нама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Абмацваючы, адчуць наяўнасць чаго‑н. Намацаць запалкі ў кішэні. Намацаць цвёрдую глебу пад нагамі. Намацаць пульс. □ Грыбок ўпоцемку намацаў конаўку, зачарпнуў вады. Мележ. У вушах у Мішкі ўсё звінела, рукі калаціліся і ніяк не маглі намацаць аўтамата. Паслядовіч. Кладкі аселі на балотнае дно, зараслі мохам, і цяпер не ўсякі ўмее намацаць іх пад вадой. Галавач.
2. перан. Знайсці, адшукаць у выніку пошукаў. На самым краі лесу фары намацалі воз скіданага абы-як бераваку. Лобан. Штаб вырашыў намацаць.. найбольш слабае месца ў варожым кальцы. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм.
1. Прыняць які‑н. выгляд з мэтай падману; прытварыцца. Прыкінуцца хворым. □ [Андрэй] узяў сябе ў рукі, хоць і адчуваў, што прыкінуцца раўнадушным яму вельмі цяжка. Чарнышэвіч. Сашы не хацелася парушаць сваіх думак, і яна прыкінулася, што спіць. Шамякін.
2. Раптоўна наступіць, прыстаць (пра хваробу). Болька прыкінулася. □ Праз невялікі час рана адкрылася і хвароба прыкінулася. Чорны. Калі захварэў Сярожа на двухбаковае запаленне лёгкіх, а пасля хваробы да кволага хлапчука прыкінулася і яшчэ адна немач, малакроўе, Раіса вымушана была знайсці Дзяніса, прызнацца, што сына трэба ратаваць. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кале́цтва, ‑а, н.
1. Пашкоджанне арганізма, якое робіць цяжкім або немагчымым яго нармальнае функцыяніраванне. [Арлоўскі] радаваўся, што, не зважаючы на цяжкае калецтва, ён яшчэ патрэбен людзям. Паслядовіч. Нават каб і мог ён [Зыгмунт] дзе-небудзь знайсці работу, дык не можа з-за свайго калецтва стаць на яе. Чорны. // Псіхічны стан арганізма з такім пашкоджаннем. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькі чалавека, выратуе дзіцячую душу ад псіхалагічнага калецтва. Чорны.
2. Калечанне, знявечанне. Пасля калецтва прыкра было бачыць князю кухара з заткнутым вухам, і ён ніколі ўжо не гукаў яго на параду аб стравах. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запрато́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Пакласці, падзець невядома куды. — У вас, гаспадыні, заўсёды так: як дзе што запраторыце, дык са свечкай не знойдзеш. Сабаленка. // Схаваць, прыбраць куды‑н. так, каб цяжка было знайсці. — Пашанцавала мне тады ў аднаго чалавека выменяць на сала аж чатыры пуды солі. Схаваў я яе, як сцямнела, — два пуды ў дровах, а два пад сена запраторыў. Паслядовіч. // перан. Заслаць, выслаць, пасадзіць куды‑н., адкуль цяжка выбрацца. Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зачэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. зачэпліваць — зачапіць (у 1 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. зачэплівацца — зачапіцца (у 1, 3 знач.).
2. Р мн. ‑пак. Разм. Прыстасаванне, якім што‑н. зачэпліваюць, якое што‑н. трымае; кручок.
3. перан.; Р мн. ‑пак. Разм. Прычына, падстава. І як ні стараўся Пракоп знайсці тут якую-небудзь нядбайнасць, упушчэнне, каб да чаго-небудзь прыдрацца, зачэпкі для .. прыдзіркі ён не знаходзіў. Колас. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. [Гарлахвацкі:] Можа ў вашай біяграфіі ёсць якая-небудзь зачэпка.., якая магла паслужыць повадам для плётак. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́вудзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Злавіць на вуду, спінінг. За гадзіны дзве я ўсё ж вывудзіў з пяток акуньчыкаў. Якімовіч.
