лёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней. Кулакоўскі. // Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці. Чорны. // Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі. Якімовіч. [Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч. Даніленка. // Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры. Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном. Скрыган.

2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю. Якімовіч. Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі. Ракітны.

3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача. // Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці... Бядуля. // Просты, ясны. Лёгкі стыль. // Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык. Мікуліч. // Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце. Куляшоў. / у знач. наз. лёгкае, ‑ага, н. Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці. Смагаровіч. // Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей. Панчанка.

4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль. На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся. Чарнышэвіч. // Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон. // Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога. Крапіва. // Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну. Якімовіч. // Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць. // Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь. // Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Маўр.

5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. Скрыган. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы. Шамякін.

•••

Лёгкая атлетыка гл. атлетыка.

Лёгкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Лёгкая прамысловасць гл. прамысловасць.

З лёгкай рукі гл. рука.

З лёгкаю параю гл. пара.

З лёгкім сэрцам (душой) гл. сэрца.

Лёгкая рука ў каго гл. рука.

Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.

Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).

Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да адзін. Першы дом з краю. Першае паўгоддзе. Першы том. Першы параграф. □ Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце. Колас. // толькі мн. Пачатковыя ў радзе пералічаных прадметаў. Першыя кіламетры дарога ішла лесам. Якімовіч. Першыя дні ў гэтым раёне вяліся жорсткія баі. Колас.

2. у знач. займ. пе́ршы, ‑ага, м. Ужываецца для абазначэння асобы, прадмета і пад., якія былі названы раней. — Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Якімовіч.

3. Які з’явіўся крыніцай або аб’ектам дзеяння раней за іншых. Да дошкі першым выклікалі хлопца. □ [Алесь:] — Мне давялося быць за мяжой, калі наша краіна першай запусціла спадарожнік. Шыцік. — Перакур! — скамандаваў Лазавік і першы лёг на траву. — Сядай, братва! Хомчанка. // у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, м. Тое, што адбылося або стала аб’ектам якога‑н. дзеяння раней за ўсё. Першае, што Ніна зрабіла, — гэта паздзірала газеты з акон, са стала, фіранкі павесіла, настольнікі разаслала. Лобан. Першае, што кінулася .. [Антону і яго сябрам] у вочы, — нідзе не відаць было саламяных стрэх. Пальчэўскі.

4. Які з’яўляецца, здараецца, адбываецца ў самым пачатку чаго‑н.; першапачатковы. Першае ўражанне. □ Вось і першы сонечны прамень бліснуў. Лынькоў. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе. Колас. // Які з’яўляецца пачатковым этапам, ніжэйшай формай чаго‑н. Першая фаза камунізма. // Які з’явіўся ўпершыню ў сезоне, новы, ранні (пра з’явы прыроды, расліны і пад.). Першыя замаразкі. Першыя кветкі. □ Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі шлях. Мележ. У аконныя шыбы глядзіць першая вясна. Чорны. // Які здарыцца, адбудзецца ў бліжэйшы час. Пры першай магчымасці.

5. Які раней не існаваў, не ўзнікаў. Першы штучны спадарожнік Зямлі. Першая ў свеце сацыялістычная дзяржава. □ Значную з’яву ў гісторыі беларускага тэатра ўяўляе першы беларускі прафесійны тэатр, які насіў назву «Народны тэатр». «Беларусь». // Не спазнаны раней. Першае каханне. □ Тут упершыню Лене адкрыўся свет, тут яна спазнала першую радасць і першае гора. Ваданосаў.

6. Які пераўзыходзіць у якіх‑н. адносінах усіх іншых. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі, — вось якая была Кублікавых Аўгіня. Колас. Сашка так стараецца, што настаўніца дзівіцца: ледзь не першы вучань. Дадзіёмаў. [Юрка:] — Ён тут у нас, брат, цяпер першы грамацей. Якімовіч. // Самы лепшы, выдатны. Першы гатунак. Купэ першага класа. □ — Закурвайце... Табак першага сорту. Два гады ляжаў. Чорны. // Самы важны, галоўны. Першы сакратар. Рэчы першай неабходнасці.

7. Перадавы, вядучы. Ваяваць у першым эшалоне. □ На варце краіны, — На сушы, ў марах, — Байцы-камсамольцы У першых радах. Колас. Што будзе з дачкою? Бяда! На работу — першая, але і на гульні таксама. Пестрак.

