прасце́нак, ‑нка, м.

1. Частка сцяны паміж аконнымі ці дзвярнымі праёмамі. Міжвольна Камлюк глянуў на карту, што вісела на прасценку між акон. М. Ткачоў. — Глядзіце на гэты дом і мяркуйце: чаму ў яго прасцецкі паміж вокнамі такія маленькія? Даніленка. // Абл. Перагародка. [Паўлюк] рагатаў і рагатаў так гучна, што з-за дашчанага прасценка пачуўся стук. Хведаровіч.

2. Абл. Прамая дарожка, якая раздзяляе поле. Вырываючыся з вузкага прасценка, абапал якога высаджаны маладыя прысады, дарога зварочвае на шырокі выган. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пру́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Цвёрды, але гнуткі. Свежае, яшчэ пруткае ржышча пахла жытам. Лобан. Шамцяць жыты неяк ціха-звонка, так шамцяць хіба яшчэ толькі пругкія густыя чараты на рацэ. Мурашка. Пазвоньвае пруткімі голлямі клён. Бялевіч. // Спружыністы, лёгкі ў рухах. [Старавойтаў] сярэдняга росту, сухі, але яшчэ пруткі. Гурскі. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі. Гартны.

2. Жорсткі, каляны; цвёрды. Калошы былі мокрыя і пругкія, як бляха, і закасваць іх было няспрытна. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн.так; ж.

1. Памянш. да пліта (у 1 знач.). Падлога з керамічных плітак. // Невялікі плоскі чатырохвугольны кавалак чаго‑н. Плітка шакаладу.

2. Памянш. да пліта (у 2 знач.); невялікая пліта. Кватэра яе парадавала. Даволі прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: газавая плітка, беленькая ракавіна, бліскучы кран, павярнулі — палілася вада. Шамякін.

3. Электрычны награвальны прыбор для прыгатавання ежы. Святлана ўключыла плітку, паставіла грэць чай. Шахавец.

•••

Мятлахская плітка — керамічная плітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак., што.

1. Сапсаваць усё, многае. Уначы Жаўна з групай партызан свайго атрада прабраўся ў тыл ворага, перабіў батарэйцаў і папсаваў гарматы. Шамякін.

2. Прывесці ў няспраўны стан, зрабіць непрыгодным; пашкодзіць. У лесе Сагайдаку давялося ісці пеша: дарогу, нядаўна размытую дажджамі, папсаваў гусеніцамі трактар. Парахневіч. // Разм. Зрабіць дрэнным, непрыемным; пагоршыць у якой‑н. ступені. Таня таксама старалася рабіць усё так, каб гэтая размова не папсавала яе адносін з Верай і гаспадыняй. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спахапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.

1. Раптоўна ўспомніць пра што‑н.; раптам заўважыць памылку, недагляд і пад. [Карпенка] спахапіўся, што не паставіў па планцы прыцэл. Быкаў. Мікалай Яўсеевіч толькі цяпер спахапіўся, што нікога яшчэ не віншаваў з наступаючым Новым годам. Кавалёў. — Запражыце майго каня, — загадаў Мікалай Мікалаевіч, але спахапіўся і мякка паправіўся, — калі ласка. Грахоўскі.

2. Падхапіцца, схамянуцца. Алаіза так захапілася сваёй работай, што не звярнула ўвагі па грукат лесвіцы і спахапілася толькі тады, калі пастукалі ў дзверы. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаўбуне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Абл. Расці не ў караняплод, а ў стаўбун (у 5 знач.). // перан. Марнець, ведучы бясплоднае жыццё. Нарэшце Тоня адкінуў усе жарты ўбок і ціха выгаварыў пра свае намеры. [Насця:] — Як жа я пайду за цябе. — Ты ж цяпер ужо «Дойла». Хочаш, каб мяне дойліхаю дражнілі? [Тоня:] — Як быццам ты без мянушкі! Разяда! Цябе ж усе і завуць так з-за тваіх .. духоў, якімі ты ўсім некалі хвалілася. Стаўбуней сабе ў дзеўках, Разяда. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

субясе́днік, ‑а, м.

Той, хто бяседуе, вядзе гутарку з кім‑н. Кузьма быў надзвычай прыемным субяседнікам, умеў добра расказваць і шчыра смяяцца. Хведаровіч. А мо яго, Антона, таму і цягне ў Вуглы, што там перад ім заўжды ёсць смелы і шчыры субяседнік, якому няма чаго таіць ад яго... Савіцкі. [Анэля] ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супрацьва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Груз, які прымяняецца для ўраўнаважвання сілы інерцыі, цяжару. Супрацьвага лопасці. // У радыётэхніцы — зазямленне з дроту для знадворных антэн. [Радыст] хутка разгарнуў рацыю, закінуў на елку Антону, нацягнуў супрацьвагу і пачаў працаваць. Ваданосаў.

2. перан. Тое, што супрацьдзейнічае чаму‑н. або ўраўнаважвае што‑н. Пасля эстраднай музыкі з яе сучаснымі імпульсіўнымі рытмамі .., з яе характарам, што ўзбуджае .. нервы, так карысна .. у якасці эмацыянальнай і інтэлектуальнай супрацьвагі, апынуцца ў свеце бахаўскай музыкі. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́хкаць, ‑ае; незак.

Разм.

1. Стукаць. Тахкае і прарэзліва шуміць за Грынямі на рацэ калгасная лесапілка. Пташнікаў. / Пра часткі механізмаў, што працуюць. Непадалёк .. аднастайна тахкаў рухавічок перасовачнай электрастанцыі. Броўка. / Пра аўтаматычную зброю. Тахкае кулямёт.

2. Рытмічна пульсаваць, моцна біцца, стукаць (пра сэрца). Моцна-моцна тахкае .. сэрца, нібы хочучы вырвацца, паляцець з грудзей. Лынькоў. Сэрца ў .. [Цімоха] тахкала так моцна, што, мабыць, пачуў і .. [Сымон]. Навуменка. // безас. Пра пачуццё шуму, удараў (у галаве, вушах і пад.). Тахкае і баліць у галаве. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уня́цца, уймуся, уймешся, уймецца; уймёмся, уймяцеся; пр. уняўся, унялася, ‑лося; заг. уйміся; зак.

Разм.

1. Перастаць хвалявацца, плакаць, крычаць і пад.; суняцца, супакоіцца. Жаночы лямант крыху быў уняўся, але шчуплая смуглявая жанчына, матляючы ў паветры кулакамі, насядала на Юстына. Стаховіч. Лена апусцілася на мяккую капу, горка заплакала. Тлум адразу ўняўся. Ваданосаў.

2. Стаць больш слабым па сіле праяўлення; спыніцца, супакоіцца. Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй — спякотны жар уняўся. Быкаў. Бяскрайняя снежная роўнядзь! Завіруха ўнялася. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)