по́гань, ‑і, ж.

Разм. пагард. Пра тое, што выклікае агіду; нешта паганае, непрыемнае. Вера злуе на сябе і спехам мяркуе, ці яшчэ не позна выгнаць яе, гэтую кулацкую погань. Зарэцкі. — Кажуць, — дадавалі другія, — што гэта не павадыр яго быў, а паўстанец, які ішоў пана нашага забіць — шкада, што не забіў гэту погань... Чарот. Ведаеш чалавека, здаецца, як не трэба лепш, і раптам ён такім зробіцца, што ніколі не падумаў бы. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.

1. Навука аб законах і формах мыслення. Фармальная логіка. Дыялектычная логіка. Матэматычная логіка.

2. Ход разважанняў, вывадаў. У выступленні Тамары менш было запалу і рашучасці, затое логіка якая! Ермаловіч. // Правільнасць, разумнасць мыслення. [Міхал] ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Чорны. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім захацелася пачуць у гэтых выбухах грукат сваёй артылерыі. Карпюк.

3. Унутраная заканамернасць. Логіка рэчаў. □ Дзіўныя справы .. захапляюць мяне сваёй навізной, такім незвычайным для нашага жыцця паваротам падзей і логікай з’яў. Быкаў.

[Грэч. logikē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́дзіч, ‑а, м.

1. Гіст. Член роду (у 1 знач.).

2. Разм. Сваяк; чалавек блізкі па паходжанню. [Люба:] — Горш за ўсё мець начальнікам блізкага родзіча. З ім жа ніколі па-чалавечы не дамовішся. Шамякін. Старыя пройдзены дарогі І сцежак тысячы людскіх, Дзе і мае хадзілі ногі І ногі родзічаў маіх. Колас. / Пра жывёл і раслін аднаго роду (у 8 знач.). І качкі, што падарыў Люсі і яе маці Амархан, хваляваліся, выцягвалі шыі, прыслухоўваліся да галасоў дзікіх родзічаў. Даніленка. Родзіч нашага ядлоўцу кіпарыс, жыхар паўднёвых краін, можа пражыць да чатырох-пяці тысяч гадоў. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́ўніцца, ‑ніцца; зак.

1. Здзейсніцца, ажыццявіцца. Было яшчэ адно запаветнае жаданне, якое Аляксей хаваў у душы, бо амаль не верыў, што яно тут споўніцца. Мележ. Мне нават зрабілася шкада, што мае мары ніколі не споўняцца, што ўсё застанецца па-ранейшаму. Карпюк.

2. Скончыцца, прайсці (пра час, тэрмін чаго‑н.). [Герасім Дзмітрыевіч:] — Во, якраз пятнаццаць гадоў споўнілася, як нашу гэтае ўпрыгожанне. Морскі якар. Б. Стральцоў. // безас. каму-чаму. Пра дасягненне кім‑н. пэўнага ўзросту. Калі Ганцы споўнілася восем год, бацька павёў яе ў школу. Бяганская. Калі Мішку споўнілася паўгода, Ганна Макараўпа прапанавала сфатаграфаваць яго. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хе́ўра, ‑ы, ж.

Пагард. Група людзей, якія аб’ядналіся для разбою, злачынства; банда. На Ўкраіне пан Патоцкі, Пан з Канёва родам, З сваёй хеўрай гаспадарыць Над бедным народам. Купала. [Шкунда:] Золатапагоннікі, кадэты І хеўра іншае брыды Расстроіць хочуць нам рады. Колас. // Разм. Пра кампанію людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, агульнымі прыметамі і пад. Калі хлопцы наймалі музыку іграць вечарынку, то Мікалая Халусту ніколі не бралі ў хеўру. Чарнышэвіч. — Хадзем, брыгадзір, у хеўры весялей, — гукаюць.. [мужчыны] Храпавіцкага. Мурашка.

•••

Адна хеўра; з адной хеўры — пра людзей адных поглядаў, адных паводзін (звычайна не вартых увагі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

худасо́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Схуднелы, змарнелы. Касцёл сябры мінулі І ў сквер зялёны павярнулі.. І люду мноства тут хадзіла, Найболей моладзь гарадская, Ды худасочная, благая. Колас.

2. Слабы, кволы (аб раслінах). Худасочнае дрэўца. // Бедны, спустошаны (пра глебу). Такое [жыта] ніколі не вырасце на худасочных мінеральных глебах. Паслядовіч.

