ла́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.

1. Праяўляць пяшчотнасць, любоў, ласку. [Чэсік] глядзеў, як пані старшыніха карміла грудзьмі малое дзіця, як яна лашчыла і пяшчотна цалавала Колю. Васілевіч. Бацька націснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына. Лынькоў. // Пяшчотна дакранацца да каго‑, чаго‑н., гладзіць. Мне б сказаць табе той ноччу Нешта шчырае да мукі; Цалаваць да болю вочы, Вусны піць і лашчыць рукі. Панчанка. — Негрусь, мілы мой Негрусь! — казала .. [Ядвіся] і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку. Колас.

2. перан. Песціць, выклікаць прыемнае адчуванне. Сонца лашчыць твар. □ А калі дарога нырне ў доўгі лес, густое, прыветнае зацішша лашчыць душу, гоіць яе раны... Пестрак.

•••

Лашчыць вока — мець прывабны выгляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Маці, мама. — Матка! А калі гэта да нас Шпак .. прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Таццяну. Колас.

2. Самка жывёл і насякомых, якая выводзіць патомства. Малыя ягняты, .. адбіўшыся ад матак, на момант спыняліся. Крапіва. Пчолы-разведчыкі знаходзілі .. вуллі і пакрысе абжывалі іх, каб потым прывесці сюды матку з роем. Кулакоўскі.

3. Унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл, у якім развіваецца зародак.

4. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Апранула зямля-матка Кажушок зялёны. Колас. Я тут бачыў свой край, поле, рэчку, бор, Сваю катку-зямлю — Беларусь. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зза́ду, прысл. і прыназ.

1. прысл. З тыльнага боку, з-за спіны, за спіной; проціл. спераду. — Ці не гэты самы ты кажух шыў? Ззаду ўточка з жаўцейшай аўчыны. Чорны. [Галя] адчула, як нехта раптам тузануў яе ззаду за касу. Арабей. — Надзька, ідзі, калі клічуць, — чуліся галасы ззаду. Гроднеў. // На некаторай адлегласці за кім‑, чым‑н.; услед. Я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Колас.

2. прысл. У мінулым. Самыя горшыя дні засталіся ззаду... Маўр.

3. прыназ. з Р. За кім‑, чым‑н. — Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе. Гартны. Ззаду.. [дома] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.

•••

Застацца ззаду гл. застацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злосць, ‑і, ж.

1. Пачуццё варожасці, нядобразычлівасці ў адносінах да каго‑н.; жаданне прычыняць зло. Прыгадвалася, як Аніс накінуўся на яго, але злосці ў Макара на Аніса не было. Дуброўскі. У поглядзе Карнейчыка адчувалася ўнутраная злосць да гэтага чалавека. Барашка.

2. Пачуццё гневу, незадаволенасці, раздражнення. Іншы раз Рамана брала злосць, але не надоўга. Так было, калі ён аднойчы прыехаў з лесу стомлены і знямоглы. Чарнышэвіч. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць і намагаўся задушыць яе. Шамякін.

•••

Лопнуць ад злосці гл. лопнуць.

На злосць каму — тое, што і на зло (гл. зло).

Як на злосць — тое, што і як на зло (гл. зло).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́цца 1, калюся, колешся, колецца; незак.

1. Мець здольнасць калоць (у 1 знач.). Пакоша ўжо не колецца, — бяскрайнюю раўніну.. накрыла светла-зялёная мяккасць атавы. Брыль. // Датыкаючыся да каго‑, чаго‑н., выклікаць боль (пра што‑н. вострае, калючае). Сямён шчакой прыхінаецца да.. [Машынай] шчакі, — колецца, бо даўно не галіўся. Мележ.

2. Ваюючы, б’ючыся, наносіць адзін аднаму раны вострай зброяй. А людзі? Яшчэ не пакінулі біцца, Калоцца, рэзацца... Куляшоў.

3. Разм. Бадацца; мець звычку калоць рагамі. Бык колецца.

•••

І хочацца і колецца гл. хацецца.

кало́цца 2, колецца; незак.

1. Паддавацца колцы; расшчапляцца, драбніцца. Калі не колецца палена, то ў яго ўбіваюць клін.

2. Зал. да калоць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каме́дыя, ‑і, ж.

1. Драматычны твор з вясёлым жыццярадасным або сатырычным сюжэтам. Сатырычная камедыя. Пісаць камедыі. // Спектакль або кінафільм па сцэнарыю такога твора.

2. перан. Пра смешнае, забаўнае здарэнне. [Міколка] успомніў ноч і пусціўся ў рогат. — Цяпер будзе камедыя... вось заскачуць немцы, калі даведаюцца... Лынькоў.

