ама́тар, ‑а, м.

1. Ахвотнік да чаго‑н. Аматар на выдумкі. Аматар музыкі. □ [Прыборны] быў вялікі аматар усяго над звычайнага, прыгодніцкага. Шамякін.

2. Той, хто займаецца чым‑н. не як прафесіянал; любіцель. Рыбалоў-аматар. □ Гэта будуць свае, калгасныя артыстычныя кадры з досыць высокай кваліфікацыяй. Цяжка сказаць, хто яны: аматары ці прафесіяналы? Дуброўскі.

[Фр. amateur ад лац. amator.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахо́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Управіцца, справіцца, пакончыць з кім‑, чым‑н., завяршыць якую‑н. работу. — Цяжкавата такую прастору касой аходаць, — гаварыў Антось Жыгалка. Дуброўскі. Як толькі Андрэйка ўзняўся на ногі гэтак, што без старэйшага брата мог аходаць зямлю, Броня пайшоў у старую кузню вучыцца за каваля. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакана́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які пераконвае, прымушае паверыць у правільнасць, праўдзівасць чаго‑н. Пераканаўчы факт. □ Мужчыны гадавалі пытанні і ўважліва слухалі пераканаўчыя адказы. Шамякін. З даўніх гадоў ведаў .. [Азяўчыкаў]: жаўцее ўвосень жыта — пераканаўчая прыкмета недароду. Дуброўскі. // Пранікнуты сілай перакананасці. Вобразы былі такія яркія і пераканаўчыя, што ім нельга было не верыць. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змро́чна,

1. Прысл. да змрочны.

2. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці змроку, прыцемку дзе‑н. У хляве ўжо было змрочна, і, каб агледзець свіней, Курловіч папрасіў ліхтар. Дуброўскі.

3. безас. у знач. вык.; перан. Аб наяўнасці змрочнага, цяжкага настрою ў каго‑н. Змрочна было на душы Васіля Раманавіча. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заклапо́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад заклапаціць.

2. у знач. прым. Ахоплены клопатам, турботай. Пятро, пануры, заклапочаны, моўчкі апусціўся на дол. Колас. Каля сцяны, недалёка ад касы, стаялі заклапочаныя Сеня і Толя. Пальчэўскі. // Які выражае клопат, турботу. У суседнім купэ плакала дзіця і чуліся заклапочаныя галасы дзвюх жанчын. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галалёдзіца, ‑ы, ж.

Ледзяная корка на паверхні зямлі, не пакрытая снегам; галалёд. Зноў прыціскаў марозік, і галалёдзіца шклом пакрывала дарогі. Дуброўскі. // Стан пагоды, калі паверхня зямлі, дрэў і інш. пакрыта ледзяной коркай. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адтапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Аддзяліць ад чаго‑н., адставіць (руку і інш.). [Пчолка].. адтапырыць крылцы і лезе з галоўкай у маленькую кветачку. Пташнікаў. Галя адтапырыла тонкія губы, прыжмурыла вочы.. і адмоўна крутнула галавою. Дуброўскі. // Расхінуць, разгарнуць. Сахрон прысеў да нас на дошкі, кульцяпкаю правай рукі.. адтапырыў кішэню штаноў. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вешчава́ць, вяшчую, вяшчуеш, вяшчуе; незак., што і без дап.

1. Высок. Гаварыць, абвяшчаць. Гэта радасць ідзе і вяшчуе Аб нязнанай дагэтуль долі. Дзяргай.

2. Прадказваць, прадракаць. Толькі недзе голас жураўліны Зноў вяшчуе раннюю зару. Прануза. Правільна вешчавала Аўдуля Ахцімчык. Ні Хрысцюк, ні Касцецкі, ні іхнія жонкі на работу не пайшлі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́піўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. ‑півак; ж.

1. Выпіванне спіртных напіткаў. Абед з выпіўкай. □ Заглянула [Тамара] па дарозе.. у сельмаг і застала там свайго мужа Кірыла за выпіўкай. Дуброўскі.

2. Бяседа, пачастунак з віном, гарэлкай.

3. Тое, што прызначана для выпівання; віно, гарэлка. Сталы трашчалі ад выпіўкі і закускі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрактыкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

1. Набыць вопыт, навык. — А раз чалавек любіць сваю справу і стараецца — у яго заўсёды выйдзе. Ён і веды набудзе, і спрактыкуецца. Дуброўскі.

2. Даведацца на практыцы. — То што, — сказаў дзядзька Язэп, — не заўсёды .. [сівагракі] прылятаюць перад холадам, я не спрактыкаваўся, каб яны .. паказвалі холад. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)