дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.
1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.
2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.
3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.
•••
Дрэнныя жарты гл. жарт.
Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.
Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раз’е́хацца, ‑едуся, ‑едзешся, ‑едзецца; зак.
1. Пакінуць месца свайго знаходжання, ад’язджаючы ў розныя месцы — пра ўсіх, многіх. Госці раз’ехаліся, і Казімір Рэклайціс .. стаў жыць адзін, праводзячы час з парабкамі. Пестрак. МТС мае ўжо два дзесяткі трактараў, заўтра будуць створаны трактарныя брыгады, пад вечар яны раз’едуцца ў калгасы. Хадкевіч. // Ад’ехаць адзін ад дру гога ў розныя бакі. Каля дванаццатай гадзіны натоўп заўважыў, што некалькі коннікаў Чырвонай Арміі ці[шк]ом выехалі на наберажную і раз’ехаліся скрозь па ёй. Чорны. // Разм. Перастаць жыць разам. Развіталіся турысты. Думалі — раз’едуцца ў розныя бакі жартаўнік і ціхая прыгажуня. Ды не... Гроднеў.
2. Праязджаючы па адным шляху насустрач адзін аднаму, размінуцца. Раз’ехацца на дарозе. // Не зачапіць, аб’ехаць адзін аднаго пры сустрэчы. Вулачка такая вузкая, што нельга раз’ехацца.
3. Разысціся, рассунуцца ў розныя бакі (пра што‑н. звязанае, складзенае і пад.). Хіба адзін падымеш воз, калі ён перакуліўся? А калі, барані бог, ён яшчэ і раз’ехаўся і яго трэба перакладаць? Чарнышэвіч. // Разысціся ў розныя бакі, слізгаючы на гладкай, коўзкай паверхні. Лось нават не страпянуўся, асеў толькі ніжэй на снег; раз’ехаліся ў бакі па лёдзе пад ім ногі... Пташнікаў.
4. Разм. Рассунуцца ў бакі, утварыўшы прамежак, праход. Аўтобус спыніўся, і пярэднія дзверцы нячутна і мякка раз’ехаліся. Адамчык.
5. Разм. Разваліцца, падрацца ад доўгага ўжытку. Крэсла раз’ехалася. □ І левы бот разявіў рот — Раз’ехаліся боты! Блатун.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.
1. каго-што. Прымусіць пайсці адкуль‑н. [Лабановіч] помніць спатканне з незнаёмаю жанчынаю, што ішла да яго, а ён прагнаў яе. Колас. Стары таксама падняўся.., без патрэбы паправіў на стале бялюткі абрус, прагнаў з лавы ката. Васілевіч. // Вызваліць прымусова ад выканання якіх‑н. абавязкаў. [Антаніна Пятроўна:] З завода цябе прагналі, і тут я вінавата. Крапіва. // Прымусіць адступіць (ворага, непрыяцеля). Калі ж прагонім чужаземца, Калі пакінем мы лясы, Случчанка гладзіць зноў красёнцы Ткаць залатыя паясы. Астрэйка.
2. каго-што. Гонячы, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку праз што‑н., побач з чым‑н. і пад. Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных немцаў. Гурскі. — Я табе памагу прагнаць [кароў] паўз грэчку, — сказаў Скуратовіч. Чорны. // Накіроўваючы куды‑н., правесці. Прагнаць плыты.
3. перан.; што. Прымусіць знікнуць; рассеяць, спыніць, пазбавіцца чаго‑н. Думкі зусім прагналі сон. [Якаў] адчыніў свіран і сеў на парозе. Чарнышэвіч. Пачуўся недзе далёка-далёка плач трубы пастуха. Гэты знаёмы і блізкі сэрцу гук прагнаў усе змрочныя думкі. Чарот.
4. што і без дап. Вельмі хутка праехаць, прабегчы якую‑н. адлегласць.
5. што. Хутка рухаючыся або накіроўваючы рух чаго‑н., утварыць пракос, разору і пад. Прагнаць пракос. Прагнаць разору.
6. перан.; што. Разм. Напіцца; наталіць. [Нор] піў і ўсё ніяк не мог прагнаць смагу. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарма́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да формы (у 3 знач.), абумоўлены формай. Фармальны пачатак у навуцы. Фармальная логіка.
2. Звязаны з формай (у 5 знач.). Можна было б яшчэ многа сказаць пра фармальныя асаблівасці «Безназоўнага». Бярозкін. З найбольшай выразнасцю выявілася .. [творчая манера М. Багдановіча] .. у фармальных пошуках паэта, у тых вершах, якімі ён рабіў класічныя традыцыі майстэрства сусветнай паэзіі здабыткам роднай літаратуры. Лойка. // Які падае галоўнае значэнне форме (у 5 знач.); фармалістычны. Фармальнае наватарства.
