разне́сціся, ‑нясецца; пр. разнёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.

1. Распаўсюдзіцца, пашырыцца. А на другі дзень слава аб .. [Сцёпавай] кнізе разнеслася на ўвесь атрад. Якімовіч. Неяк з самага рання ў нядзелю разнеслася чутка, што вярнуўся з фронту Уладыслаў Барэйка. Скрыган.

2. Прагучаць, стаць чутным на далёкую адлегласць. Раман адышоўся на загон, падняў з зямлі брусок і паляпаў па касе. Сухі звон разнёсся па кустах. Пташнікаў. Якаясь гармата, пэўна з тылу белафінаў, паслала сюды некалькі снарадаў. «Па машынах!» — разнеслася каманда. Беразняк.

3. перан. Хутка разысціся па чым‑н., у чым‑н. Па ўсяму целу маланкава разнеслася пякучая, затуманьваючая мозг гарачыня. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Разм. Адмовіцца ад чаго‑н., не прызнаць сваім; адрачыся ад чаго‑н. [Сусед:] — Ён [Наўмыснік] кажа, мала што, кажа, кравец нікому не казаў, што хаты сцураўся! Чорны. Песні гэтыя Продкі складалі калісьці, Бераглі, Не сцураліся, Не адракліся. Гілевіч. Усе .. сімпатыі [паэта] на баку трэцяга сына — «чараўніка», бо той не сцураўся свайго краю. Ярош. // Адмовіцца ад знаёмства, сувязі і пад. з кім‑н. блізкім, аб’явіць каго‑н. блізкага чужым. [Грубы мужчынскі голас:] — А ты [Таццяна Мікалаеўна] от выпішы сюды свайго мужыка — нябось, хутчэй ён жонкі сцураецца. Вітка. [Ціток:] — То Марыля ж можа цябе не сцуралася? Ты пробаваў з ёю гаварыць? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлум, ‑у, м.

Разм.

1. Адурэнне, замарачэнне. Нарэшце знік запал, знікла цікавасць, застаўся адзін балючы тлум у мазгах, быццам заліў нехта іх растопленым волавам. Зарэцкі.

2. Шум, гоман, сумятня. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Але імяніннік мае права не з’явіцца. Дый .. [Фадзееў], мусіць, сумысля нідзе не паказваецца, не хоча віншавальнага тлуму. Лужанін. Аніс узняўся і, махаючы шапкай, каб суцішыць тлум, на ўвесь голас закрычаў: — Можна і раней, чым за сем год, гэтага дасягнуць. Дуброўскі. У .. пакойчыку пахла друкарскай фарбай, сюды даносіўся той шматгалосы тлум, якім кожны дзень жыла рэдакцыя. Навуменка.

3. Шумлівы натоўп людзей. З чамаданам у руках паціснуўся .. [Лабановіч] на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рабіць лёгкія рухі чым‑н. (звычайна галавой). Незнаёмец, трохі збянтэжаны, стаяў, шырока расставіўшы ногі, у баку ад дзвярэй і, усміхаючыся, хітаў, хітаў галавою. Сачанка. / Пра жывёл. Конь спацелы натужна Галавою хітае... Век загонамі кружым — І не знаем вяртання. Зуёнак. Сядзіць касы на лініі і вушкамі хітае. Масарэнка.

2. што. Ківаючы, рабіць хісткім, расхістваць. [Андрэй і Лаўрэн] браліся за корч, выварочвалі яго з кучы, хіталі туды-сюды, правяраючы, ці не чапляецца за што, разгушквалі і кідалі за плот. Кудравец.

3. каго. Калыхаць, гушкаць (дзіця). [Пелюхава жонка] павярнулася, падалася.., хітаючы дзіця на тоўстых руках, у суседнюю бакоўку. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шны́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм.

1. Заходзіць, забягаць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы, высочваючы каго‑, што‑н. Толькі там, на востраве, і адседжваліся падпольшчыкі, пакуль карнікі шныпарылі па лесе. Новікаў. Дыспетчар у цемры, дыспетчар шныпарыць па кладоўках, шукае газавай лямпы. Шынклер.

2. Хадзіць, бегаць, рухацца сюды-туды, у розных напрамках. Каця ўздыхнула і села на лаўцы перад домам, але хутка змушана была ўстаць: міма шныпарылі хлапчукі і з цікаўнасцю пазіралі на яе. Лось. [У вадзе], як прывіды, плаваюць водарасці, мільгаюць маляўкі, варушацца на дне ракавінкі, шныпараць жукі. Асіпенка.

•••

Шныпарыць вачамі — хутка пераводзіць позірк з аднаго прадмета на другі, выглядваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экспедыцы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які мае адносіны да экспедыцыі (у 1 знач.). Экспедыцыйная кантора. Экспедыцыйная аперацыя. □ На першым паверсе размяшчаліся экспедыцыйны аддзел, розныя складзікі, бібліятэка, архіў і кватэра дворніка. Машара.

2. Які мае адносіны да экспедыцыі (у 2, 3 знач.). Экспедыцыйнае памяшканне.

3. Які мае адносіны да арганізацыі, правядзення экспедыцыі (у 4 знач.). Экспедыцыйны сектар. Экспедыцыйнае ўпраўленне. // Прызначаны, сфарміраваны для экспедыцыі. З гадзіну назад нас прывёз сюды зялёны экспедыцыйны газік. Аляхновіч. У сакавіку 1937 года на фронт прыбыў італьянскі экспедыцыйны корпус. «ЛіМ». / у знач. наз. экспедыцы́йнае, ‑ага, н. Работы падыходзілі да канца. Мурашоў загадаў Ганне збіраць экспедыцыйнае ў сенцы. Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́расны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Разлютаваны, які знаходзіцца ў стане моцнага гневу. Як пчолы з разбітага вулля Бароняцца ярасным роем, Так помсцяць за кроў, за разгулле Фашысцкім бандытам героі. Колас. // Які выражае гнеў, азлабленне. Яўген нахіліўся, згорбіўся, і шыя ў яго зрабілася барвовай, а ў чорных вачах запалаў ярасны бляск. Савіцкі. / у перан. ужыв. Пажылыя мужчыны, Угінаючы дол, Носяць палкія міны, Грузяць ярасны тол. Глебка.

2. Вельмі моцны, празмерны ў сваім праяўленні. Ішлі мы ў бой і яраснымі ўдарамі Крышылі інтэрвенцкія палкі. Гаўрусёў. Цераз Лявона бегалі сюды і туды людзі, ён чуў лаянку, удары, ярасныя выкрыкі і звон выбітых шыбаў. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Агы́нь ’вокліч для адгону гусей’ (Бяльк.), сюды ж агыля: агылʼа (КСТ). Гл. агіль, гыля.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Агі́ль ’вокліч для адгону гусей’ (КТС). Сюды ж агыля (агылʼа) (КСТ). Гл. гыля, агынь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыхату́ліць ’прыхаваць’ (пух., Жд. 1), сюды ж, відаць, прыхату́рыць ’прыхаваць’ (Ласт.). Да хатуль (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)