Мільга́ць, мельга́ць, мілька́ць, мільгаце́ць ’паказвацца на кароткі час і знікаць’, ’хутка праносіцца адно за адным’, ’свяціць коратка, бліскаць’ (ТСБМ, Нас., Шат.), мелькану́ць, мількану́ць ’мільгануць’ (Нас., Яруш., Бяльк.), мі́льгацца ’мітусіцца’ (Жд. 1). Укр. мелька́ти, рус. мелька́ть (а таксама новасіб. мельга́вка ’малёк’, разан. мельгу́н, мельгу́ша ’той, хто падміргвае’, ’гарэза’. Відавочна, балтызм. Параўн. літ. mérkti ’жмурыцца’. Мена r/l — магчымая ў балт. мовах (напр. mìrkterėti і mírtelėti ’заморгаць хутка, вочы заплюшчыць і расплюшчыць’. Азванчэнне к > г адбылося пад уплывам семантычна блізкай лексемы міргаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Курга́н1 ’высокі старадаўні магільны насып; гурба’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., ТС, Сцяшк., Мат. Маг., Федар.), укр. курган, рус. курган ’тс’. Паводле Заянчкоўскага (22–23), усходнеславянскае запазычанне з палавецка-кіпчацкай мовы kurgan ’тс’ ад кораня kur‑ ’узводзіць, узмацняць’ (параўн. Фасмер, 2, 404; Слаўскі, 3, 402–403).

Курга́н2 ’шматок пашы ці лесу сярод палёў’ (Нар. лекс.). Гл. курган1.

Курга́н3 ’востраў, які ўтвараецца ў час паводкі’ (Нар. словатв., Федар. Рук.). Гл. курган1.

Курга́н4 ’куст’ (Касп.). Да курган2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зато́рыч ’выраз, паз, у які ўстаўляецца дно бочкі’ (Мат. Гом.). Параўн. утора ’тс’, рус., укр. утор, польск. wątor, чэш. útor і г. д. Прасл. ǫtorъ. Чэш. дыял. zátor ’падмыты бераг’. Форма заторыч пацвярджае корань тор‑ у слове утора (гл.); тор‑ суадносяць з церці < ter‑//tьr‑ (Фасмер, 4, 175), прычым Махэк., (672) указвае, што ён меў значэнне ’рэзаць’ (ст.-чэш. tříti). Заторыч утворана з суф. ‑ыч < ‑ičь, які далучаўся да аддзеяслоўнай з чаргаваннем галоснага асновы *zator‑. Час утварэння слова няясны. Параўн. зачыр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снара́д ‘гарматны боепрыпас’ (ТСБМ), ‘ступка з таўкачом’ (Сцяшк. Сл.), знара́д ‘гарматны набой’ (Некр. і Байк.). Ст.-рус. снарядъ сустракаецца ў перадачы слоў гетмана Хадкевіча ў 1615 г.: велѣлъ ис снаряду палит, што можа сведчыць пра наяўнасць слова ў спецыфічным значэнні ‘гармата’ ў старабеларускі перыяд, у той час, як у рускіх помніках шырока ўжывалася нарядъ ‘артылерыя’ (Адзінцоў, Этимология–1981, 89–90). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, запазычана з рус. снаряд. Гл. Трубачоў, Дополн., 3, 697; ЕСУМ, 5, 333. Гл. нарад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэмялі́на ‘брызгліна, Enonymus L.’ (гродз., Кіс.). Відаць, да стрэмя (гл.), паводле знешняга падабенства пладоў, параўн.: “каробачка, выспеўшы, лопаецца, і чорнае насенне вісіць некаторы час на валокнах”, гл. Янышкава, Этимология–1985, 42. Параўн. таксама польск. trzemielina ‘тс’, якое выводзяць з przemielina (Махэк, Jména, 141–142) або ад trzmiel ‘чмель’ (з-за двухколернасці чмялёў), гл. Брукнер, 581. Гл., аднак, польск. дыял. strzemielina ‘брызгліна’ (Варш. сл., калі гэта не з беларускай), што пацвярджае зыходную сувязь з *(s)tremę або другаснае з ім збліжэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З’яўляцца, паказвацца на кароткі час і знікаць; з’яўляцца час ад часу. Белая суседчына хустка мільгала за рэдкім плотам. Мікуліч. // перан. З’яўляцца, праносіцца ў памяці. Не раз мільгала думка — стаць ляснічым, садзіць бярозы і сосны. Навуменка. Нешта даўно забытае мільгала ў памяці. Чарнышэвіч.