8. Які выконвае асноўную партыю ў аркестры, хоры і пад. Першая скрыпка ў аркестры. // Які вядзе асноўную мелодыю, верхні. Першыя галасы хору.

9. у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, н. Рэдкая страва, якая падаецца ў пачатку абеду (суп, боршч і пад.). З’есці першае. □ На першае.. [Ніна] зробіць халаднік з яйцом, на другое — рыбу. Лобан.

10. У граматыцы — які ўказвае, што суб’ектам дзеяння з’яўляецца сам гаворачы. Першая асоба дзеяслова.

11. у знач. пабочн. пе́ршае. Разм. Тое, што і па-першае.

•••

Першая дапамога гл. дапамога.

Першае мая гл. май.

З першага знаёмства гл. знаёмства.

З першых рук гл. рука.

Іграць першую скрыпку гл. іграць.

На першы абыходак гл. абыходак.

На першы выпадак гл. выпадак.

На першы погляд гл. погляд.

Не першага веку гл. век.

Не першай маладосці гл. маладосць.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні — пра складаныя сітуацыі, у якія трапляюць многія.

Першай гільдыі гл. гільдыя.

Першай рукі гл. рука.

Першая ластаўка гл. ластаўка.

Першы блін камяком гл. блін.

Першы крок гл. крок.

Першы сустрэчны гл. сустрэчны.

У першую чаргу гл. чарга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сачы́ць 1, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў. Гаўрусёў. Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры. Пестрак. Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю. Пальчэўскі. // і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ. [Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Маўр. // у што. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць. Гарбук. — Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор. Гартны.

2. за чым і з дадан. сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці. Дубоўка. Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе. Луфераў. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі. Паслядовіч. // перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе. Колас. Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу. Васілевіч.

3. за кім-чым, што, са злучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць. Кірэенка. Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае. Дубоўка. [Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў. Жычка. // Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам. Лынькоў. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Грахоўскі.

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку. Каваль. [Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы. Брыль. Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом. Чарнышэвіч.

5. што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Колас.

6. каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку. Купала.

7. каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Колас.

сачы́ць 2, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас.

2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скруці́ць, скручу, скруціш, скруціць; зак., каго-што.

1. Круцячы, туга звіць што‑н. Скруціць вяроўку. // Зрабіць што‑н. шляхам скручвання, згортвання. Ігнат Андрэевіч адчыніў скрыначку, адарваў ражок газеты і скруціў цыгарку. Шамякін. [Валодзя] заўважыў, як Геня Шыдлоўскі ў час урока фізікі скруціў з паперы галку і закінуў за каўнер Аліку Рагачэўскаму. Якімовіч. З пяску пугі не скруціш. Прыказка. // Скачаць трубкай; скласці, загінаючы ўсярэдзіну краі чаго‑н. Маці ўзяла блін, скруціла, памачыла ў смятану ды .. Эдзіку проста ў рот. Дубоўка. — Падумаю, — сказала .. [Ева]. Хуценька скруціла малюнак і паклала яго на палічку над сталом. Маеўская. Грыбоўскі скруціў і запхнуў у кішэню пустую торбу, устаў. Курто.

2. Зматаць, навіць на што‑н. Скруціць вуду. Скруціць спінінг.

3. Згінаючы, заломваючы што‑н., пераблытаць, сплесці. Навальніца з градам Каласы скруціла, Ветрам паламала, Дожджыкам прыбіла. Колас. // Моцным павевам сарваць. Нечакана вырваўся з поўначы халодны вецер, скруціў не апаўшае яшчэ з дрэў лісце. Васілевіч. / у паэт. ужыв. Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам. Свірка.

4. Звязаць, пазбавіўшы каго‑н. мажлівасці прымяняць фізічную сілу. Камсамольцы-дружыннікі адабралі зброю, скруцілі забіяку і перадалі ў міліцыю. Дуброўскі.

5. перан. Перамагчы, скарыць. [Якуб Колас:] — Я проста быў упэўнены, што мы скруцім Гітлеру рогі, і дачакаўся гэтага. Рамановіч. // Прымусіць падпарадкавацца, узяць верх над кім‑н. Скруцілі нашага старшыню з яго характарам у дзве столкі. Навуменка. // Паставіць каго‑н. у цяжкія ўмовы. Жыццё цябе часам так скруціць, што не думаеш нават, як і навошта жывеш. Асіпенка.

