бамбардзі́р, ‑а, м.

1. У рускай дарэвалюцыйнай арміі — салдацкі чын у артылерыйскіх часцях.

2. Жук сямейства жужаляў, які пры самаабароне мае здольнасць выкідваць з свайго цела едкую вадкасць.

3. Разм. Ігрок, які часта забівае галы (у футболе, хакеі і пад.).

[Ням. Bombardier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апруцяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Застыць, скарчанець (пра труп, часткі мёртвага цела). [Ракуцька:] — Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулі яго [немца] ногі і апруцянелі навек. Чорны.

2. Страціць адчувальнасць; анямець, адубець. Цела проста апруцянела і страціла здольнасць што-небудзь успрымаць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уме́нне, ‑я, н.

Здольнасць рабіць што‑н., набытая ведамі, вопытам; спрыт. Уся справа ў людзях, у кадрах, ва ўменні арганізаваць масы на барацьбу за высокі ўраджай. Машэраў. Булая папракалі, але злёгку, а больш хвалілі. За смеласць, за ўменне разгледзець новае. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Пахапі́ць, похопі́ць ’уздумаць, зразумець’ (ТС), чэш. pochopit, славац. pochopiť ’зразумець’, а яшчэ ў ст.-чэш. pochopiti першаснае значэнне ’схапіць’, — усе з прэфікса po‑ і chop‑, які перадае паняцце хуткага руху (параўн. ст.-польск. pochopny ’хуткі’, pochopiać ’схопліваць, пахапа́ць’, pochop ’цяга’, ’імпульс’, ’здольнасць, паняцце, зразуменне’), аналагічны з kap‑ у лац. capiō ’бяру’, літ. kàpt! ’раптоўна схапіць’ (Махэк₂, 203). Сюды ж паха́пны, похапны́ ’хуткі, руплівы ў працы’ (Нас., ТС), свісл. ’ёмкі для работы’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. таксама хапа́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

слупяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Траціць здольнасць рухацца; заміраць, нямець ад моцнага ўзрушэння, хвалявання і пад. Усе адразу слупянеюць — у руках хлопчыка чалавечы чэрап. Асіпенка. — Рукі ўгору! — камандуе Сяргей і, выхапіўшы з кішэні новенькі наган, цэліцца ў акно. Хлопцы слупянеюць. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цярпе́нне, ‑я, н.

1. Здольнасць цярпець (у 1 знач.), стойка пераносіць жыццёвыя нягоды, нястачу. Жыццё без цемры і цярпення, А ў ясным сонцы, як у байцы, Для ўсіх вякоў і пакаленняў Збудуеш, дыктатура працы. Купала. Жыла .. [Агрыпіна] ціха, нібы адпачываючы ад вялікай цяжкай дарогі, поўнай цярпення і ўсякіх зняваг. Пестрак.

2. Здольнасць доўгі час займацца чым‑н. адным; уменне захоўваць вытрымку, самавалоданне ў чаканні патрэбных вынікаў. Вывесці з цярпення. □ Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды. Колас. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.

•••

Цярпенне лопнула — вытрымка скончылася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дар, ‑у; мн. дары; м.

1. Тое, што даецца ва ўласнасць дарма; падарунак. А гэта скрыня — дар ад мужа, Як быў яшчэ ён жаніхом. Колас. // часцей мн. (дары́, ‑оў). Ахвяраванні. Не памыліўся поп, — прыход У храм быў паўнаводны; На багамолле плыў народ, Вязлі дары падводы. Жычка.

2. Плён працы, якой‑н. дзейнасці; тое, што дае прырода. Дары лесу. □ Кажуць, ураджай — дар зямлі. На самай справе, гэта дар людской працы. Гроднеў. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.

3. Здольнасць, талент. Дар музыканта. Паэтычны дар. □ Гэта быў мужчына гадоў за трыццаць, адукаваны, вопытны арганізатар з прыродным дарам красамоўства. Машара.

•••

Божы дар (уст.) — усё, што даецца ад прыроды.

Дар данайцаў — каварная паслуга з мэтай прычыніць зло, загубіць.

Дар за дар — паслуга за паслугу. — Вось што, браце Даніла, — сказаў.. [Мікола], — Дар за дар, а дарма нічога. Я цябе выручыў, і ты мяне выруч. Брыль.

Дар слова — а) здольнасць гаварыць; б) здольнасць гаварыць свабодна, прыгожа, вобразна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разреша́ющий

1. прич. які́ (што) дазваля́е; які́ (што) выраша́е; які́ (што) перамага́е; см. разреша́ть;

2. прил. дазваля́льны; выраша́льны; см. разреша́ть 1, 2;

3. / разреша́ющая спосо́бность микроско́па адро́знівальная (распазнава́льная) здо́льнасць мікраско́па.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

інтэле́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Розум, здольнасць чалавека мысліць, разважаць. Тонкі інтэлект. □ [Чалавек], які ўдасканальвае свой інтэлект, імкнецца самага добрага, светлага.. — ён, сапраўды самы прыгожы. Дубоўка. // Узровень разумовага развіцця. Чалавек вялікага жыццёвага вопыту і багатага інтэлекту. Адам Юр’евіч вельмі сур’ёзна ставіўся да выхавання дзяцей. Майхровіч.

[Лац. intellectus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сістэматызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Прывесці (прыводзяць) у сістэму (у 1, 2, знач.). Трэба дакументы сістэматызаваць, нарабіць ім рэестры, каб было добра відаць, што, адкуль і куды ідзе. Скрыган. [Вольга:] — Лёня мне кажа: у цябе, маўляў, ёсць здольнасць сістэматызаваць і аналізаваць факты. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)