адкро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што, чаго.

Адрэзаць ад цэлага ці вялікага кавалка (часцей пра хлеб). А гаспадыня, увесь час шчабечучы, проста не даючы гасцях уставіць і паўслова, як ні спяшалася, а паспела толькі адкроіць ад доўгай белай булкі дзве і яшчэ дзве лустачкі. Брыль. // перан. Сказаць што‑н. рэзкае, грубае. І тут жа сказ адкроіў мудры На гэты конт Лямец Аўген. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адукава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адукаваць.

2. у знач. прым. Які атрымаў шырокую адукацыю, мае рознабаковыя веды. [Янка] вучыўся ў беларускай гімназіі, і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам. Брыль. // Інтэлігентны, культурны, выхаваны. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

багама́з, ‑а, м.

Разм. уст. Іканапісец. Куча народу. У сярэдзіне важна сядзіць багамаз, разлажыўшы сваіх багоў. Колас. // Разм. іран. Пра мастака. Партрэт славутага рускага паэта дзядзька Антось купіў у Нясвіжы гэтай восенню ў нейкага багамаза. С. Александровіч. // Разм. жарт. Пра мурзатага, запэцканага чалавека. [Аляксей:] Ды не, Коля, ну куды я такім багамазам прыпёрся? Проста з цэха, не мыты, не рыты! Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзот, ‑а, М дзоце, м.

Земляное ўмацаванне, прызначанае для вядзення кулямётнага і артылерыйскага агню і для абароны ад куль, снарадаў, мін, авіябомб. На тым баку, каля Навасёлак, былі пабудаваны дзоты, дзе сядзелі кулямётчыкі, тут жа, проста на дарозе, ствалом у лес стаяла гармата. Шчарбатаў. Дзень і ноч білі цяжкія гарматы па дзотах і бетаніраваных умацаваннях, трушчачы бетон і камень. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дражні́цца, дражнюся, дражнішся, дражніцца; зак., з кім і без дап.

1. Тое, што і дражніць (у 1 знач.). Здаецца ж, і не хуліганы якія, гэтыя хлопцы, каб з сабакамі дражніцца... Якімовіч. [Рыгор:] Чаго ты мучыш мяне?! Не любіш, дык не дражніся, скажы проста. Крапіва.

2. Дражніць адзін аднаго. — Калючка ты. Задзіра! Вось што! — сыпала Валя ўсе тыя словы, якімі яны дражніліся ў маленстве. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марко́тна,

1. Прысл. да маркотны. Вакол, ападаючы, шамацела лісце, угары маркотна, цягуча шумеў густы вецер. Мележ.

2. безас. у знач. вык. Аб пачуцці суму, маркоты. [Аляўціна Пятроўна:] — Мо табе, Макарка, што баліць? — Не, нічога не баліць, проста так маркотна, — адказаў я як мага спакайней. Сабаленка. Мне было крыху маркотна, напэўна, таму, што са старонак кнігі паўставала даволі сумная гісторыя таленавітага чалавека. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

Упасці, зваліцца. Паваліцца на падлогу. Паваліцца на зямлю. □ — Эх, — уздыхнуў Лабановіч, — каб ведаў, дзе павалішся, там саломкі падаслаў бы... Колас. Заблытаўшыся ў густых сцяблінках, Насця павалілася. Сіняўскі. // Легчы, упасці ў знямозе на што‑н. ад стомленасці, слабасці і пад. Партызаны наваліліся спаць проста на зямлю, дзе хто стаяў. Асіпенка. [Юры] падышоў да канапы і, стомлены, паваліўся на яе. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажы́так, ‑тку, м.

1. гл. пажыткі.

2. Здабыча, пажыва. [Адам:] — Сюды, проста на кашару, і перліся, нячысцікі. Мабыць, [ваўкі] нюхам вынюхалі, што тут пажытак добры. Сабаленка. // толькі адз.; перан. Тое, што дае матэрыял для думак, размоў і пад. Пажытак для роздуму. □ Стылізаваныя пад фальклор вершы Чачота былі спробай даць селяніну духоўны пажытак, блізкі і зразумелы яму, навучыць яго жыць лепш, багацей. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пал, ‑у, м.

1. Разм. Тое, што і запал ​1 (у 2 знач.). Пытанне, кінутае ў натоўп так проста і неспадзявана, ахаладзіла пал сялянскай злосці. Колас. Крэмез.. з палам даводзіў Размысловічу: — Укладзёмся да трыццатага. От пабачыш! Шынклер.

2. Абл. Павышаная тэмпература цела пры хваробе; гарачка. Сцягнуўшы з печы .. старую, вынашаную сівую суконную жакетку, [маці] ускінула на ногі [Тані]. — Гарыць агнём... Пал у дзяўчыны. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Непераадольны жах і разгубленасць, якія авалодалі чалавекам або мноствам людзей. Трапляліся асобныя людзі, якія страцілі ад страху ўсякі розум, якія кідаліся ў паніцы проста ў зубы ворагу. Лынькоў. // Перапалох, сумятня, выкліканыя гэтым жахам. У сяле трашчалі выстралы і матацыклы, мітусіліся, бегаючы ўзад і ўперад, салдаты і паліцаі.. Паніка ў варожым стане была ў поўным разгары. Якімовіч.

[Ад грэч. panikos — раптоўны, моцны — пра страх, да якога, паводле міфічных паданняў, даводзіў людзей бог Пан.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)