6. перан. Адолець, прыкаваць да пасцелі (пра хваробу). Есіф Голанд не спаў: яго скруціла задышка. Кашаль падымаў яго ноччу з пасцелі многа-многа разоў. Чарнышэвіч. Скруціў старую маці раматус, зароблены на працы ў чужых гаспадарках. Корбан. / у безас. ужыв. [Бабуля:] — А я от тут нядаўна чуць не памерла. Як ўзяло мяне, як скруціла, насілу і вылузнулася. Палтаран.

7. перан. Не выплаціць грашовы доўг, не аддаць належнае. Сухавеі не толькі скруцілі і не аддалі ім грошы, што пазычалі на зямлю, але і на кожным кроку стараліся ашукаць Раманоўскіх. С. Александровіч. [Андрэй:] — Сёмы год [Хвядос] газеты носіць і яшчэ ніводнай не скруціў. Скрыпка. // Паабяцаць, а потым не выканаць абяцанага (пра вяселле, уваходзіны і пад.). [Жанчына:] — Напэўна абодва хочаце вяселле скруціць... Васілевіч. Сямён .. пажартаваў: — Пагуляем на ўлазінах, таварыш старшыня? Ён нас запэўніў: — Ды ўжо ж, не скручу, не бойся. Савіцкі. // Змахляваць; недадаць, аблічыць. [Радзівоніха:] — Падлетка не пашлеш у мястэчка, бо там яго кругом ашукаюць: і налічаць больш чым трэба, і на вазе скруцяць... Чарнышэвіч. [Максім:] — Праўда, пры канчатковым разліку ўсё ж скруціў той скупеча залатовак пяцьдзесят. Машара.

8. Зняць што‑н., пакручваючы. Скруціць з пальца пярсцёнак. □ Дзед з ахвотаю даў Язэпку ножык. І нават сам зацікавіўся дудкаю, даваў парады, як лепш скруціць кару. Якімовіч. // Сашрубаваць. Скруціць гайку з шрубы.

9. Сапсаваць, неасцярожна ці доўга круцячы. [Прыбіральшчыца:] — Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй. Пальчэўскі. Дзед .. даверыў мне заводзіць грамафон і даглядаць яго, а да гэтага ён нікога не падпускаў і блізка, каб не скруцілі спружыну. Рамановіч. // перан. Зглуміць, сапсаваць (жыццё і пад.). [Дарота:] Адну дачку я маю і скруціць жыццё ёй не дазволю. Клімковіч. // перан. Перайначыць былы парадак, арганізацыю працы. Тыя гады ўзімку ўжо кожны трактарыст ведаў сваё месца. А гэта зламалі ўсё, скруцілі. Ермаловіч.

10. Выкруціўшы стрыжань, з тонкага ствала вярбы, лазы і пад. зрабіць дудку, свісток. Скруціць свісток. □ [Лявонка:] І дудку скруцім, іграць будзем!.. Чарот.

•••

Скруціць дулю (кукіш, фігу) — зрабіць жэст, склаўшы тры пальцы ў выглядзе кукіша, у знак пагардлівай адмовы.

Скруціць (зламаць) сабе галаву (шыю) — загінуць; пакалечыцца.

Скруціць у бараноў (казіны) рог — тое, што і сагнуць у бараноў (казіны) рог (гл. сагнуць).

Скруціць чорту рогі — аказацца надзвычай дасціпным, спрытным, дужым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смакта́ць, смакчу, смокчаш, смокча; незак., каго-што.

1. Рухамі губ і языка ўцягваць у рот якую‑н. вадкасць праз вузкую адтуліну ў чым‑н. Утульна і хітравата падміргвалі кантрольныя лямпачкі на пультах, мякка гулі рэле аўтаматычных лабараторый. І не трэба было хавацца ў скафандры, смактаць з трубкі вадкую ежу. Шыцік. // Карміцца мацярынскім малаком (пра дзіця, дзіцяня); уцягваць яго ў рот з грудзей, вымені. Мабыць, толькі маленькі Санька нічога не адчуваў, ён смактаў сабе матчыны грудзі і часам заходзіўся плачам. Сабаленка. [Медзведзяняты] ляжалі каля.. [мядзведзіцы] ў бярлозе і драмалі разам з ёю, бездапаможныя, сляпыя, і безупынна смакталі мацярынскае малако. В. Вольскі. То ў Кветкі, то ў Лысухі, па чарзе, Цяля са смакам малако смактала, Расло, цяжэла ў вазе. Маеўскі. // Разм. Піць, не адрываючыся, уцягваючы вадкасць праз няшчыльна сцятыя губы. Па чарзе кладзёмся па бераг і з палонкі смокчам ваду. Карпюк. Цімка ўзяў бераг шклянкі ў губы і пачаў смактаць. Кулакоўскі. // Разм. Піць гарэлку, п’янстваваць. [Цвіркун:] — Прыкінем, хто ў нас асабліва любіць смактаць самагонку. Корбан.

