ме́ркнуць, ну, ‑неш, ‑не; пр. меркнуў, ‑нула і мерк, ‑ла; незак.

1. Траціць паступова яснасць; цямнець. У прагаліне паміж дрэў відно было неба. Яно меркла і з кожнай секундай здавалася глыбейшым. Чорны. Водбліскі ад агню то ўспыхвалі, то раптам мерклі, знікалі, праглынутыя цемрай ночы. Лынькоў.

2. перан. Траціць сілу, значэнне; слабець. Мінаюць гады, а веліч нашай рэвалюцыі не меркне. «ЛіМ». У яго [Стафанковіча] душы меркла і траціла сэнс усё іншае, што жыло ў людзях і не належала да тых спраў, якія поўнілі ўсю яго істоту. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́снуць, ну, ‑неш, ‑не; пр. пагас, ‑ла і пагаснуў, ‑нула; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць, свяціцца; затухнуць. Ліхтар пагас. Пагасла святло. □ Выгарала датла і пагасла вогнішча. Бажко. // Перастаць адлюстроўваць, адбіваць. Сонца схавалася за ўзгоркам, пагаслі шыбы. Шамякін.

2. перан. Страціць бляск, жвавасць (пра вочы, позірк і пад.). Позірк пагас. □ «Грозныя» аганькі ў Маніных вачах пагаслі. Пестрак. // Страціць настрой, стаць абыякавым. Вейкі ў Лёдзі ўздрыгнулі, і яна быццам пагасла. Карпаў.

3. перан. Знікнуць; аслабець. Не, не пагасне ніколі — Ленінскай праўды святло. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паднаці́снуць, ну, ‑неш, ‑не; зак., на каго-што.

Разм.

1. Націснуць мацней. Паднаціснуць на дзверы. □ — Паднаціснем, таварыш Андрэй, — час ад часу пагукваў Сава, і яго вялікія каравыя рукі сціскалі мокры кол, а твар чырванеў ад натугі. Пестрак.

2. перан. Прымусіць да якога‑н. дзеяння. [Бандарэнка:] — Бывала, трэба нам план выціснуць, сабяром сход, пагаворым, паднаціснем — і гатоў план. Асіпенка.

3. перан. Узяцца за якую‑н. работу з большым стараннем. — Выходзіць, побач з намі працуе брыгада камуністычнай працы, — кажа Юрка. — Трэба нам паднаціснуць, каб не адстаць. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсле́дны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паддопытны. Падследны насцярожана павярнуў галаву да сведкі. Шамякін. Абое падследных былі затрыманы непасрэдна на месцы замаху і зробленага не адмаўляюць. Мехаў.

падсле́дны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад следствам, паддопытны. Падследныя хуліганы. / у знач. наз. падсле́дны, ‑ага, м.; падсле́дная, ‑ай, ж. Напрактыкаваныя дэфензіўшчыкі адразу адчулі, што падследны страціў прытомнасць. Машара. А госць, што ўцёк, ты кажаш, Дык той — ні даць ні ўзяць — А быў упаўнаважан З мяне дазнанне зняць. Ну, ясна ж, ён з падследным За стол не мог сядаць. Зуёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустапа́сам, прысл.

Разм.

1. Без пастуха. Каровы ходзяць пустапасам.

2. Без дагляду, без нагляду; сам (сама) па сабе (пра дзяцей). — У вайну загінулі абое [бацькі], дык пры цётцы і гадуецца. А ў той сваіх пяцёра... Вось і паспрабуй за ўсімі прыгледзець. Ну і жыве, небарака, пустапасам. Ляўданскі. // Без сям’і, халасцяком. — Ды не цягаліся б вы гэтак доўга пустапасам, — гудзеў за сцяною дзед. — Знайшоў адзін з другім добрую дзеўку і жаніся, чаго ж... Брыль.

3. Без справы, без занятку. Пустапасам труцень жыў, Неяк з пчоламі здружыў... Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, аб чым, пра каго, што, з дадан. сказам і без дап.

