сапра́ўднасць, ‑і, ж.
1. Тое, што існуе на самай справе, у жыцці; рэальнае існаванне чаго‑н., рэальнасць. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. Усе нядаўнія падзеі ўсталі перад .. [Саўкам] у сваёй страшнай сапраўднасці. Колас. У апавяданнях Янкі Брыля ўпершыню знайшла шырэйшае эпічнае адлюстраванне заходнебеларуская сапраўднасць. Таўлай.
2. Уласцівасць сапраўднага (у 1 знач.). У старога пачалі ўжо з’яўляцца сумненні ў сапраўднасці запрашэння і вырастаць трывога за Таццяну і Любу. Шамякін. // Аўтэнтычнасць, праўдзівасць. [Лейтэнант] павёў ліхтарыкам, нібы лішні раз хацеў пераканацца ў сапраўднасці дакумента, змешчанай у ім фотакарткі. Лынькоў.
3. Сучаснасць. І гэта было ўсё, што нагадвала пра колішні Грабскі хутар, усё, што звязвала сапраўднасць з мінулым. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саро́ка, ‑і, ДМ ‑роцы, ж.
1. Птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем. Было ядрана і ціха, толькі недзе ў алешніку сакаталі сарокі — масціліся, мабыць, на ноч. Капыловіч. З вербалозаў пух цягала [чачотка], Не спускала вока, Каб гняздо не абакрала Хітрая сарока. Хведаровіч.
2. перан. Пра балбатлівага, шумнага чалавека. Валодзя нічога не ведаў і пачуў аб гэтым упершыню, але яму не хацелася паказваць, што ён даведаўся пра такую важную навіну пазней за дзяўчынак. І так гэтыя сарокі заўжды ва ўсім наперадзе. Шамякін.
•••
Сарока на хвасце прынесла (жарт., іран.) — пра навіну, весткі, атрыманыя невядома адкуль.
Сарока хвастом замяце — вельмі мала.
Як сарока на калу — круціцца, неспакойна сядзець на сваім месцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. каму. Прапаноўваць каго‑н. у мужы ці ў жонкі; клапаціцца аб чыім‑н. шлюбе. Сваталі яму маладзіц, паўвёскі было ўдоў, а выбраць па душы жонку Хведар не мог. Паўлаў. Колькі разоў ён [Юзік] прабаваў сватаць Баранка. Крапіва.
2. Прасіць згоды на шлюб з кім‑н. (у жанчыны або ў яе родных). У Палікараўку прыехалі яны сватаць малодшую дачку Храпавіцкага за стрэчнага Юлісева брата. Мурашка.
3. перан. Разм. Настойліва прапаноўваць каго‑, што‑н.; клапаціцца пра набыццё каго‑, чаго‑н. Загадчык, калі сватаў мяне ў гэтую школу, хваліўся, што ў Міланьках — вялікі лес, глыбокая рака. Далідовіч. — Дзякую... і такога рысака сватаеш ты свайму калгасу? — насмешліва перабіў яго [Чарнова] Міхал. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скон, ‑у, м.
Тое, што і скананне. Адна птушка страпянулася, пачала біцца, відаць, была недастрэленая, і паспрабавала ўзляцець перад скопам. Лужанін. Нечувана ж нідзе, каб праваслаўнага чалавека ў час яго скону спавядаў ксёндз. Сабаленка. // Апошні момант чаго‑н., што адбываецца ў часе. І вось ужо чэрвень на сконе, а адпачынку не відаць. Лобан. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба. Пташнікаў.
•••
Да (самага) скону (дзён, гадоў, жыцця) — да (самай) смерці, да апошніх дзён жыцця. Думалася Платону, што так ужо і будзе. Да самага скону. Ракітны. [Лаўрэн] да скону будзе несці .. [сваё каханне] чыстым і запаветным. Вітка. Стаў родным і будзе да скону гадоў мне І воблік яе [Вільні] незабыўны і колер. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
справядлі́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць справядлівага; правільнасць. Справядлівасць прыгавору. □ Дабрата і справядлівасць калгаснага брыгадзіра Лявона Архіпавіча былі ўсім добра вядомы. Якімовіч.
2. Пра аб’ектыўныя, справядлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. Трэба аддаць справядлівасць нашым хлопцам: паказалі яны сябе тут сапраўднымі героямі. Маўр. А іншыя даказвалі, што лепей разам .. і пажаць, і памалаціць, і па справядлівасці раздаць людзям. Марціновіч.
