за́сціць, зашчу, засціш, засціць; незак., каго-што.
Разм. Засланяць, затуляць сабой. [Бярозы] засцяць густым галлём, засланяюць неба над вуліцай і над Сузонавым дваром. Галавач. [Дождж] сеяўся як праз сіта і вільготнай імглой аасціў дрэвы, засціў нізкае восеньскае неба. Лынькоў. // перан. Засланяць, ставіць на задні план. Хай адгэтуль далёка Да жаданага шчасця, Вобраз твой яснавокі Мне пакуты не засцяць. Вітка. Як сустрэцца, дзяўчо, нам пашчасціла? Чым і як ты наўкола ўсё засціла? Дзяргай.
•••
Засціць вочы — перашкаджаць добра бачыць. Каршукоў задыхаўся. Буйныя гарачыя слёзы засцілі вочы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зацьмі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго-што.
1. Засланіўшы сабою, зрабіць нябачным, непрыметным. Хмары зацьмілі сонца. □ Здаецца, свет звузіўся вакол цябе, шэрань зацьміла далягляд, і паветра насыпана пераднавальнічнымі подыхамі. Хадкевіч. // Пазбавіць магчымасці бачыць. Густы туман зацьміў вочы, і нейкі час Лагуцька ступаў наўгад, вобмацкам. Сіняўскі.
2. перан. Перавысіць каго‑н. сваімі якасцямі, заслугамі, адсунуць на задні план. Фельдфебель не мог адразу ачуняць ад такога геройства бацькі і зацьміць яго прыкладам яшчэ большай мужнасці. Брыль.
3. перан. Пазбавіць яснасці, зацямніць. Зацьміць розум.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць шорсткім, цвёрдым, шурпатым (пра скуру, паверхню чаго‑н.). Бачыць.. [Дуню] хацелася інакшай: не ў гэтым каляным брызенце — камбінезоне, не з рукамі, што, безумоўна, агрубеюць.., а заўсёды светлай, прыгожай. Хадкевіч. // Стаць больш грубым, нізкім (пра голас). // перан. Страціць вастрыню, сілу. Слых ад кананады агрубеў, Сонца задыхаецца ад дыму. Панчанка.
2. Стаць вонкава нязграбным, страціць мяккасць, тонкасць (пра аблічча, выгляд). // Страціць душэўную далікатнасць, стаць менш чулым, чэрствым. За гэту страшную пару незлічоных людскіх пакут Глечык ужо агрубеў нутром. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праклясці́, ‑кляну, ‑клянеш, ‑кляне; ‑клянём, ‑кленяце; пр. пракляў, ‑кляла, ‑ло; заг. пракляні; зак., каго-што.
1. Падвергнуць праклёну. Крымянец больш не бачыць той цёмнай жанчыны, якая некалі пракляла яго і пракляцце якой як бы здзейснілася. Кучар. [Ілька:] — І яшчэ я думаю, каб мы кінулі сваё валацужнае бруднае жыццё,.. і каб мы ўсе працавалі... [Марта:] — Калі ты зробіш так, цябе пракляне ўвесь род... Каваль.
2. Моцна вылаяць, выказваючы гнеў, злосць, абурэнне. Праклясці ўсё на свеце. □ Пракляў Лявон Нарбутовіч і малацьбу, і малатарню, і сваю дурноту. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плён, ‑у, м.
1. Тое, што вырашчана: садавіна, гародніна, зерне і пад.; ураджай. Не злічыць у ім [садзе] плёнаў: грушаў, яблыкаў, сліў. Машара. Не зробіш гэтага, не паставіш кій ці не нацягнеш нітку, па якіх бы фасоля магла віцца, — не чакай і плёну. Сачанка.