2. Уцягваць, усмоктваць у сябе якую‑н. вадкасць пры дапамозе спецыяльных органаў (пра жывёлін, насякомых). Валодаючы бясшумным палётам, вампіры ноччу нападаюць на сонных жывёл, пракусваюць без усялякага болю скуру і смокчуць кроў. Матрунёнак. [Арцём:] — Даніла Паўлавіч! Пчала Вунь з кветкі смокча сокі. Бялевіч. // Усмоктваць ваду, пажыўныя рэчывы з зямлі (пра карані раслін). Хай карэньчыкі ў цемры Смокчуць сонца разам з сокам, Каб раслі вачам на ўцеху Кветкі гожыя высока. Гілевіч. Там кнігаўкі плачуць ад спёкі, Падставіўшы сонцу раты, Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // перан. Разм. Цягнуць, бессаромна браць у каго‑н. грошы і пад., нажывацца за кошт іншых. І ён, як той павук пачварны, усю ваколіцу смактаў і з крыўд людзей жывых бяскарна сваё багацце ўсцяж збіраў. Але не цешыла багацце старога графа-багача. Машара.

3. Усмоктваць, убіраць у сябе якую‑н. вадкасць, газ і пад. (пра машыны, прыстасаванне механізмы). Паравоз спыніўся каля вадакачкі і пачаў смактаць ваду з доўгага хобата. Грахоўскі. Зранку між сосен Смокчуць насосы З жылаў праколатых Цёплае золата. Пушча.

4. Узяўшы што‑н. у рот і змочваючы слінай, рабіць смактальныя рухі языком і губамі. Смактаць соску. □ Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва. Купала. Месяцаў сем мае веку хлапчына. Як сціхне, Свае кулачкі пачынае смактаць. Зарыцкі. // Разм. Курыць (тытунь, папяросу, люльку). Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч. [Гельскі:] — Кураць, смокчуць без канца і без меры! У цябе ўжо, мусіць, у вантробах, як у коміне. Чорны. // Трымаючы ў роце і раствараючы або размякчаючы слінай, паступова з’ядаць. «Як гэта, мусіць, добра, — з зайздрасцю падумала Лёдзя, — стаяць вось так, калі ідзе дождж, і смактаць карамелькі». Карпаў. [Дзяўчына] з заклапочаным выглядам смактала кавалачак.. хлеба. Брыль.

5. без дап. Выкліка́ць тупы боль ва ўнутраных органах. Максім і сам адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад, падражнены кубкам роднага пойла, зноў, як абцугамі, сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. Тут [у турме] многа часу для роздуму, каб толькі не перашкаджаў боль, не смактаў голад. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. Ад голаду ў хлопцаў смактала пад грудзьмі. Новікаў.

6. перан. Прыносіць пакуты, мучыць (пра якое‑н. пачуццё). Крыўда смокча сэрца. □ [Янка:] — Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны, як бот, і — ну хоць ты плач. Караткевіч. Вабіла.. [агранома] багатая ўкраінская прырода, але не пераставаў смактаць яго і смутак па радзіме. Васілевіч.

•••

Смактаць кроў — тое, што і піць кроў (гл. піць).

Чарвяк смокча каго гл. чарвяк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. сып; незак.

1. што. Прымушаць падаць куды‑н., паступова выпускаючы (што‑н. сыпкае ці дробнае). Сыпаць соль у кашу. Сыпаць збожжа ў мяшок. □ [Данік] сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць. Брыль. — Сып на зямлю, я ўсё падбяру! — крычаў Мірон. Маўр. Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі. Козел. // Асыпаць. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі. Колас.