2. Хутка праносіцца адно за другім, зменьваючы адно другім. Міма вокнаў вагона мільгаюць пералескі, злёгку кранутыя пазалотай восені. Шахавец. Міналася спусцелае поле і голыя гайкі, і мільгалі на спатканне тэлеграфныя слупы. Гарэцкі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць коратка, з перарывамі; бліскаць. Насупраць мільгаюць зарніцы, Гудуць урачыста гудкі. Хведаровіч. — Глядзіце, глядзіце! Вунь там мільгае агеньчык! Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папа́свацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Карміць коней у дарозе ў час адпачынку; рабіць папаску. Выберам які-небудзь лясок па дарозе і спынімся папасвацца. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасвіцца дзе‑н. час ад часу. Метраў на дзвесце хвасты ў канюшыне аб’едзены: відаць, не раз гэтыя кароўкі тут папасваліся. Лобан.

3. перан. Разм. Мець пажыву, карысць. [Ціток:] — Чужыя [людзі] каля мяне папасваюцца, а свой чалавек, мой божа, з голаду памірае. Лобан.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і пасвіцца. На лугавінв папасвалася чарада калгасных кароў. Бялевіч. Крокаў за дзесяць ад агню, у негустым зарасніку, папасвалася рыжая, з белымі падпалінамі на баку карова. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасвяці́ць 1, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.

1. Свяціць, асвятляць каго‑, што‑н. некаторы час. [Камандзір] запаліў ліхтарык, пасвяціў. Бачу, ласуецца наша пушыстая даўгахвостка [лісіца] смажанай курыцай. Няхай. [Пракоп:] — Вазьмі сярнічкі. Пасвеціш мне. Баранавых.

2. Свяціцца, блішчаць некаторы час.

пасвяці́ць 2, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак., каго-што.

1. Правесці абрад, паводле якога надаецца каму‑, чаму‑н. святасць. [Старыя з папом] прайшлі ўсю вуліцу і выйшлі на поле, каб пасвяціць яго. Сабаленка.

2. у што. Пазнаёміць з чым‑н. патаемным, што не ўсім вядома. Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

3. у каго. Уст. Пры дапамозе пэўных абрадаў надаць які‑н. духоўны сан, якое‑н. званне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці некаторы час гуляючы. Прагуляць гадзіну на свежым паветры. // Пралодарнічаць, прагультаяваць. [Шэмет:] — Прагулялі лета, а цяпер дроў шукаеце? Лобан.

2. што і без дап. З-за гульні прапусціць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. Прагуляць абед. □ — Ды і рагатку, відаць, прагуляў недзе, — глянуў .. [Сакоўскі] на Алешкавы рукі. Якімовіч.

3. што і без дап. Зрабіць прагул, не пайсці на работу.

4. што. Патраціць на гулянне, п’янства. Багаты ў мінулым, .. [Анупрэй] прагуляў большую палавіну свайго хутара. Пестрак.

5. Правесці некаторы час у п’янстве, гулянках.

6. Пацярпець паражэнне ў гульні. // каго-што. Прайграць каго‑, што‑н. Цівун ухмыльнуўся тоўстымі губамі: — Мусіць, заслужыў, калі пан прагуляў цябе... Добрага работніка не прагуляў бы! Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́р, ‑у, м.

1. Душная гарачыня, спякота ў паветры ад сонца. Іскрыцца сонейка. Прыпар. Бялевіч. То ў бубны дахаў снежны вецер біў, То навальніца у прыпар грымела, Трубач над зыркім вогнішчам трубіў — І ўсё было да болю зразумела. Грахоўскі.

2. Напружаная летняя праца ў полі (у час касьбы, жніва). Следам за сенакосам падыходзіў жніўны прыпар. Асіпенка. У самы прыпар прыехала на хутар бабка Югася, каб паглядзець дзяцей, пакуль маці і бацька будуць ўпраўляцца з касьбою і жнівом. С. Александровіч. // перан. Найбольш напружаная праца, якая наступае час ад часу, а таксама перыяд такой працы. Кафедры правяралі выкананне вучэбных планаў і паспешліва рыхтаваліся да чарговага інстытуцкага прыпару. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)