су́тнасць, ‑і, ж.
1. Самае істотнае, галоўнае ў чым‑н., унутраны змест чаго‑н. Сутнасць жыцця. Гаварыць па сутнасці справы. □ [Паходня:] — Жыццё складаней, чым вы [Заранік] паказваеце, і трэба акунуцца ў яго з галавой, каб разабрацца ў сутнасці таго, што адбываецца. Хадкевіч. Тут цяжка было дайсці да сутнасці і зразумець, хто з .. [моладзі] казаў праўду, а хто не. Машара.
2. У філасофіі — унутраная аснова прадметаў і з’яў, якая вызначае іх глыбінныя сувязі і адносіны, што выяўляюцца і пазнаюцца праз з’явы.
•••
Па сутнасці (у знач. пабочн.) — калі разглядаць аснову справы; на самой справе, у сапраўднасці. [Начальнік участка:] — На нас, па сутнасці, увесь завод працаваў. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
1. Перастаць хвалявацца, супакоіцца, прыціхнуць, заціхнуць. [Пагода] зарыўся тварам у куп’ё і суцішыўся. Бажко. Прыйшоўшы ў камітэт, Клара суцішылася і вельмі талкова расказала .. [Андрэю] пра недахопы ў рабоце. Асіпенка.
2. Аслабець у праяўленні чаго‑н. Закончан бой, і зарыва пажару То ўспыхне, то суцішыцца ў акне. Лойка. Свішча вецер, глуха стогне, Завывае ля дамоў, То суцішыцца, прыглохне, То усходзіцца ізноў. Васілёк.
3. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Калі ж заліў суцішыцца да сну І стануць нанач мачты, як асверы, Ён [рыбак] пойдзе, узяўшы рыбіну адну, — Кату берагавому на вячэру. Лось. Навокал усё даўно суцішылася, усё замерла. Ус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́нты, ‑аў; адз. няма.
Разм.
1. Лахманы; старая падраная адзежа, бялізна. [Марына:] — Былі б грошы, узяла б у Сомавай крэпжаржэтавы адрэз.. Даведаецца Андрэй, злаваць будзе. Ну і няхай злуе, не хадзіць жа мне ў старых трантах. Шахавец. [Іваноў:] — Адзін наш хлопец у трантах ходзіць, а зіма на дварэ. Новікаў. Калі той, хто назваўся шафёрам, скінуў з сябе абледзянелыя транты, перад позіркам паўстаў страшэнна схуднелы, змізарнелы чалавек. Навуменка.
2. Зневаж. Жаночыя ўборы. [Верхаводка да Дар’і:] Транты твае прадаваць пачну. Назапасіла, дзякуй богу, што хоць універмаг адкрывай. Губарэвіч. [Карніцкі:] — Няхай бы яна [Паліна] лепш патраціла свае грошы на кнігі, а не на мяшчанскія транты. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улаго́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Дагаджаючы чым‑н., задобрыць каго‑н. Каб канчаткова .. [краўца] улагодзіць, Анціп дастае самасаду, закурваюць. Рылько. Каб улагодзіць Казюка, .. [Адэля] вярнулася не з пустымі рукамі. Броўка. / Пра зямлю. Калгаснікі-плужане і калгаснікі-трактарысты ўступалі ў сацспаборніцтва, пры гэтым не забывалася, што зямлю трэба ўлагодзіць таксама і гноем і, асабліва, попелам. Колас.
2. Супакоіць, суцешыць. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай, вясёленькі, нёс новы анекдот, які павінен быў улагодзіць шэфа, калі той чым-небудзь угневаны. Шамякін. — Што ж ты, Паліна, не адна ж наша брыгада перайшла, — спрабаваў улагодзіць жонку Купчын. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́снік, ‑а, м.