2. што. Рабіць, узводзіць з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насып сыпалі высокі Па-над Днепрам сінім, Каб відаць было далёка Па ўсёй Украіне. Купала. [Загадчык клуба:] — Гэта шафёры з суседняга раёна... Дарогу тут сыпалі. Нядзведскі. // Засыпаць для захоўвання што‑н. сыпкае. Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад’язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной. Пташнікаў.

3. што, чым і без дап. Кідаць, раскідваць (што‑н. сыпкае, дробнае). Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі. Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. / у перан. ужыв. Зрэнкі .. [Ігналя] пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Бядуля. / Пра частыя, дробныя гукі. Чыстым срэбрам сыплюць у празрыстых гаях пеначкі. Ігнаценка. / Пра святло сонца, месяца. Вясновае сонца сыпала на зямлю золата промняў. Сабаленка. Поўнае начное свяціла стаяла над садам і шчодра сыпала сіняе срэбра ўніз. Хомчанка.

4. Ісці, падаць (пра дробны, часты снег, дождж). Дробны дождж ціха сыпаў з цёмнага вячэрняга неба. Ваданосаў. Сыпаў снег, густы, калючы, ды мацней свістаў вецер. Алешка.

5. перан.; што, чым. Пасылаць, накіроўваць на каго‑н. у вялікай колькасці; шчодра надзяляць чым‑н.; асыпаць. Сыпаць удары. □ — Здалося нам, Што вораг сыпаў Вакол фугасам і свінцом. І. Калеснік.

6. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць, вымаўляць што‑н. хутка, бесперапынна, адно за адным. Сыпаць лічбамі. □ [Лёнька] знарок сыпаў такімі тэхнічнымі тэрмінамі, што наўрад ці зразумеў хто яго тлумачэнні. Пянкрат. Жонка .. сыпала на .. [Тамаша] ўвесь запас лаянак, які толькі ведала. Бядуля. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. — Вечар добры, вечар зорны, дарагія мае землякі! — сыпаў .. [Язэп] ледзьве не ў рыфму. Кавалёў.

7. перан.; што. Разм. Рабіць што‑н., звязанае з частымі ўдарамі, хуткім бесперапынным рухам. Жар факстрот! Сып чарльстон На раялі ў трыццаць тон! Крапіва.

8. перан. Разм. Імкліва бегчы, ісці, ехаць. Зіма. Грудам сыплюць па вуліцы хлопчыкі. Гарэцкі. [Конюх:] — Плугі і пастронкі на возе. Там жа і пута. Запрагай і сып. Шчаслівай дарогі! Якімовіч.

9. каго-што і без дап. Разм. Выдаваць каго‑н., расказваць пра што‑н. сакрэтнае. [Гэля:] — Павел!.. Я іначай не магла... Арыштавалі Гадлеўскага з мясакамбіната. Ён сыпле ўсіх, з кім быў звязан... Навуменка. [Аляксей:] — Чуваць, што Казючок сыпле ў дэфензіве. Пестрак.

10. каго-што. Разм. Даваць прыплод у вялікай колькасці, несці яйкі і пад. [Мар’я:] — На развод — куры трэба... Вунь у мяне рабая ёсць, самая нясучая. І зімой яйкі будзе сыпаць... Паўлаў.

•••

Сыпаць бісер перад свіннямі — дарэмна гаварыць аб чым‑н. ці даказваць што‑н. таму, хто не здольны або не хоча зразумець гэта.

Сыпаць макам — а) пісаць дробнымі літарамі; б) дробна скакаць, танцаваць; в) гаварыць вельмі хутка.

Сыпаць соль на раны — рабіць каму‑н. балюча, хваляваць, засмучаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́ся, сыдуся, сыдзешся, сыдзецца; пр. сышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. сыдзіся; зак.

1. Ідучы з розных бакоў, сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑н. [Хлопцы] і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Колас. А то яшчэ сыдуцца твар у твар на шматлюднай вуліцы, [нібы] знарок падстроена кім-небудзь гэтая сустрэча. Пальчэўскі.

