. упхнуў у пакой маладую жанчыну. Пестрак.

3. што. Прымусіць узяць, прыняць што‑н. Ніна адмаўлялася [ад гасцінца], але цётка сілаю ўпхнула здор у торбу. Арабей.

4. каго. Паставіць, накіраваць каго‑н. на якую‑н. работу, пасаду і пад. супраць волі. Не лёс, а Васілеўскі зараз упхнуў яго [бацьку] на гарбарню немца Гальдштэйна. Гарэцкі. // Уладкаваць каго‑н. куды‑н. па пратэкцыі. Не прайшоў [сын] у інстытут, На завочны ўпхнулі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; заг. дакаціся; зак.

1. Коцячыся, дасягнуць якога‑н. месца. Клубок дакаціўся да стала. Мяч дакаціўся да варот. □ Тралейбус .. дакаціўся да сцяны і стукнуўся ў яе. Арабей.

2. перан. Пашыраючыся, распаўсюдзіцца да якога‑н. месца (пра з’явы, пачуцці і пад.). Андрэй адчуў, як па спіне яго пабеглі мурашкі, холад скаваў цела і дакаціўся да сэрца. Чарнышэвіч. Хваля аблаў і пагромаў дакацілася да мястэчка. Брыль. // Данесціся, дайсці да слыху (пра гукі). Заставалася скласці апошні стог сена, як раптам аднекуль дакаціўся раскат грому. Сіняўскі. Зноў дакаціліся да Ігнася зыкі музыкі. Чорны.

3. перан. Разм. Апусціцца, дайсці да якога‑н. ганебнага стану. Уся гісторыя з Дывінцом выглядала падазронай і дзіўнай. Каб такі хлопец дакаціўся да п’янства і сварак! Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. што. Закрыць, зачыніць няпоўнасцю; замкнуць на некаторы час. Прымкнуць хату. □ Прымкнуўшы дзверы кухні з двара, Лабановіч борздзенька пабег да сябе на кватэру праз другі ход, што вёў у школу. Колас. Прымкні акно. У н[я]быт кануў вечар... Дзяргай.

2. Прысунуцца блізка, шчыльна да чаго‑н. Адну трубку [тэлефонную] барадой прыціскае лоўка; Прымкнуў вухам да другой, — Вось дык трэніроўка! Бялевіч.

3. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. [Паўленка] прымкнуў да атрада з групай байцоў. Шамякін. // перан. Стаць чыім‑н. прыхільнікам, паслядоўнікам, удзельнікам у якой‑н. справе. — Ва ўсёй Расіі рабочыя накопліваюць сілы, рыхтуюцца да рэвалюцыі. І вы разам з усімі рабочымі павінны прымкнуць да барацьбы. Арабей.

•••

Прымкнуць штык — надзеўшы, прымацаваць штык да вінтоўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; пр. падклаў, ‑клала; заг. падкладзі; зак., што і чаго.

1. Падсунуць, пакласці што‑н. пад каго‑, што‑н. Пісталет і планшэтку [камендант] падклаў пад падушку. Сабаленка. Людміла скінула з.. [дзеда] коўдру, падклала рукі яму пад плечы. Арабей. Трэба было, б вышэй падкласці пад галаву саломы, але .. [Любе] было цяжка паварушыцца. Чорны.

2. Дабавіць, дадаць. Падкласці кашы на талерку. □ Падклалі [хлопцы] у вогнішча таўсцейшага дрэва і пайшлі «на паляванне». Маўр. Мы падклалі голля, ярка ўспыхнуў агонь. Гурскі.

3. Пакласці тайком, неўзаметку, з якім‑н. намерам. Нездарма ж і батальённы камісар, які нядаўна прыйшоў у групу, і нават Саўчанка не-не ды неўпрыкмет падкладуць яму якую-небудзь брашурку або кніжку: чытай, Чыжык. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)