сарва́ць, -рву́, -рве́ш, -рве́; -рвём, -рвяце́, -рву́ць; -рві́; -рва́ны; зак., што.

1. Рэзкім рухам аддзяліць, зняць, сцягнуць.

С. астру.

С. вароты з завесаў.

Вецер сарваў бялізну з вяроўкі.

С. шапку з галавы.

2. Рэзкім рухам, моцна націснуўшы, сапсаваць (разьбу і пад.).

3. Пашкодзіць здароўе, галасавыя звязкі ад пастаянных празмерных перагрузак.

С. здароўе.

С. голас.

4. перан. Перапыніць ход чаго-н., не даць магчымасці ажыццявіць што-н.

С. графік работы.

С. лекцыю.

С. канцэрт.

5. перан. Атрымаць ад каго-н. у выніку ашуканства, вымагання (разм.).

С. вялікія грошы з каго-н.

6. перан. Са словамі «злосць», «гнеў», «незадавальненне» і пад. ўжыв. ў знач. выказаць, спагнаць злосць, гнеў, незадавальненне на кім-н.

С. злосць на дзецях.

Сарваць галаву каму (разм.) — строга пакараць каго-н.

Сарваць маску з каго — выкрыць каго-н., паказаць сапраўдны твар каго-н.

|| незак. зрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. зрыў, зры́ву, мн. зры́вы, зры́ваў, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ці́снуць, -ну, -неш, -не; -ні; незак.

1. каго-што і на што. Налягаць сваім цяжарам на каго-, што-н.; націскаць.

Ц. нагой на рыдлёўку.

Ц. на кнопку званка.

2. перан. Прыгнятаць, душыць.

Боль ціснуў грудзі.

3. Сціскаць.

Крыгі ціснулі лодку.

Ц. руку.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць цесным, сціскаць цела (пра абутак, адзежу).

Чаравікі ціснуць.

Пінжак цісне ў плячах.

5. перан. Настойваць, дамагацца, напіраць, прымушаць.

На яго ціснулі, прымушалі завяршыць работу.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Мучыць, турбаваць празмернымі цяжкасцямі.

У час вайны людзей ціснуў голад.

7. Прыціскаць, туліць.

Маці ціснула дзіця да грудзей.

8. што. Выціскаць.

Ц. сок з яблык.

Ц. алей.

9. Рабіць (віно, гарэлку) саматужным спосабам; гнаць (разм.).

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічвацца, узмацняцца (пра мароз, холад).

Мароз цісне.

11. Старацца закончыць, завяршыць якую-н. творчую работу (разм.).

Ц. дысертацыю.

|| наз. ціск, -у, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

но́ша, ‑ы, ж.

Груз, які пераносіцца на сабе. За плячыма ў чалавека была цяжкая ноша, а ў руках кіёк. Сергіевіч. А ноша ў нас не малая: у руках кош з булкамі, на галаве бляха з пірожнымі. Гурскі. // перан. Усё тое, што абавязан хто‑н. выканаць, здзейсніць. Узяць ношу не па плячу. □ Нялёгкая ноша лягла па плечы дваццаціпяцітысячніка Лісіенкі. «ЛіМ». // перан. Аб чым‑н., што прычыняе клопат, турботы. О неспакойная ноша Думак заўжды маладых, Скарбу ўпарты пошук, Першай удачы сляды! Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

немата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.

1. Адсутнасць дару мовы.

2. перан. Нямая цішыня. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. Шыба раптам .. неяк трывожна закалацілася і.. як быццам парушыла немату вячэрняга спакою. Васілевіч. Мне ясным сонцам лёс наканаваны — Не ведаць змрочных лёхаў нематы. Барадулін.

3. перан. Бяспраўе, прыгнечанасць. З векавой нематы і адсталасці, Узнімаючы ленінскі сцяг, Мы прыйшлі да заможнае сталасці, Да вялікага сэнсу жыцця. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́гна, прысл.