2. Прыйсці з розных бакоў у адно месца; сабрацца — пра ўсіх, многіх. Сход быў доўгім .. Сышлася ўся вёска — і калгаснікі, і гаспадары. Чорны. Паглядзець на студэнту сышлася радня. Васілевіч. Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Грахоўскі. // Прыйшоўшы куды‑н., убачыцца, сустрэцца з кім‑н. [Старэйшы:] — На сёння хопіць работы. Трэба, каб і заўтра ў нас яшчэ была прычына сысціся тут. Машара. Развіталіся з містэрам Тэлпі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Раз’ехаліся, каб зноў сысціся праз тыдзень, вырашыць спрэчку... Б. Стральцоў. // Аб’яднацца (у які‑н. калектыў). Але калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч.

3. Сустрэцца для паядынку, спаборніцтва, бітвы. На кросе мы яшчэ з табою сыдземся. Савіцкі. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў.

4. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны; пасябраваць. Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Навуменка.

5. перан. Уступіць у шлюб, у любоўную сувязь, сужыццё. [Бабка:] — Я ж у Лукерчыка жонкай была — не служанкай. Праўда,.. не першай — сышліся мы ў пяцідзесятым годзе. Вышынскі. Малодшая ж хітрэйшай, відаць, была, — махнула ў Кустанай і там сышлася з камбайнерам, па сэрцу, без вянца. Корбан.

6. перан. Аказацца адзінадушным у чым‑н., прыйсці да згоды. [Лях:] — І пасварыўся і не пасварыўся — не разбярэш. Духу майго Журавінка не зносіць, а я — яго. [Вот] так і не сышліся характарамі. Лобан. І сышліся хлопцы-верхаводы на Алесевай кандыдатуры. Шынклер. // Аказацца аднолькавым з чым‑н., падобным да чаго‑н. Так мы з сынам шчасліва У сваіх думках сышліся. Кірэенка.

7. перан. Разм. Прыйсці да пагаднення, згаварыцца. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. — Дам стрэліць, — сказаў Сцёпка. [Яська:] — Тры разы? — Адзін раз. — Жмінда. — Сышліся на двух стрэлах. Хомчанка.

8. Разм. Атрымацца, аказацца ў адпаведнасці адно з другім; супасці. Паказанні прыбораў сышліся. □ Вулю трэба закрыць ведамасць — і ўсё. Яшчэ — каб сышлося капейка ў капейку. Пташнікаў.

9. перан. Разм. Адбыцца адначасова (аб якіх‑н. падзеях). — Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. Чорны.

10. Наблізіцца адзін да аднаго, даткнуцца, дакрануцца. І задрамаў ён [сын] стомлены, Бы явар ля ракі, Як абцугі, над скронямі Сышліся дзве рукі. Панчанка. Калматыя бровы гаспадара сышліся над перанос[сем], папаўзлі ўгору. Асіпенка. // Разм. Аказацца па памерах дастатковым для таго, каб зашпіліць або захінуць (пра адзенне). Пояс сышоўся.

11. Прымкнуўшы шчыльна адно да аднаго, злучыцца. Высозныя горы, як сцены, Абапал. То воддаль адступяць Ад Струмы-ракі, То блізенька-блізенька Сыдуцца раптам. Гілевіч. А ён [чалавек] у траву паваліўся, У зялёных хвалях стаіўся. Сышліся над ім тыя хвалі, І вершаліны, як хвалі, Над гэтым месцам сышліся — Чалавека схавалі. Сіпакоў. У пачатку стагоддзя хаткі рабочых амаль сышліся з горадам. П. Ткачоў.

12. Аказацца, сканцэнтравацца ў адным месцы. Лініі сышліся ў адной кропцы. □ Усе сляды сышліся ля Яўхімавай пуні. Жычка. // перан. Злучыцца. Бачанае і чутае, перажытае і перадуманае — усё сышлося ў адно і разгортваецца перад вачамі, як доўгі маляўнічы скрутак. Палтаран.

•••

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. □ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уле́зці, улезу, улезеш, улезе; пр. улез, ‑ла; заг. улезь; зак.

