нетутэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Які не нарадзіўся або не жыве ў гэтай мясцовасці; прыезджы. Арандаваць зямлю папрыязджалі нетутэйшыя людзі. Чорны. // Які не адносіцца да гэтай мясцовасці; чужы. Неўзабаве Руневіч заўважыў у натоўпе.. дзіўнага ягамосця ў цывільнай нетутэйшай вопратцы. Брыль. Як і сам чалавек, гэтак і яго песня была нетутэйшая і незразумелая нам. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лайда́к, ‑а, м.

Разм. неадабр. Бяздзейны, варты пагарды чалавек; лодар, гультай. — Лёс .. [Гузоўскай] склаўся не зусім удала: муж — п’яніца, лайдак і дармаед. Скрыган. [Кустрэй:] — Ты глядзі, лайдак, калі яшчэ пусціш быка ў мой авёс, то я з цябе юху спушчу! Колас. — Ах ты, лайдак! Ах, вуж печаны! — на ўсю загарадзь грозіць баба Алімпа. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прые́мна,

1. Прысл. да прыемны.

2. безас. у знач. вык. Прыносіць задавальненне, радасць. Дзяўчынцы прыемна ўсё, — і што сонейка свеціць, і што навокал лес. Брыль. [Лабановічу] было прыемна, нейкая радасць разлівалася ў крыві. Колас. Прыемна вяртацца на старое месца, дзе пражыта нямала гадоў, дзе добра знаёмы і кожны чалавек, і кожная сцежка. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыто́мнасць, ‑і, ж.

Стан, у якім чалавек здольны ўсведамляць, успрымаць навакольны свет (звычайна ў словазлучэннях: страціць прытомнасць, прывесці да прытомнасці, прыйсці да прытомнасці і пад.). Ад вострага болю ў назе хлопчык страціў прытомнасць. Сіняўскі. Прытомнасць зноў вярнулася, і Сідар пачуў дзесьці зусім блізка мужчынскія галасы. Галавач. Жанчына была без прытомнасці і трызніла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыці́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыцішыць.

2. у знач. прым. Прыглушаны, слаба чутны. Прыцішаны грукат бярвёнаў даходзіць здалёку і зблізку. Пестрак. Цемру тады поўніў гул машын, чуліся прыцішаныя галасы артылерыстаў, фырканне коней. Мележ.

3. у знач. прым. Замаруджаны, запаволены. Відаць, чалавек выбіваўся з сіл, запыняў бег, ішоў прыцішанаю хадою. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раззлава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раззлаваць.

2. у знач. прым. Якога ўвялі ў злосць, раззлавалі. Перад .. [Сымонам] стаяў не той рахманы жартаўнік Даніла, добры і памяркоўны швагер, а раззлаваны, чужы чалавек. Чарнышэвіч. Раззлаваны зубр надзвычай быстры і ярасны, можа накінуцца нават на чалавека. Хадкевіч. // Які выяўляе злосць, раздражненне. Раззлаваны твар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́кша, ‑ы.

1. ж. У некаторых краінах Усходняй і Паўднёвай Азіі і Афрыкі — невялікая двухколая каляска на рысорах, прызначаная для перавозкі пасажыраў і грузаў.

2. м. Чалавек, які, запрогшыся ў такую каляску, перавозіць пасажыраў і грузы. Стаю. Ужо трэці трамвай празвінеў, І вось падбягае з павозкаю рыкша, Павезці па вуліцы хоча мяне. Прыходзька.

[Япон.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Чалавек, які вызначаецца практычным падыходам да жыцця, цвярозымі адносінамі да рэальных абставін. Убраны кветкамі быў і вялікі патрэт найвыдатнейшага летуценніка і найвялікшага рэаліста — Леніна. Дубоўка.

2. Прадстаўнік рэалізму ў літаратуры, мастацтве. Пісьменнік-рэаліст. Мастак-рэаліст.

3. У дарэвалюцыйнай Расіі — вучань рэальнага вучылішча.

4. Паслядоўнік сярэдневяковага філасофскага рэалізму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

своекары́слівы, ‑ая, ‑ае.

Які клапоціцца толькі аб сабе, дбае пра ўласную выгаду; карыслівы. Своекарыслівы чалавек. □ У літаратуры нярэдка здаралася, што ў процівагу ідэальнаму герою паказваўся нядрэнны працаўнік, але не без заган: то своекарыслівы, то круты ў сям’і, то яшчэ з якой-небудзь хібай. «Полымя». // Заснаваны на асабістай выгадзе, карысці. Своекарыслівыя мэты. Своекарыслівы разлік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сінізна́, ‑ы, ж.

Разм. Сіні колер чаго‑н. Калі ўвесь час глядзець угору, то можна ўбачыць, як на лёгкай сінізне неба гэтак жа павольна, як і хмаркі, ляціць бялюткае павуцінне. Алешка. // Сіняватае адценне чаго‑н. Чалавек у пенснэ разгарнуў зялёную папку, выцягнуў батыставую хустачку, правёў ёю па чорных да сінізны вусах. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)