лагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да логікі (у 1 знач.). Лагічныя катэгорыі. Лагічны метад.

2. Заснаваны на законах логікі; які адпавядае законам логікі. Лагічнае мышленне. □ Было нешта падобнае на праўду ў падасланым лісце. Аб гэтым гаварылі лагічныя довады, з якімі нельга было не пагадзіцца. Лынькоў. // Выяўлены, устаноўлены з дапамогай законаў логікі. Лагічная памылка.

3. Абумоўлены самім характарам, унутранай заканамернасцю чаго‑н.; непазбежны, заканамерны. Само сабою, як лагічны вынік, як завяршэнне ўсіх думак і разважанняў, узнікла адно простае і шчырае пытанне. Кулакоўскі.

4. Паслядоўны, разумны. Быць лагічным. Лагічны ўчынак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаспада́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гаспадаркі (у 2 знач.), да эканомікі, вытворчай дзейнасці. Гаспадарчыя поспехі. Гаспадарчыя задачы. Гаспадарчае будаўніцтва. // Які вядзе гаспадарку якога‑н. прадпрыемства, установы і пад. Гаспадарчыя арганізацыі. Гаспадарчае ўпраўленне. Гаспадарчы узвод.

2. Звязаны з вядзеннем гаспадаркі (у 3, 4 знач.). Гаспадарчыя клопаты. // Які належыць да прылад дамашняй гаспадаркі, неабходны для яе вядзення. Гаспадарцы інвентар. Гаспадарчы магазін. Гаспадарчае мыла.

3. Заснаваны на правільным вядзенні гаспадаркі; даходны, рацыянальны. Гаспадарчы падыход да выкарыстання зямлі.

4. Уласцівы гаспадару (у 2 знач.); уважлівы, клапатлівы. Гаспадарчае вока.

•••

Гаспадарчы разлік гл. разлік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гераі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны на подзвіг, на геройства, які праявіў геройства. Гераічны народ. Гераічная армія. □ Гераічнаю дзяржавай Стала Беларусь мая! Астрэйка.

2. Заснаваны на геройстве, звязаны з праяўленнем геройства. Гераічны ўчынак. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. // Багаты на подзвігі, геройскія ўчынкі. Гераічны час. // Які змяшчае ў сабе расказ пра подзвігі герояў. Гераічная аповесць. / у знач. наз. гераі́чнае, ‑ага, н. Гераічнае разумеецца як форма праяўлення заканамернасцей грамадскага жыцця. У. Калеснік.

3. Крайні, які патрабуе надзвычайнае напружання. Гераічныя намаганні. Гераічныя меры.

4. Які мае адносіны да герояў старажытнасці, расказвае пра іх подзвігі. Гераічны эпас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе ў рэчаіснасці; не ўяўны. Рэальны прадмет. Рэальны факт. □ Адлюстраванне лодкі ў возеры нічым не адрознівалася ад рэальнай лодкі на паверхні. В. Вольскі. // Сапраўдны, яўны. «Грамада» з кожным днём расла і набірала сілы, станавілася рэальнай пагрозай для акупацыйных планаў урада на «крэсах усходніх». Машара.

2. Заснаваны на разуменні і ўліку наяўных умоў, абставін. Рэальны погляд на жыццё. Рэальная ацэнка абставін.

3. Які можа быць ажыццёўлены, здзейснены. Рэальныя планы. Рэальны тэрмін.

4. Уст. Тое, што і рэалістычны (у 2 знач.).

•••

Рэальнае вучылішча гл. вучылішча.

Рэальная заработная плата гл. плата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сістэматы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтварае пэўную сістэму; пабудаваны паводле пэўнага плана. Сістэматычнае апісанне. Сістэматычны каталог. // Які заснаваны на пэўнай сістэме; строга паслядоўны, планамерны. Сістэматычныя заняткі па замежнай мове. □ Выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, [Купала] змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.

2. Пастаянны, рэгулярны. Сістэматычнае павышэнне жыццёвага ўзроўню працоўных. Сістэматычнае наведванне заняткаў па фізкультуры. □ Аднак, калі трохі абціхла шуміха вакол гэтай справы, Таня і Вера наладзілі сістэматычную перапіску з Надзяй. Машара.

3. Які мае адносіны да сістэматыкі (у 2 знач.). Від — гэта ніжэйшая сістэматычная адзінка сучаснай класіфікацыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

традыцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца традыцыяй (у 1 знач.); заснаваны на традыцыі і замацаваны ёю. Традыцыйны звычай. □ Аўтары іншых помнікаў хоць і прытрымліваліся традыцыйнага правапісу, але былі менш адукаванымі і таму дапускалі пад уплывам жывога вымаўлення больш памылак. Булыка. // Які праходзіць, адбываецца па традыцыі. Традыцыйны крос. Традыцыйны кірмаш. □ Як бы там ні было, а кожны дзень, ідучы вячэраць у сталоўку, хлопцы з традыцыйным маршам неслі чарговае крэсла і ставілі каля стала. Нядзведскі. // Прыняты па традыцыі; звычайны. Традыцыйны касцюм. □ Абуты [партызаны] былі хто ў боты,.. а хто ў традыцыйныя палескія лапці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мудры1 ’вельмі разумны, празорлівы’, ’заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні’, ’складаны, мудрагелісты, хітры’ (ТСБМ, ТС, Яруш.; гродз., КЭС), му́дзер ’хітры’, ’здагадлівы’ (Нас.), ст.-бел. му́дрый. Укр. му́дрий, рус. му́дрый, мудр, ст.-рус. мудръ; польск. mądry, н.-, в.-луж. mudry, чэш. moudrý, славац. múdry, славен. móder, серб.-харв. му́дар, макед. мадар, мудар, балг. мъ́дър, ст.-слав. мѫдръ. Прасл. mǫdrъ, роднаснае да літ. mandrùs, mañdras (mundrùs, muñdras) ’свежы, бадзёры, горды, фанабэрысты, лат. muôdrs ’бадзёры, жывы’, muôst ’разумець, сцерагчыся’, ст.-в.-ням. muntar ’лоўкі, бадзёры, дбайны, руплівы’, гоц. mundrei ’мэта’, ст.-ісл. munda ’меціць’, алб. mund ’перамагаю, магу’, ст.-інд. mēdhā́ ’мудрасць’, авест. mązdra‑ ’мудры’. Да і.-е. *men‑ (Шпехт, KZ, 63, 92; Бенвеніст, Индоевр., 220; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 73; Фасмер, 2, 670; Бязлай, 2, 191). Складана ў Махэка₂ (376): ǫ ён тлумачыць з ‑un‑. Аткупшчыкоў (Из истории, 152) адзначае поўнае фанетычнае, словаўтваральнае і семантычнае супадзенне для балт. і слав. слоў з суфіксам *‑d‑. Лурыя (SsiCL, 1960, 11, 553–560) збліжае словы mǫdrъ і mǫdo. Аб семантычным размеркаванні лексем modrъ, і xytrь гл. Мартынаў (Слав. взаим., 44). Аб аднос. mǫdrъ, jędrъ і mǫd‑ гл. Іванаў-Тапароў, Иссл. слав. др., 190.

*Мудры2, му́дрый ’ганарлівы’ (бяроз., Шатал.). Магчыма, балтызм. Параўн. літ. mandrùs ’горды’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

працо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да працы (у 1, 2 знач.); звязаны з працай. Працоўныя навыкі. Працоўны стаж. Працоўная дысцыпліна. Працоўная кніжка. // Заснаваны на працы, на выкарыстанні працы. Працоўнае выхаванне. Працоўная школа, // Зароблены, здабыты працай, атрыманы за працу. Працоўныя даходы. Працоўная слава. // Запоўнены, заняты працай. Працоўнае жыццё. Працоўныя будні.

2. Які жыве сваёй працай. Працоўны народ. Працоўныя класы грамадства. Працоўнае сялянства. / у знач. наз. працо́ўны, ‑ага, м. Адпачынак працоўных. □ Неабходна было наблізіць мастацтва да жыцця працоўных Савецкай Беларусі, адлюстраваць тое новае, што прынёс вызваленаму народу вялікі Кастрычнік. Шматаў.

•••

Працоўны дзень гл. дзень.

Працоўныя рэзервы гл. рэзервы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каму́на, ‑ы, ж.

1. Калектыў, група людзей, якія аб’ядналіся для супольнага жыцця пры абагуленні працы і ўсіх сродкаў вытворчасці. Працоўная камуна. Уступіць у камуну.

2. Грамадскі лад, заснаваны на прынцыпах камунізма. Мы будуем жыццё, да камуны ідзём. Журба.

3. Тып гарадскога самакіравання ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе.

4. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў сучаснай Францыі і некаторых іншых краінах.

•••

Парыжская камуна — рэвалюцыйны ўрад паўстанцкіх працоўных маc у Парыжы ў 1871 г., які з’яўляўся першай спробай устанаўлення дыктатуры пралетарыяту.

Сельскагаспадарчая камуна — у першыя гады Савецкай улады — адна з форм калектыўнай сельскай гаспадаркі з поўным абагуленнем сродкаў вытворчасці, спажывання і бытавога абслугоўвання.

[Ад фр. commune — абшчына.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

верш, ‑а, м.

1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай. Лірычны верш. Зборнік вершаў. Вершы Максіма Багдановіча.

2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок. Сілаба-танічны верш. Белы верш. Памер верша.

3. Рытмізаваная мова. Гаварыць вершам.

•••

Акцэнтны верш — верш, рытм якога заснаваны на пэўным ліку націскных складоў, незалежна ад колькасці ненаціскных.

Александрыйскі верш — французскі шасцістопны ямбавы верш з паўзай або цэзурай пасля трэцяй стапы.

Белы верш — тое, што і вольны верш.

Верш у прозе — кароткі паэтычны твор, напісаны ў празаічнай форме.

Вольны верш — верш, які характарызуецца адсутнасцю рыфмы і няпэўнай колькасцю стоп у радку; верлібр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)