загаці́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак., што.

1. Разм. Палажыць гаць, пакрыць гаццю (для праходу, праезду). Загаціць балота.

2. Разм. Перагарадзіць плацінай; запрудзіць. — Загаціць, — кажуць далей, — трэба рэчку, Каб возера было, каб быў і млын. Купала.

3. Абл. Запоўніць цалкам якую‑н. прастору, праход і пад. — Ну і насіласавалі, няўрокам кажучы, яму, усе чатыры секцыі вежы, і каб яшчэ была адна яма, то і яе б загацілі. Ермаловіч.

4. перан. Затраціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.

1. Летучы, апынуцца далёка або высока. Заляцець на Месяц. // Летучы, апынуцца за чым‑н., за якім‑н. прадметам. Мяч заляцеў за плот. Самалёт заляцеў за хмару.

2. Уляцець, папасці куды‑н. Заляцела ў Васеў двор старая варона. Курто. Толькі суседзі яшчэ пільнавалі свае хаты, каб якая-небудзь выпадковая іскра не заляцела на іх стрэхі. Шамякін.

3. У час палёту наведаць якое‑н. месца, спыніцца ненадоўга. Самалёт заляцеў, каб забраць пошту. // перан. Разм. Спяшаючыся, забегчы мімаходам да каго‑н. У спешцы Гуз пераблытаў і, замест таго, каб трапіць на кармакухню, заляцеў у радзілку. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заме́рзнуць і замёрзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заме́рз, ‑ме́рзла і замёрз, ‑мёрзла; зак.

1. Ператварыцца ў лёд, зацвярдзець ад холаду. Вада ў вёдрах замерзла. □ Усё замерзла пад пялёнкаю Снегу белага, халоднага. Купала. Цяпер, зімою, багна замерзла, і вецер збірае ля кустоў гурбы снегу. Дадзіёмаў. // Пакрыцца лёдам, ледзяной коркай. Рэчка замерзла. Вокны замерзлі. □ Замерзла ноччу шпаркая, крыніца. Багдановіч. // Сапсавацца, выйсці са строю ад холаду. На вадакачцы замерзлі трубы. Матор замёрз.

2. Загінуць, памерці ад холаду. Замерзнуць у полі. □ Галубяняты яшчэ не замерзлі, варушыліся. Брыль. // Моцна азябнуць; прамерзнуць. Шафёр вылез, абышоў машыну, паглядаючы на колы, і загаварыў да Сцяпана: — Замерзлі, дзядзька Лазарук? Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зрэ́зацца, зрэ́жуся, зрэ́жашся, зрэ́жацца; зак.

1. Прытупіцца, пакарацець ад доўгага карыстання. Нож зрэзаўся.

2. перан. Разм. Не здаць экзамена. Аркадзю пасля таго, як ён зрэзаўся пры паступленні ў педагагічны інстытут, нават боязна было і падумаць паступаць яшчэ куды-небудзь. Сабаленка.

3. з кім і без дап. Разм. Уступіць у спрэчку, сварку; схапіцца. Нешта бацькава было і ў характары Евы... Так схопіцца, так зрэжацца, аж шмаццё ляціць. Ермаловіч. // звычайна жарт. Заўзята згуляць з кім‑н. у якую‑н. гульню. Дзядзя Ваня.. любіў «зрэзацца» з заўзятымі класнымі шахматыстамі. Якімовіч.

4. Дакрануўшыся да каго‑, чаго‑н., паляцець убок (пра мяч, шар). Мяч зрэзаўся ў вароты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што ў што. Апускаць, акунаць у што‑н. вадкае або сыпкае. Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Караткевіч. Ладымер .. мачаў цыбулю ў соль і запіваў квасам. Чорны. // што. Расходаваць што‑н. мачаннем. А раз нядзеля, дык і бліны. А раз бліны, дык і мачанка. А раз яна, мачанка, дык і мачаць яе павінны. Крапіва.

2. што. Спец. Вырабляць што‑н. апусканнем у які‑н. раствор. Мачаць запалкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карце́ць, ‑ціць; незак.

1. безас. з інф., са злучн. «каб» і без дап. Пра неадольнае жаданне што‑н. зрабіць; хацецца; не цярпецца. Ульяне карцела спытаць, чаго Кастусь наведаўся ў такую рань, але ён сам загаварыў яшчэ здалёк. Пташнікаў. [Халімону] хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважанні і згаджаўся з імі. Галавач. [Марына:] Ну, што ж... Калі так ужо карціць — няхай едзе. Губарэвіч.

2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. [Базыль] адчуў, што яму чагосьці не стае, па нечым смыляць рукі, нешта карціць, некуды рвецца душа. Сачанка. Маці ведае — не грыбы карцяць сыну — і дае хутчэй есці. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.

1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў. Бялевіч. Бацька біў каменне велізарным молатам. Чорны.

2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся. Навуменка. У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан. Шамякін.

3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.

•••

Серп і молат гл. серп.

Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́ташна, безас. у знач. вык., каму.

1. Млосна, нядобра (пра стан здароўя). Накурыўся так, што моташна стала. □ Зірнуў яшчэ ўніз Мішка і моташна яму стала — нязручна быць лётчыкам без прывычкі. Лынькоў. Калыхаўся [хлопчык], пакуль не рабілася моташна, дамоў прыходзіў з асалавелымі вачыма. Хомчанка.

2. перан. Агідна, прыкра. [Паліна:] — Ды не дрыжы ты ўжо так!.. Глядзець моташна... Новікаў. Часамі абураўся і Уладзік. — Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна! Колас.

3. перан. Аб адчуванні тугі, адзіноты. Не варта было пакідаць .. [Зіну] сёння адну. Ёй адно горка і моташна. Васілёнак. — Моташна там на абрыве тарчаць, — уздыхнуў Мірон Патапавіч. — У сяло б перабрацца. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навіна́, ы́; мн. наві́ны, ‑ві́н; ж.

1. Атрыманая зусім нядаўна вестка. Апошнія навіны. □ І бацька ў вольныя часіны Расказваў дома ўсе навіны І чуткі ўсе наконт зямелькі. Колас.

2. Уласцівасць і стан новага; навізна. Пабегаўшы па дварэ, вучні зноў прыйшлі ў школу. Яна ўжо не страшыла іх сваёю навіною. Колас.

3. Нешта новае, незнаёмае. [Павал:] «Многа яшчэ будзе думак новых і навін за жыццё». Чорны. Працаваць самастойна для мяне было ўжо не навіной. Даніленка.

4. Абл. Хлеб новага ўраджаю, новае збожжа. І шэптам ласкі на выбітым полі, Як сонца, плыве навіна. Колас.

•••

Навіна з барадою — старая навіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязвы́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўвайшоў у прывычку, не стаў прывычкай. Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трох[і] саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні. Колас. // Непрывычны, незнаёмы. Ляцець належала ноччу. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое. Новікаў.

2. Які не звыкся з чым‑н., не набыў прывычкі рабіць што‑н. Коні палахліва стрыглі вушамі, касавурыліся назад і, нязвыклыя да гэткай дзіўнай работы — скародзіць дарогу, — бязладна торгалі пастронкамі. М. Ткачоў.

3. Не такі, як заўсёды. Клара глянула на.. [Васіля] нязвыклым позіркам шэрых вачэй і адразу ж прыкрыла іх доўгімі вейкамі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)