Вусна апісаць, паведаміць пра якія‑н. падзеі (што‑н. бачанае, чутае і пад.). [Дзед Талаш] раскажа камандзіру і пра свой план нападу — гэты план смелы і просты і страты ў людзях не будзе. Колас. [Настаўніца:] — Ну, раскажы мне, Данік, як ты цяпер вучышся? За што двойку атрымаў? Брыль. // Пераказаць прачытанае або пачутае. Расказаць казку. □ [Андрушка:] — А хочаш — я табе кніжку раскажу? Вох, цікавая! Лобан. // Разм. Прачытаць напамяць. Расказаць верш. Расказаць урывак з аповесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм.

1. Падняць моцны крык. А калі вечарам прыйдуць з работы сын з нявесткай, дык дзеці часамі і раскрычацца, то да маткі, то да бацькі прыстаюць. Колас. — Дзядуля, а чаго .. так раскрычаліся? — спытаў Андрэйка. Ляўданскі.

2. на каго. Пачаць гаварыць павышаным тонам; накінуцца на каго‑н. з крыкам. Ну, ты, таго, не крыўдуй, што я раскрычаўся так. Галавач. Бацькі нашага тады яшчэ дома не было, ён быў у палоне .., і маці наша раскрычалася на Радчукоў, абзывала іх усякімі брыдкімі словамі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раць, ‑і, ж.

Уст., паэт.

1. Войска, ваенны атрад. За справу святую свабоды і чэсці Ідзе незлічоная, дужая раць. Броўка. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці, Свабоду, мір, як іх ганцы, Прыносяць кожнай хаце. Колас. // перан.; каго-чаго ці якая. Разм. Пра вялікі натоўп, пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Пра што .. [Кастусь] напісаў бы? Ну, вядома, пра лясных жаваранкаў.. Пра Нёман і квяцістыя лугі, калі на іх выходзіць раць дужых касцоў. С. Александровіч. Жанчыны пятай брыгады, убачыўшы гэтую раць [калгасніц], ад здзіўлення анямелі. Дуброўскі.

2. Бітва, вайна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сві́снуць, ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да свістаць.

2. каго, каму. Разм. Моцна, з размаху сцебануць, стукнуць. Аж самой балюча станавілася, і дзіця прыціскалася да плота, баючыся, каб каторы [паліцыянт] не пад’ехаў ды не свіснуў па галаве і яе [Ліпачку]. Сабаленка. Іван падняў даўбешку ды як свіснуў чорту ў лоб. Якімовіч.

3. каго-што. Разм. Украсці. Свіснулі гадзіннік. □ [Кудравец:] Табе добрае плацце справім. Грошы знойдуцца. Бачыш? (Паказвае Ніне ашчадную кніжку). Я не хачу тут (паказвае на тумбачку) трымаць, а то яшчэ свіснуць. Кучар.

•••

Калі рак свісне гл. рак ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сентымента́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сентыменталізму (у 1 знач.). Сентыментальны раман. □ У «Мёртвых душах» парадзіруецца таксама карамзінскі сентыментальны стыль. «Полымя».

2. Залішне чуллівы, пяшчотны, здольны лёгка расчуліцца. Сентыментальны чалавек. □ Няшчасце з Лёдзяй зрабіла Міхала трохі сентыментальным. Карпаў. // Уласцівы залішне чулліваму чалавеку. [Максім:] — Ну і дурань жа ты, Андрэй. Адкуль у цябе такая сентыментальная схільнасць да самабічавання. Машара. Мяккае сутонне і густая пахучая цеплыня парку неяк абязвольвалі Веру, скіроўвалі думкі на сентыментальны лад. Асіпенка. // Прасякнуты залішняй чуллівасцю; прытарна-саладжавы. Сентыментальная гісторыя. Сентыментальная сцэна.

[Фр. sentimental.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)