2. перан. Вынік старанняў; дасягненне. — У палку мне добра. Лятаю і лятаю. Адразу бачу плён сваёй работы... Алешка. Дапісана апошняя старонка, правераны разлікі, цытаты і формулы, прыведзены ў парадак чарцяжы, і — хораша бачыць плён сваіх пошукаў і пакут. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папяро́к,
1. прысл. Па шырыні; упоперак; проціл. ўздоўж. [Дзед:] Прайшоў я ўздоўж, папярок Беларусь і Літву. Людзей усякіх бачыць прыйшлося. Танк. Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «папярок» выражае прасторавыя адносіны: указвае на напрамак, які адпавядае шырыні чаго‑н. [Шаховіч:] — Як гэта магло здарыцца, што машына апынулася папярок дарогі? Мяжэвіч.
•••
Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.
Станавіцца папярок дарогі каму гл. станавіцца.
Стаць папярок дарогі каму гл. стаць.
Стаяць папярок горла гл. стаяць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Відушчы ’які валодае зрокам’ (БРС, КТС, Сцяшк. МГ), відушчый ’тс’ (Нас.), стаўб. ’чалавек, які ўсё заўважае’ (Жд. 1). Укр. видю́щий ’тс’, ’яўны’, рус. видущий ’той, хто добра бачыць’, польск. уст. widzący ’прарок’, чэш. vidoucí ’відушчы’. Запазычана, відаць, з царкоўнаславянскай мовы з заменай суф. ‑ашчы на суф. ‑ушчы з абагульненым значэннем Nomina agentis. У ст.-бел. мове відушчы адсутнічае (ёсць толькі видячій, видящий). Сюды ж відушчасць ’празорлівасць’, відушча ’празорліва’ (КТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сваяво́ліць ‘дурэць, сваволіць’ (Нас., Сцяшк. Сл.), сваяво́ля ‘свавольства’ (Нас.), сваево́ля (Пятк. 2), сваяво́л ‘гарэза; неслух’ (Гарэц.), сваяво́лно ‘без уліку чужых інтарэсаў і абставін’ (Сержп. Прымхі). Самастойнае ўтварэнне ад свой 1 (гл.) і воля (гл.), як і рус. своево́ля, насуперак Віткоўскаму (Słownik, 170), які хоча бачыць у апошнім запазычанне з польск. swawola (гл. сваволя), параўн. ст.-слав. своѥволиѣ, балг. своево́лие, своево́лнича і іншыя ўтварэнні ад *svoj (БЕР, 6, 562).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыкара́скацца ’прывязацца, прычапіцца, прыстаць’ (Байк. і Некр., Растарг., Янк. 1, Ян.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кара́скацца ’карабкацца’ (гл.) з развіццём (зменай) семантыкі; параўн. аналагічнае зах.-бранск. прикара́скаться ’прычапіцца да некага дакучліва’. Бяспрэфіксны дзеяслоў надзейнай этымалогіі не мае. Спроба яшчэ Брукнера (219) звязаць з кара́сь, паўтораная таксама ЭСБМ (4, 264), выглядае зараз этымалагічным кур’ёзам. Падаецца, што лагічней бачыць тут рэгрэсіўную дысіміляцыю выбухной групы ‑[пк]‑ у кара́бкацца > ‑[ск]‑ у кара́скацца, абумоўленай, магчыма, экспрэсіўным ужываннем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пузга́н ’пузацік’: чародка малых суседскіх пузганоў (глыб., Полымя, 1998, 12, 108), пузан, пузган ’чалавек з вялікім жыватом’ (бяроз., шуміл., паст., Сл. ПЗБ). Да пу́за (гл.); форма пузан узмоцнена экспрэсіўным суфіксам -гай (параўн. аўчуган, зладзю‑ гай і пад.). Саўка (Запісы, 23, 56) бачыць у пуцган ’пузаты’ (Стома–Сініца) першаснае пузан з устаўным г, характэрным для ўсходнебалтыйскага арэала, паралельнае да лазіць — ладзган ’пра малое, якое лазіць куды не трэба’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)