З вялікай ахвотай, жаданнем. Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. Павел, які сядзеў на канапе і прагна курыў, уздрыгнуў і баязліва паглядзеў на сястру. Шамякін. / у перан. ужыв. Языкі полымя прагна пачалі лізаць здабычу. Новікаў. // перан. З вялікай цікавасцю, інтарэсам; нецярпліва. Аленка прагна, але дарэмна ловіць словы — нічагутк[і] не чуваць. Колас. Як там, на далёкай чужыне, Так прагна ён вестак чакаў. Ад родных сваіх і ад сына. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́гава, ‑а, н.

1. Паглыбленне ў зямлі, якое служыць жыллём зверу. У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // перан. Разм. Жыллё, пасцель чалавека (звычайна непрыгляднае, неахайнае). Сям’я спала на зямлі ў саламяным логаве, ратуючыся ад холаду. Якімовіч. Сам Іванюк ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас.

2. перан. Разм. Месца размяшчэння варожых сіл. Майстрэнка з дзвюма баявымі групамі .. нечакана наляцеў на фашысцкае паліцэйскае логава. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

губі́ць, гублю, губіш, губіць; незак., каго-што.

1. Нішчыць, псаваць, рабіць непрыгодным. Ад лясоў, як даведаўся Петрык, і клімат робіцца мякчэйшым, і знікаюць засухі, што губяць пасевы. Якімовіч. // перан. Дарэмна, бязмэтна траціць (час, сродкі, сілы і пад.). Нашто губіць век малады І траціць леты без карысці? Колас.

2. Зводзіць са свету, забіваць. Воўк пад дубам скалазубы — Ажно страх — Варана патрошыць, губіць У кустах. Шушкевіч. // перан. Рабіць няшчасным, пазбаўляць нармальнага жыцця. [Марыля:] Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе гэтай гульнёй непатрэбнай. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць да канца ці да якога‑н. месца. Хата дагарэла. Адна абкураная печ сіратліва стаяла на вогнішчы. Шамякін. Вэня.. трымаў рукі ў саломе, пакуль запалка не дагарэла да пальцаў. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Перастаць свяціцца; патухнуць. А зара як дагарыць, Усё звоняць камары. Танк.

3. перан. Зачахнуць, памерці. Увосень здароўе Зосі вельмі пагоршылася, і яна дагарэла, як свечка, на віду ў любага чалавека. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захлябну́цца і захлібну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Задыхнуцца ад вады, што трапіла ў рот, горла; захлынуцца. Яшчэ хвілінка, і перавернецца плыт, паляціць на пясчанае дно кулямёт, захлібнуцца ў вадзе кулямётчыкі. Лынькоў.

2. Мімаволі перарваць дыханне ад якога‑н. моцнага пачуцця. Жанчына нібы захлібнулася енкам, прыціхла, толькі жаласліва ўсхліпвала. Арабей.

3. перан. Спыніцца, сарвацца (пра атаку, наступленне). Падаспелі нашы танкі, і контратака нямецка-фашысцкіх войск захлябнулася. Гурскі.

4. перан. Перастаць дзейнічаць; змоўкнуць. Кулямёт захлябнуўся. □ Зазвініць піла, захлябнецца, потым зноў зазвініць. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацьмі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго-што.

1. Засланіўшы сабою, зрабіць нябачным, непрыметным. Хмары зацьмілі сонца. □ Здаецца, свет звузіўся вакол цябе, шэрань зацьміла далягляд, і паветра насыпана пераднавальнічнымі подыхамі. Хадкевіч. // Пазбавіць магчымасці бачыць. Густы туман зацьміў вочы, і нейкі час Лагуцька ступаў наўгад, вобмацкам. Сіняўскі.

2. перан. Перавысіць каго‑н. сваімі якасцямі, заслугамі, адсунуць на задні план. Фельдфебель не мог адразу ачуняць ад такога геройства бацькі і зацьміць яго прыкладам яшчэ большай мужнасці. Брыль.

3. перан. Пазбавіць яснасці, зацямніць. Зацьміць розум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)