3. Зроблены па форме (у 7 знач.); афіцыйны, законны. Сурвіла, не чакаючы больш фармальнага дазволу, .. рушыў на двор ратушы. Чорны. [Клава:] — Ці зарэгістраваны ты? Калі не, дык гэта не страшна. Фармальнага поваду няма... Асіпенка. [Вэсман:] Калі яго [Азорыча] дзяўчына апазнае І дасць пры пэўных сведках паказанні, Што ён ёй перадаў якіясь весткі, Мы будзем мець фармальную прычыну Вініць палоннага ў шпіянажы. Глебка. // Напісаны па форме (пра які‑н. дакумент). [Рабочыя:] Фармальная папера, з подпісам, з пячаткай... Бяры ключы, пайшлі... Ты, дзед, скідаць паможаш рэйкі. Клімковіч.
4. Такі, дзе захавана толькі знешняя форма; які не паказвае сутнасці справы; бюракратычны. Дзерашу варожы фармальны падыход да справы. Арабей. // Які існуе толькі па форме, для выгляду. Фармальная самастойнасць. □ Веды бываюць розныя, фармальныя і глыбокія, самастойна вынашаныя. «Маладосць».
5. Звязаны з формай (у 11 знач.). Фармальнае значэнне слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвараві́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які часта хварэе; схільны да захворвання. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. // Які з’явіўся ў выніку хваробы; які суправаджае хваробу. У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон і ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча. Мележ. Потым хлапец з крактаннем і хваравітай кволасцю павярнуўся на бок і глянуў на падаконнік. Кулакоўскі. // Які сведчыць аб хваробе, нездаровым стане. — Хто там? — пачуўся слабы, хваравіты голас, і толькі тады ў паўзмроку я разгледзеў на падушцы знясілены худы твар жанчыны. Радкевіч. // перан. Пашкоджаны хваробамі; чахлы, кволы. Востраў гэты не быў падобны на звычайную балотную выспу, пакрытую нізкарослым, хваравітым ад лішку вільгаці лесу. Шамякін. Пачалі ратаваць кволую, хваравітую кукурузу. Бялевіч.
2. Выкліканы болем, які сведчыць пра боль. Хваравіты стогн. □ Па .. твары [Акаловіча] пайшла хваравітая грымаса. Чорны.
3. перан. Перабольшаны, празмерны, ненармальны. Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну і было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы. Гэта ў яго раптам вырасла ў манію, у хваравітую цягу. Бядуля. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Чарнышэвіч. // Нездаровы, непажаданы. [Нарыновіч:] — Калі што бытуе хваравітае сярод моладзі, мы, дарослыя, ва ўсім вінаваты. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.
1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.
2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.
3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.
4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.
5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.
2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.
3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.
4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карце́ць, ‑ціць; незак.
1. безас. з інф., са злучн. «каб» і без дап. Пра неадольнае жаданне што‑н. зрабіць; хацецца; не цярпецца. Ульяне карцела спытаць, чаго Кастусь наведаўся ў такую рань, але ён сам загаварыў яшчэ здалёк. Пташнікаў. [Халімону] хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважанні і згаджаўся з імі. Галавач. [Марына:] Ну, што ж... Калі так ужо карціць — няхай едзе. Губарэвіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. [Базыль] адчуў, што яму чагосьці не стае, па нечым смыляць рукі, нешта карціць, некуды рвецца душа. Сачанка. Маці ведае — не грыбы карцяць сыну — і дае хутчэй есці. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. кіс, кісла і кіснуў, кіснула; незак.
1. Рабіцца кіслым, псавацца ад браджэння. Малако кісне. Віно кісне.
2. Разм. Мокнуць, набухаць ад вільгаці; раскісаць. У гушчары, у ямінах-лужынах кісне снег, вада пеніцца, як саладуха. Пташнікаў. Вельмі ж бязлітаснай выглядае прырода, калі прымушае мокрых ад балота людзей кіснуць яшчэ і пад дажджамі. Кулакоўскі.
3. перан. Разм. Весці аднастайнае бяздзейнае жыццё. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець. Купала. // Сумаваць, нудзіцца. [Марфа] не кісла, якім бы горкім бокам не паварочвалася да яе жыццё, і другім не давала кіснуць. Васілевіч.
•••
Кіснуць ад смеху — нястрымна нясцішана смяяцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кракта́ць, кракчу, крэкчаш, крэкча і крахта́ць, крахчу, крэхчаш, крэхча; незак.
1. Выдаваць ціхія, адрывістыя гукі (пры хваробе, няёмкім становішчы, намаганнях і пад.). Ды і не чуваць было, каб .. [Скуратовіч] скідаў боты: звычайна ён крэкча і грукае, калі разуваецца. Чорны. Па тым, як .. [Шаевіч] соп, крактаў ззаду, я адчуваў, што ісці яму нялёгка. Сабаленка. // Трашчаць, скрыпець пад напорам, цяжарам чаго‑н. [Калёсы] крэкчуць ад цяжару паваленага гною ці дроў. Колас. [Алесь] ішоў да падвод і прыслухоўваўся, як кракталі калёсы, грузна накладзеныя цэглай. Броўка.
2. Абзывацца гукам, падобным да «крэ-крэ» (пра жаб). Па гэты бок Нёмана заложна, несціхана, аднатонна кракталі жабы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)