2. перан. Разм. Выведаць, здабыць што‑н. хітрыкамі, падманам. І бачачы, што ад старога больш нічога карыснага не вывуджу, я развітаўся і пайшоў дахаты. Карпюк.
3. Раздабыць, знайсці сярод многіх, многага. А справа тут стаіць зусім проста, і ў гэтым сэнсе ёсць толькі адна мерка, якая падыдзе да кожнага: жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размясці́ць, ‑мяшчу, ‑месціш, ‑месціць; зак., каго-што.
1. Расставіць або разлажыць па месцах, у пэўным парадку. Сабраўся Калістрат галіцца, На століку прылады размясціў І — на табе! — люстэрачка ўпусціў. Корбан. Слава гаспадаром хадзіў па пакоі, прымяраючы, як лепш, размясціць экспанаты. Жычка. // Знайсці, даць кожнаму месца. Калгасны статак, які налічваў не больш двух дзесяткаў кароў і цялят, можна было размясціць і па хлявах калгаснікаў... Васілевіч. У вёску іх прапусцілі толькі хвілін праз сорак. Вусаты старшына размясціў партызан у дзвюх крайніх хатах. Асіпенка.
2. Размеркаваць паміж многімі (асобамі, арганізацыямі). Размясціць заём.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слуха́ч, ‑а, м.
1. Той, хто слухае каго‑, што‑н. Халімону сусед патрэбен быў, каб мець слухача. Галавач. А калі пачалі выступаць салігорцы, нельга было знайсці такога слухача, які б не захапляўся. Кулакоўскі. Толькі грыбы засядаюць маўкліва — Песням патрэбны свае слухачы. Агняцвет.
2. Навучэнец некаторых навучальных устаноў. Слухач ваеннай акадэміі. Слухач палітасветных курсаў. □ — Гэта слухачы інстытута ўдасканалення ўрачоў, — сказаў хтосьці. Мяжэвіч.
3. Спец. Работнік радыёсувязі, які прымае на слых сігналы, што перадаюцца па радыё.
•••
Вольны слухач (уст.) — асоба, якая дапушчана да заняткаў і экзаменаў у вышэйшай навучальнай установе без залічэння студэнтам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уту́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўтульнасцю, упарадкаванасцю; такі, у якім прыемна знаходзіцца, жыць. Паваротны акінуў вачыма ўтульны пакой з круглым сталом пасярэдзіне, .. піяніна і карцінамі на сценах. Гурскі. Домік быў невялікі, але чысты, утульны, акружаны гародам і садзікам. Машара. Пасля ўтульнай і цёплай машыны надвор’е здавалася асабліва золкім і непрыветным. Савіцкі. // Выгодны, зручны. У вялікім утульным крэсле драмаў вартаўнік. Грахоўскі.
2. Зацішны, укрыты ад каго‑, чаго‑н. Вера. Алексіч доўга хадзіла па адхоннаму берагу Віцьбы, шукала ўтульнае месца. Асіпенка. Дробных [галаўнёў] лёгка знайсці ў ціхіх утульных завадзях, асабліва ў вусцях ручаёў і рэчак. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шна́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Разм. Шукаць навобмацак. Той [чалавек] ужо сам шнарыў рукою па комінку. Чорны. У вузкім пакойчыку на другім паверсе гаспадар падаў госцю крэсла, а сам зняў пінжак, павесіў яго ў шафу і пачаў заклапочана шнарыць у тумбачцы. Брыль. // Заходзіць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы каго‑, што‑н. Немцы шнарылі па лесе, шукалі партызан у вёсках, а знайсці не маглі. Васілеўская. [Казуля] амаль не адыходзілася ад Алёшкі, бегала за ім па хаце, а калі часамі заставалася адна, то шнарыла па ўсіх закутках, шукала свайго апекуна. Ляўданскі.
•••
Шнарыць вачамі — пільна ўглядацца; шукаць позіркам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)