1. Пранікнуць, праціснуцца, забрацца ўнутр чаго‑н. Улезці ў склеп. Улезці ў кабіну. □ Лапко ўлез у печ і ўзяўся за работу. Памагала яму Анэтка, спрытная, гнуткая дзяўчына. Падавала гліну. Колас. Толькі падумаю ехаць — А як у аўтобус улезеш? На яго ж у суботу Людзей, нібы сосен у лесе. Карызна. Цяпер ужо льга было чалавеку ўлезці ў млын, вылезці назад і паставіць дошкі на месца. Чорны. // Разм. Увайсці, забрацца куды‑н. Не зважаючы на стрэлы і голле, якое драпала яго па твары, .. [Сотнікаў] бег, пакуль не трапілася імшарына, потым улез у нейкую твань і ўжо не мог з яе выбрацца. Быкаў. Цяжка дыхаючы, у штаб улез двухметровай вышыні шыракагруды чалавек з забінтаванай галавою. Шчарбатаў. [Дзядзька:] — Бабка твая .. улезла ў .. [куст маліны] і давай збіраць ягады ў вядзерца. Ляўданскі. [Ігнат:] — Пільнуй, каб коні, барані бог, у балота не ўлезлі. Мележ. // Разм. Пасяліцца, усяліцца куды‑н. Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату. Лужанін. [Ганка Мікалаеўна:] — Каб сама не бачыла, не паверыла б, — і, памаўчаўшы, дадала: — Вось улезем у новую хату, першым госцем будзеце. Грахоўскі. // перан. Разм. Старанна ўнікнуць у якую‑н. справу. Эскіз дапамог мне яшчэ глыбей улезці ў вобраз. Сяргейчык. // Разм. Надзець што‑н. Насця .. ўлезла ў андарак і, тэпаючы босымі нагамі па падлозе, пайшла ў сенцы адчыняць. Навуменка.

2. Залезці ў шкоду. — Глядзі ж, каб яшчэ які конь не ўлез, — строга паказала Насця. Мележ. [Лапінка:] — Настуля Кукобіна .. моліцца, а сама ўсё цікуе за рэчку, каб гусі ў шкоду не ўлезлі. Брыль. Трэба было глядзець, каб у грады не ўлезла суседскае парася, сачыць за цялём, якое пасвілася на дзедавым прыгуменні і магло ўбіцца ў шкоду. С. Александровіч. // Пранікнуць куды‑н. тайком. У воласць гэтымі днямі прыдзе дывізія, якая, разумеецца, будзе стаяць па вёсках. Дрэнна толькі тое, што салдат любіць часамі і ў пограб зазірнуць і ў кубелец з салам улезці. Колас. // Захапіўшы чужое, залезці куды‑н. — От які сусед мне папаўся, Андрэй, — гаварыў па дарозе Сымон. — Свінушнік пабудаваў, дык па паўаршына ў маю сядзібу ўлез. Чарнышэвіч. // перан. Пранікнуць куды‑н. хітрасцю, лоўкасцю. [Клеманс] думаў, што старшыня паможа яму ўлезці ў сельсавет. Чорны.

3. Умясціцца, размясціцца ўнутры чаго‑н. Нага не ўлезла ў бот. Кнігі ўлезлі ў чамадан. □ Цётка Насця рэжа бульбу на кавалкі, каб больш улезла ў чыгун, і расказвае. Палтаран. [Юрка:] — Цягні яшчэ бутэльку — колькі ў яе ўлезе той вады, і яна сагрэецца адразу, — да лесу яшчэ не данясеш... Пташнікаў.

4. Уваткнуцца, увайсці ў глыб чаго‑н. Улезла стрэмка ў нагу. □ Тое, што першае трапіла на язык, спадабалася Алесю.. Але далей зубы ўлезлі ў нешта вязкае, — груша і не груша. Караткевіч. / у перан. ужыв. У вушы чамусьці ўлезла і гучыць — ні на хвіліну не змаўкае — дзіцячая песенька. Сачанка. // Асесці, апусціцца, увайсці ў што‑н. Старая хата неяк яшчэ больш улезла ў зямлю, нахінулася набок побач з новым зрубам. Хадановіч.

5. Разм. Умяшацца ў якую‑н. справу. У размову ўлезла цётка Таццяна. Яна спыніла Данілу, мабыць, на самым цікавым месцы. Асіпенка. Стары падла, як кажа жонка, а ўлез у кашу, звязаўся з гэтымі зладзеямі! Дамашэвіч.

•••

Колькі ўлезе — уволю, колькі хочаш. [Мужчынскі голас:] — Знайшоў дзе месца чытаць. Бяры дахаты ды там і чытай, колькі ўлезе. Пальчэўскі.

Улезці ў даўгі (у доўг) — тое, што і залезці ў даўгі (у доўг) (гл. залезці).

Улезці ў душу — тое, што і залезці ў душу (гл. залезці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)