падско́к, ‑у, м.

1. Скачок. Сабака плыў, а там, дзе было плытка, скакаў, робячы часам асабліва высокі падскок над сітнягамі, каб убачыць, дзе гаспадар. Караткевіч.

2. Разм. Прытанцоўванне. Пайшла «Лявоніха» з падскокам, Развёўшы рукі ў бакі. Чарняўскі.

3. у знач. прысл. падско́кам. Падскакваючы. Грыша схапіў кашулю і падскокам, вылецеў з пакоя. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папяро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паперы (у 1 знач.). Папяровая фабрыка. □ На папяровы камбінат Вязуць драўніну людзі... Кляўко. // Зроблены з паперы. Папяровыя кветкі.

2. перан. Які не ажыццяўляецца на справе, існуе толькі на паперы. — Паперкі захацелася? — жорстка сказаў Алесь. — Ведаеш, дзе б ты апынуўся са сваёй папяровай воляй? Глядзі... Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Падумаць; усебакова абдумаць. Раздумаў, разважыў Мікітка — Развагам навучыць бяда. Колас.

2. Падумаўшы, памеркаваўшы, адмовіцца ад задуманага, змяніць сваё рашэнне, намер. [Галя] паднялася, хацела нешта адказаць Івану, але раздумала і, развітаўшыся з Арцёмам, пайшла за дзверы... Ваданосаў. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы .. Таму раздумалі. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разду́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздурыць.

2. у знач. прым. Распешчаны; капрызны, свавольны. Даволі вострыя сутычкі Паўлінкі з бацькам выглядаюць толькі як свавольства адзінай і таму крыху раздуранай дачкі. Лужанін.

3. у знач. прым. Разбэшчаны, распусны. [Загорскі] пагарджаў суседзямі. Раздураныя бабы! Халуі! Пагарджаў іхнім цярпеннем, рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разлічыць.

2. у знач. прым. Наўмысны, загадзя абдуманы, не выпадковы. Назаўтра Мсціслаў паспрабаваў расказаць Міхаліне Раўбіч аб сапраўдным жыцці Алеся, аб разлічанай знявазе, якую чыніў яму невядомы вораг. Караткевіч. [Хлопец] так быў заняты працай, што здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэквізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Зрабіць (рабіць) рэквізіцыю чаго‑н. Гаспадар спахмурнеў. Па людзях хадзілі чуткі, што неўзабаве ў яго рэквізуюць і млын. Асіпенка. [Незнаёмы:] — Я — старшыня тутэйшага рэўкома. Рэквізую коней і драбіны. Лобан. [Салдаты] рэквізавалі ў адным з сёл мужыцкія сані і прыбылі на месца значна раней, чым мужыкі. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́дчыннік, ‑а, м.

Тое, што і наследнік. Андрэй стаў адзіным памочнікам у бацькі і спадчыннікам пакрыўленай хаціны, дзіравага хлеўчыка, у якім стаялі старая аднавокая кабыла ды карова Лысуха, і пунькі, што служыла адначасова і гумном. Хадкевіч. Нарадзіўся сын. Спадчыннік. Нарадзіўся Даніла, сын Акіма і ўнук Пятра, а праўнук Севярына і пранашчадак Глеба. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трызу́бец, ‑бца, м.

Жазло з трыма зубцамі — атрыбут бога мораў у грэчаскай і рымскай міфалогіі. Трызубец Нептуна. // Прылада ў выглядзе наканечніка з трыма вострымі зубцамі на доўгім дрэўку; мае рознае прызначэнне. [Янук] змоўк. Шырокі, белы ад вастрыні трызубец восцяў вісеў на ўзроўні яго вачэй. Караткевіч. Гушчар павалены адкідвай Трызубцам вострым, што ў руках. Пысін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утра́тны, ‑ая, ‑ае.

Стратны. — Багаты які кірмаш, — сказаў Алесь. — Багаты, — адказаў Кастусь. — Толькі ўтратны. Бацька казаў, што летась ледзь прадалі пятую частку ўсяго завезенага. Караткевіч. / у знач. наз. утра́тнае, ‑ага, н. Адзін з гасцей параіў быў праз суд спагнаць з Грамабойчыка ўтратнае. Крапіва. Ужо, каб вяселле раскідаць, трэ было ўтратнае вярнуць. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бро́нзавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да бронзы. // Зроблены з бронзы. [Багуцкі] так ударыў кулаком па стале, што перакулілася бронзавая чарніліца. Лынькоў.

2. Цьмяна-залацісты або карычневы; колеру бронзы. Хлопчык быў у адных трусіках на шлейках, моцна складзены, увесь бронзавы ад загару. Хадкевіч. Над дрэвамі ўжо ўзляталі бронзавыя хрушчы. Караткевіч.

•••

Бронзавы век гл. век.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)