3. перан. Крывадушныя паводзіны, прытворнае разыгрыванне якой‑н. сцэны, ролі з пэўнай мэтай. Багушэвіч падкрэсліваў, што царскі суд — гэта страшна ілжывая камедыя. Ларчанка. Сваёй камедыі сыграўшы ролі, Міністры сталі ў строй гарадавых. Глебка.

•••

Камедыя масак — італьянская народная камедыя эпохі Адраджэння з тыповымі дзеючымі асобамі (маскамі), традыцыйным сюжэтам, але імправізаваным тэкстам.

Камедыя характараў — камедыя, у якой паказваюцца галоўным чынам характары людзей.

Ламаць (разыгрываць) камедыю гл. ламаць.

[Грэч. kōmōdia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сыпацца, ‑плецца; зак.

1. Выпасці, вываліцца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Мука высыпалася з мяшка. // Разм. Разбіўшыся, выпасці. Ад выбуху і асколкаў высыпаліся шыбы амаль ва ўсіх вокнах. Мыслівец.

2. З’явіцца на паверхні ў вялікай колькасці. Раніцай іней высыпаўся, а калі сонца паднялося, зусім цёпла стала. Чарнышэвіч.

высыпа́цца 1, а́ецца; незак.

1. Незак. да вы́сыпацца.

2. Разм. Тое, што і вы́сыпаць (у 3 знач.). Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з-за лесу.. у лагчыну. Чорны. З барака, дзе ішлі танцы, пачалі высыпацца з крыкам і шумам людзі. Чарнышэвіч.

3. Зал. да высыпа́ць (гл. вы́сыпаць у 1, 2 знач.).

высыпа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.

Незак. да выспацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што.

1. Ставіць плот, паркан і пад.; абгароджваць што‑н. Гарадзіць плот. □ [Ладымер] да поўдня быў у хаце, а тады выйшаў гарадзіць капуснікі. Чорны. Я выган плотам гарадзіў. Купала.

2. перан. Разм. Гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Старая Рындзіха хадзіла па вёсцы і гарадзіла на ўсіх Шамраёў за тое, што адбілі ад бацькоў роднага сына. Машара. Стары гаворыць — гародзіць, ды па праўду выходзіць. Прыказка.

•••

Агарод (гарод, плот) гарадзіць — а) пачынаць якую‑н. клапатлівую і безнадзейную справу. Не бачыць Грамабою гэтай зямлі. А калі так — дзеля чаго і гарод гарадзіць. Крапіва; б) гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Тут Саўка хмурыць свае бровы: — Ты, сын, гарод не гарадзі... Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаці́ць, гачу, гаціш, гаціць; незак., што.

1. Рабіць гаць, пракладваць дарогу цераз балота ці гразкае месца. Балота аказалася такое пражорлівае, што сем год гацілі яго і пяском, і каменнем. Бажко.

2. Перакрываць, запруджваць ваду ў рацэ плацінай. Вось тады, калі стыхія вады крышыла грэблю, я парашыў канчаткова: стану інжынерам, буду гаціць рэкі, будаваць электрастанцыі, каб было людзям святло, а палям вада. Хомчанка.

3. перан. Траціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Яшчэ і сёння між калгаснікаў ідуць спрэчкі аб тым, ці варта было гаціць такую процьму грошай на гэту механіку. Палтаран.

•••

Хоць гаць гаці каго-чаго — вельмі многа, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Сяброў у Кузьміча — хоць гаць гаці! Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапамагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. дапамог, ‑магла, ‑ло; заг. дапамажы; зак., каму-чаму.

1. Аказаць дапамогу, пасадзейнічаць у чым‑н. Дапамагчы ў рабоце. Дапамагчы распрануцца. □ [Булай] заўсёды заступіцца, дапаможа, калі хто са сваіх рабочых трапіць у бяду. Шыцік. І службу служы, і сябру дапамажы. З нар. // Падтрымаць матэрыяльнымі сродкамі. Дапамагчы грашамі. Дапамагчы будаўнічымі матэрыяламі. // Аказаць медыцынскую дапамогу. [Санітарка] спяшаецца, каб у час дапамагчы параненаму. Колас.

2. З’явіцца сродкам для каго‑н. у дасягненні якой‑н. мэты. Компас дапамог сарыентавацца на мясцовасці. Мінеральныя ўгнаенні дапамаглі калгаснікам павысіць ураджайнасць палёў. // Даць жаданы вынік, прынесці карысць. Лякарства дапамагло. Угаворы дапамаглі.

•••

Дапамагчы гору (бядзе) — выратаваць з бяды, з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)