3. перан. Прымітыўны, слабы, нежыццёвы. Купалаўская канцэпцыя чалавека ў паэме «Яна і я» куды багацейшая за ўсе худасочныя схемы. Бярозкін. Хемінгуэй бачыў у Талстым узор.., якому арганічна варожыя фальш, танныя сантыменты, самаздаволенасць, пустая ганарыстасць, падмена жывога жыцця худасочным тэарэтызаваннем наконт яго. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каго-што.

1. Пазбягаць каго‑, чаго‑н.; ухіляцца ад зносін з кім‑н., ад выканання чаго‑н. Не зведаў хлапчук .. пяшчотаў змалку і цяпер цураўся іх. Пальчэўскі. [Сымон:] — Ды гэта і няважна, дзе чалавек аблюбуе сабе прыстанішча — у вёсцы ці ў горадзе, важна тое, каб свайго люду не цураўся. М. Ткачоў. Заўсёды жартаўлівы і вясёлы, ён [Міхал], здавалася, ніколі ні на каго не крыўдаваў, не цураўся ніякай працы. Машара.

2. Адракацца ад каго‑, чаго‑н., выракацца каго‑, чаго‑н. [Ціток:] — Хоць ты бяры, чалавек, ды сваёй хаты цурайся. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калі́ прысл., злучн. у розных значэннях (ТСБМ, Бяльк., Грыг., Мал., Нас., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп., Сержп. Прымхі, Радч., Шат., Сл. паўн.-зах., ТС (колі)). Укр. коли, рус. коли, коль, ст.-чэш. koli, славен. koli, балг. уст. коли, ст.-слав. коли. Прасл. koli/kole, падрабязна аб фіксацыях і формах у слав. мовах гл. ESSJ SG, 2, 356–360. Там жа мяркуецца, што слова ўтворана ад і.-е. займеннай асновы *ku̯o‑ (аб якой падрабязна гл. пад хто), пашыранай i‑ партыкулай. Пры гэтым, верагодна, структура была ўтворана яшчэ ў даславянскі перыяд, паколькі ў літ. мове адзначаюць як надзейныя паралелі kõl, kõlei (дыял. kõlaik) ’як доўга, пакуль’. Больш праблематычная сувязь з лац. quālis, ’які’, грэч. πηλίκος, якая прымалася шэрагам этымолагаў, нягледзячы на фармальную перашкоду. Калі дапусціць такую сувязь для і.-е. перыяду, неабходна аднавіць архетып *ku̯ā‑, што прымусіла Покарнага (1, 646) рэканструяваць праформу *ku̯o/ku̯a‑, аднак апрача фармальнай перашкоды ёсць яшчэ і семантычныя. Што датычыць іншых і.-е. паралелей, неабходна згадаць яшчэ прапанову Махэка₂, 269, які не сумняваўся ў тоеснасці слав. утварэння і ст.-інд. ‑khálu. Апошняе звычайна ўжываецца пасля займеннікаў, параўн. na khálu ’зусім не’ і ніколі, чэш. nikoli. Гэта прапанова патрабавала б раздзялення як генетычна розных функцыянальных варыянтаў слав. koli, што не здаецца правільным. Параўн. яшчэ іншыя меркаванні адносна архетыпу ў ESSJ S J, 2, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жы́та, ‑а, М жыце, н.

1. Аднагадовая расліна сямейства злакавых, зерне якой скарыстоўваецца для прыгатавання хлеба. Зжаць жыта. Звезці жыта ў гумны. Абмалаціць жыта. □ З каласоў завязалі Бараду, як вялося, Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілася. Калачынскі.

2. Зерне гэтай расліны. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Затым пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч.

3. толькі мн. (жыты́, ‑оў). Жытнія палі. Дзівіўся: гэтакіх ніколі Не бачыў у жыцці жытоў. Прануза. На многа вёрст было відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каму-чаму.

1. Стварыць спрыяльныя ўмовы для паспяховага здзяйснення чаго‑н. Хоць раней і думкі не было ніколі шукаць яго [дзядзьку], дык цяпер выпадак паспрыяў гэтаму спатканню. Чорны. Халодны асенні дождж і вецер не вельмі паспрыялі адпачынку пасля тыдня напружанай працы. Паслядовіч. Сам факт паездкі на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасць. Дуброўскі.

2. Добразычліва аднесціся да каго‑, чаго‑н., паспагадаць каму‑, чаму‑н.; дапамагчы. [Патапчык:] — Я да цябе па-добраму прыйшоў. Сябравалі мы з табой у маладосці, у суседстве жывём, як людзі. Таму і хачу паспрыяць табе, паставіць цябе на ногі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)