пачарпну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і чаго.

1. Разм. Зачэрпаць. У гэты час Ніна, якая прыгнулася да латка, каб пачарпнуць вады, выгукнула: — Ганна Сымонаўна! Сябры! Тут нейкія малюнкі! Дубоўка.

2. перан. Атрымаць, узяць, запазычыць адкуль‑н. Пачарпнуць веды з кніг. □ Калі і хадзілі раней байкапісцы ў суд, дык толькі дзеля таго, каб пачарпнуць жыццёвыя факты, уведаць — няхай, можа, і сумныя — чалавечыя гісторыі. Казека. Моц пачарпнуў Міцкевіч з жыцця. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераапрану́ць, ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Зняўшы адно, апрануць што‑н. іншае. Міхась паставіў машыну ў гараж, памыўся, пераапрануў касцюм і накіраваўся да будынка, у якім Зося займалася на вячэрніх курсах. Кавалёў. // каго. Апрануць у іншую вопратку. Яшчэ падумаў, што такой, мабыць, выглядала б і Дануся, каб пераапрануць яе ва ўсё вайсковае ды павесіць на яе аўтамат. Карпюк.

2. кім або ў каго. Апрануць каго‑н. з мэтай маскіроўкі. Пераапрануць у клоуна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перадыхну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Зрабіць глыбокі ўдых і выдых; перавесці дух. Юра перадыхнуў, быццам яму не хапала паветра. Якімовіч.

2. Зрабіць кароткі перапынак для адпачынку ў час хадзьбы, працы і пад. Рукі пачыналі млець і ныць ад стомленасці, цягнула хоць трошачкі перадыхнуць, на нешта абаперціся. Кулакоўскі. Адразу, не перадыхнуўшы пасля доўгага пераходу, кінуліся [танкісты] ў бой. Мележ. Усё часцей і часцей садзіліся птушкі, каб перадыхнуць — давалася ў знакі стома. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасмыкну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Зрабіць сутаргавы рух чым‑н. — Табе холадна? — спытаўся Валодзя, убачыўшы, што Ларыса перасмыкнула плячыма. Арабей. Канёк апусціў галаву, перасмыкнуў нагамі і застыў на месцы. Лупсякоў. // што. Перакрывіць твар, рысы твару. Алеся .. павольна, нават здзіўленымі вачыма, правяла гэтую пару, і нешта нервовае перасмыкнула яе твар. Пестрак. Ганарыстая, з’едлівая ўсмешачка перасмыкнула .. [Чэсіны] румяныя вусны. Брыль. / у безас. ужыв. Шыковіча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваім вушам. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

1. што. Перабыць які‑н. час у стане сну. Мядзведзі пераспалі зіму ў бярлозе. // і без дап. Пераначаваць, правесці ноч дзе‑н. Ну вось, пераспім сённяшнюю ноч і заўтра — у дарогу, — нарэшце сказала маці. Ус. [Валодзя:] — Што ж, пойдзем у Дубраўку, пераспім, а заўтра накіруем разведку ў Слабаду. Федасеенка.

2. Разм. Праспаць больш, чым трэба. Ці не выспаўся добра, ці пераспаў трохі? Ваданосаў. // каго. Праспаць даўжэй за каго‑н. Пераспаць усіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслізну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючыся, прайсці, праскочыць праз што‑н., паміж чым‑н. Пакуль я капаў, мае памочнікі так старанна перабіралі кожную грудку зямлі, што, бадай, і макавае зернетка не праслізнула б міма іх рук. Штыхаў.

2. Непрыкметна прайсці, прабрацца. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла. Колас. Толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысо́хнуць, ну, ‑неш, ‑не; пр. прысох, ‑ла; зак.

Падсохшы, прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. Скручаныя альховыя лісты прысохлі да галінак. Кулакоўскі. Таццяна развязала ручнікі, якімі яго перавязалі жанчыны і якія ўжо .. прысохлі. Шамякін. // перан. Захапіўшыся кім‑, чым‑н., закахацца. — Мала што. Трэба ўмець прываражыць. Эх, не на мяне .. [Уладзімір] нарваўся — прысох бы. Скрыган. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.

•••

Язык прысох гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхіну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Тое, што і прыхіліць. А вуха к зямлі прыхіні Ля кожнай шахцёрскай сядзібы — Пачуеш, Як у глыбіні Іх рукі варочаюць глыбы. Аўрамчык. Апошняе, што памятаў Віця, гэта, як бацька прыхінуў яго да сябе і яны разам асунуліся ў снег... Нядзведскі.

2. Разм. Прыкрыць, прыхаваць, засланіць чым‑н. Прыхінуць ложак коўдрай. □ Вайцех трымаўся ўзлесся, дзе яго ў любы час мог прыхінуць ельнік. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыцмо́кнуць, ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Цмокнуць губамі, языком, звычайна выказваючы якое‑н. пачуццё (здзіўленне, задавальненне, злосць і інш.). Апранаючыся, .. [Чыжык] агледзеў свае гамашы, здзіўлена прыцмокнуў языком. Лупсякоў. — Ты праўду кажаш. З Рыгора можа быць талковы брыгадзір, але... — тут Васіль прыцмокнуў языком. Арочка.

2. Цмокнуць, прымушаючы каня ісці. Старшыня ўзяўся за лейцы, зычна прыцмокнуў. Якімовіч. І я тут не адгаварыўся, усе разам кінулі мяне ў вазок на гарохавінне, і Алесь прыцмокнуў на каня. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рама́нс, ‑а, м.

1. Невялікі вакальны твор для голасу з інструментальным суправаджэннем. [Саша:] — Вы маглі даць няўдалую лекцыю, але гэта не можа пашкодзіць вам самім праспяваць, ну, напрыклад, раманс. Колас. // Невялікая музычная п’еса пявучага, меладычнага характару.

2. У сярэдневяковай заходнееўрапейскай літаратуры — лірычны любоўны верш песеннага народнага складу.

3. Невялікі лірычны верш, часта пакладзены на музыку. Рамансам таксама называюць лірычны твор, прысвечаны звычайна любоўным перажыванняў. Узорам беларускага раманса з’яўляецца «Зорка Венера» М. Багдановіча. А. Макарэвіч.

[Фр. romance.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)