3. Адпаведнасць чалавечых адносін, дзеянняў патрабаванням маралі і права; чалавечыя адносіны, законы, звычаі, якія адпавядаюць маральным і прававым нормам. Разам з Янкам, Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам Змітрок Бядуля праўдзіва адлюстраваў жыццё народа, яго імкненне да справядлівасці. Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спя́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
1. Стан паніжанай жыццядзейнасці, які наступае ў некаторых млекакормячых у неспрыяльную для іх пару года. Упасці ў спячку. Летняя спячка. □ Нарэшце, дзеці рашылі пакінуць вожыка на тыя самым месцы, якое ён аблюбаваў сабе на час доўгай зімовай спячкі. Стаховіч. // Пра здранцвенне халаднакроўных жывёлін. Спячка жаб. / у перан. ужыв. Вось і аблогі. Шмат гадоў ляжалі яны некранутымі, парослыя хмызняком ды рэдкай сухой травой. Ні карысці, ні радасці не было ад іх людзям. Але сёлета прыйшоў канец іх спячцы. Так парашылі калгаснікі. Бяганская.
2. Разм. Неадольная санлівасць. // перан. Стан душэўнага здранцвення; бяздзейнасць, пасіўнасць. І толькі тады абудзіўся [Казімір] ад горкай спячкі, калі пачуў адну навіну, якую ўсе людзі ў аколіцы лічылі звычайнай. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто, ста, ліч. кольк.
1. Лік і лічба 100. Сто дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 100. Сто працэнтаў. Павялічыць у сто разоў. □ Узяў мужык сто рублёў, сеў у панскую карэту і паехаў. Якімовіч.
2. Разм. Ужываецца для вырашэння вялікай колькасці ў значэнні: шмат, вельмі многа. Пытае Цімох разоў сто І марна адказу чакае. Колас.
3. У спалучэнні слоў «шмат», «некалькі» і пад. з старой склонавай формай «сот» ужываецца як назоўнік са значэннем: сотня. Грошай было шмат сот тысяч. Чорны.
•••
На ўсе сто — поўнасцю, цалкам. [Лініч:] — А ты, Змітрок, хлопец на ўсе сто. Нават з прысыпачкаю. І на працу звер. Я таксама такі, але мяне распаліць трэба. Савіцкі.
У сто крат гл. крат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́гасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць строгага. Строгасць настаўніка. Строгасць закона. Строгасць ліній. □ І дабрата, і строгасць рыс, І косы, спушчаны ўніз, Што з плеч на грудзі віснуць зграбна, І стужка сіняя ядвабна, І твару ветлага абрыс. Колас.
2. Строгія адносіны да каго‑, чаго‑н., строгае абыходжанне з кім‑н. Сцёпка здрыгануўся, бо запытанне было для яго нечаканым, а ў голасе незнаёмага чалавека .. чулася начальніцкая строгасць. Колас. // Строгі выраз (у позірку і пад.). І не тая яна: гэтая строгасць у позірку [Доні], гэтая беглая стоеная ўсмешка на пахудзелым твары — усё незнаёмае, чужое. Вышынскі.
3. толькі мн. (стро́гасці, ‑ей). Разм. Строгія парадкі, строгія меры. Паліцэйскія строгасці супроць ліберальнага друку ўзмацняюцца не днямі, а гадзінамі. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супярэ́чнасць, ‑і, ж.
1. Становішча, пры якім адно (выказванне, думка, учынак) выключае іншае, не сумяшчальнае, не ўзгодненае з ім. Прагараваўшы ўсю ноч у роздумах і душэўных супярэчнасцях, хлопец заснуў толькі пад раніцу і прачнуўся позна. Кулакоўскі. Усё, чым .. [Васіль] жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Мележ. // Неадпаведнасць, няўзгодненасць. [Паддубны] разважае аб тым, што супярэчнасць паміж розумам і пачуццямі трэба вырашаць шляхам свядомага іх спалучэння. Хромчанка.
2. звычайна мн. (супярэ́чнасці, ‑ей). У філасофіі — адносіны процілегласцей, уласцівых прадметам і з’явам прыроды і грамадства. Класавыя супярэчнасці. Унутраныя супярэчнасці. □ Першая сусветная вайна вельмі абвастрыла і выявіла найглыбейшыя супярэчнасці капіталістычнай сістэмы. «Звязда».
3. Выказванне або ўчынак, накіраваныя супраць каго‑, чаго‑н.; супярэчанне, пярэчанне. Нарэшце ў ім [Максіме] ўзяло верх простае пачуццё супярэчнасці. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцяг, ‑а; мн. сцягі, ‑оў; м.
1. Умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы і афарбоўкі з надпісамі, упрыгожаннямі і пад., якое служыць эмблемай дзяржавы, арганізацыі ці вайсковай часці, злучэння, карабля. Калоны за калонамі Пад сцягамі чырвонымі Ідуць, як хвалі рэк. Колас. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго! Нібы з іскры гарачай, з таго сцяга — Прабітага — па ўсіх зямных абсягах Забушавала полымя сцягоў. Панчанка.
2. перан.; чаго. Ідэя, якая служыць асновай адзінства дзеянняў якой‑н. групы, арганізацыі; светапогляд, праграма. Пад сцягам міру. Пад сцягам свабоды. □ Хай сцягам служыць слава. Дзяліць паміж сабой Яе не маюць права Ні бог і ні герой! Непачаловіч.
•••
Падняць (узняць) сцяг гл. падняць.
Трымаць высока сцяг гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)