1. Той, хто мае якую‑н. уласнасць; валодае чым‑н. У былых майстэрнях нейкага ўласніка, двух доўгіх .. будынках на ўскраіне.. танкісты аглядалі, рамантавалі машыны. Грамовіч. З кажуха кпілі хатнія, пасмейваўся і сам уласнік, але разлучацца з ім ніяк не хацеў. Лужанін. // Асоба, якой уласціва што‑н. Нават самы густы грэбень не мог даць рады, каб укласці гэты віхрасты чуб так, як хацелася б яго ўласніку. Якімовіч. — А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа. Колас.
2. Чалавек, які прагне цалкам уладаць чым‑н., не дзелячыся з іншымі. Закаранелы ўласнік. □ Трэба змяняць душы, псіхалогію .. [сялян]: уласнік павінен стаць калектывістам. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уніжэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уніжаць — унізіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. уніжацца — унізіцца. І расказваў дзед Талаш пра свае прыгоды, пра стажок, пра сваё ўніжэнне перад польскімі жаўнерамі, пра іх насмешкі і здзек. Колас. Калі чалавек заскарузне ў сваіх звычках.., дык ужо вельмі цяжка яго перайначваць. Усякая спроба змяніць натуру такога чалавека ў лепшы бок успрымаецца ім як уніжэнне яго асобы. Дуброўскі.
2. Тое, што прыніжае, зневажае чалавека, яго годнасць. Тое, што .. [Яраш] вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урадзі́цца, ураджуся, уродзішся, уродзіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вырасці, паспець (пра плады, злакавыя расліны і пад.). — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Колас.
2. Разм. Нарадзіцца, з’явіцца на свет (пра чалавека). [Жонка:] Я ведаю, што гавару. Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Або Марыльчына дзіця ўрадзілася на вялікае шчасце? Чорны. // Аказацца з якімі‑н. якасцямі, асаблівасцямі ад нараджэння. [Адам] прывык да сваёй адзіноты. Апраўдваўся: такі ён ужо ўрадзіўся. Замкнуты, нелюдзімы. Вышынскі. // у каго. Нарадзіцца падобным на каго‑н. Урадзіцца ў бацьку. □ — Дзіва што, — казала [Кліменту] Анісева маці. — Месца табе трэба шмат... І ў каго ты ўрадзіўся такі гмах? Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флегматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які характарызуецца марудлівасцю, спакоем, ураўнаважанасцю, слабым праяўленнем эмоцый (пра тэмперамент, нервовую арганізацыю). Флегматычны тэмперамент.
2. Уласцівы флегматыку. Маючы спакойны, нават крыху флегматычны характар, .. [Таня] ніколі не давала поўнай волі дзявочаму сэрцу. Машара. // Блізкі да абыякавасці. Спакойны, нават нейкі флегматычны на працы, малады майстар выглядаў цяпер зусім іншым чалавекам. Паслядовіч. / у перан. ужыв. Можа і надзею страціла.. [Прыпяць] вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Колас. // Які выказвае непарушны спакой, раўнадушнасць; апатычны. [Кірыла] загрукаў у дзверы лабараторыі. Адгукнуўся флегматычны голас: — Хто там? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цю́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Аднакр. да цюкаць.
2. каго. Забіць, прыкончыць. Шалёная думка была мільганула ў Міхася — цюкнуць шаўца табурэткай па галаве — і канцы ў ваду. Асіпенка. [Арцём:] Прыйшлі мы, вартавога цюкнулі, сувязнога гэтага для адводу звязалі. Брыль. // што. Надбіць. Цюкнуць яйцо.
3. Выпіць. Цюкнуць чарачку.
4. безас. перан. Раптоўна з’явіцца, узнікнуць (пра намер, думку, план і пад.). Адразу ж, у той жа момант, [Базылю] цюкнула: у гэтай варэйцы схавана Язэпава золата. Сачанка.
•••
Цюкнуць у галаву — тое, што і стукнуць у галаву (гл. стукнуць). Тут толькі хлопчыку цюкнула ў галаву: а што калі там Гараська прачнуўся ды выкуліўся з калыскі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)