Лі́нія ’вузкая палоска, уяўная рыса, якая злучае дзве кропкі паверхні’, ’граніца, край, абрыс, контур’, ’доўгі рад прадметаў або з’яў’, ’прасека ў лесе’ (ТСБМ, Сцяшк.; карэліц., З нар. сл.; в.-дзвін., брасл., Сл. паўн.-зах.), лі́ня ’прасека’ (чэрв., баранав., Сл. паўн.-зах.), лі́нія ’чыгунка’ (драг., З нар. сл.), лі́ня ’тс’ (Сцяшк.). Ст.-бел. линия, линея (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. linija, якое з лац. līnia, часцей linea ’льняны шнур’ < lineus ’льняны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 40; Слаўскі, 4, 265).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стрэ́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж.

1. Тонкая і вузкая пласцінка, якая паварочваецца на восі і паказвае час, напрамак і пад. ў розных вымяральных прыборах.

С. барометра.

Секундная с.

2. Знак у выглядзе рысы, ад канца якой пад вострым вуглом адходзяць кароткія рыскі.

С. напрамку руху.

3. Вузкі і доўгі намыўны выступ сушы; пясчаная каса.

С. прычала.

4. Прыстасаванне на рэйкавых пуцях для пераводу рухомага саставу з аднаго пуці на другі.

На чыгуначнай станцыі дзейнічаюць аўтаматычныя стрэлкі.

5. Бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе.

Стрэлкі нарцысаў.

|| памянш. стрэ́лачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. стрэ́лачны, -ая, -ае (да 1 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бла́зенскі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Уласцівы блазну. Блазенскія выбрыкі. □ Пракаповіч ведаў, што Валодзьку адсюль не выкурыш, бо вельмі падабалася яму гэтая блазенская гульня з гаспадаром. Радкевіч.

2. Поўны блазенства; несур’ёзны. Другі — белабрысы, доўгі, што стаяў бліжэй да мяне.. напусціў на твар прытворна-ўважлівы, блазенскі выраз. М. Стральцоў. Калі плытагон выходзіць у сплаў, дарога абяцае яму сустрэчы... Яны то радасныя, з сакавітымі кпінамі і блазенскім рогатам, то гаркава-маўклівыя. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які дыміцца, дыміць, вылучае многа дыму. Дымная галавешка. □ У Камуне школа, Электрычнасць, яслі, Дымныя лучыны Назаўсёды згаслі. Купала. // Напоўнены, зацягнуты дымам. Дымная восець. Дымнае неба. // Які складаецца з дыму. Адзін з самалётаў, цягнучы за сабой доўгі дымны шлейф, раптам крута пайшоў уніз. Лынькоў.

2. перан. Падобны на дым. Яшчэ з вечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў. Колас.

•••

Дымны порах гл. порах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; зак.

1. Паўзком наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Жанчына падпаўзла да сцяны і, сабраўшы апошнія сілы, устала. Кулакоўскі. Да варожага дота Два байцы падпаўзлі. Смагаровіч. // перан. Разм. Вельмі павольна наблізіцца, падысці (пра машыну, поезд і пад.). Уначы .. доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны.

2. Паўзком забрацца пад што‑н. Непадалёк убачыў [Міша] густую елку, падпоўз пад яе лапкі. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павадо́к, ‑дка, м.

1. Памянш. да повад; кароткі повад. Весці каня на павадку.

2. Рэмень або ланцужок, на якім водзяць сабак. Чырвонаармеец узяў сабаку на павадок і паказаў след .. чалавека. Колас. Пані Курпёва трымала на павадку маленькага сабачку і часта перабівала маю работу недарэчнымі пытаннямі, парадамі. Карпюк.

3. Кароткая жылка з кручком, якая прывязваецца да канца рабочай часткі лескі або снасці. Доўгі павадок. Кароткі павадок.

•••

Ісці на павадку гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяля́тнік, ‑а, м.

1. Хлеў для цялят. Раптам у шырокіх дзвярах цялятніка з’явіліся дзве постаці. Колас. Даверлівыя тупыя пысы .. [цялят] заўсёды радавалі Алёну, калі яна заходзіла ў цялятнік. Ермаловіч.

2. Той, хто даглядае цялят. Вопытны цялятнік.

3. Разм. неадабр. Таварны вагон, прызначаны для перавозкі жывёлы; цяплушка. Доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны. Ехалі дамоў у таварным вагоне-цялятніку. Эшалон доўга выстойваў на станцыях. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́ла, ‑а і шуло́, ‑а, н.

1. Бервяно ці тоўсты брус з высечанымі пазамі, замацаваны ў чым‑н. вертыкальна. Шулы — аснова сцен, шулы злучаюць бярвенні. Мележ. Кожны такі доўгі, аднапавярховы дом трымаецца без вуглоў, на шулах. Брыль.

2. Слуп ці брус, на які падвешваецца створка варот. Двор быў абнесены тынам, а шаляваныя вароты віселі паміж пашарэлых дубовых шулаў. Чыгрынаў. От жа стаю я, падпёршы плечуком шула Піліпавых варот. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра2.

Барба́ра2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbaraдоўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стамбу́лка ‘турэцкая люлька з доўгім цыбуком’ (Нас.), ‘палка (для апоры пры хадзьбе); указка’ (Нас., Шпіл.). Параўн. польск. stambułka ‘турэцкая люлька’, ‘пукатая бутэлечка’, рус. стамбу́лка ‘турэцкая люлька’. Вытворнае ад Стамбул; назва горада паходзіць з новагрэч. Στημπόλι ад выразу εἰς τήν Πόλιν ‘у горад’, г. зн. Канстанцінопаль. Гл. Фасмер, 3, 744 з літ-рай. На падставе прызнака ‘доўгі’ ўтвораны стамбо́ль ‘мужчына высокага росту’ (слонім., Сл. рэг. лекс.), стамбулі́кі ‘кветкі на высокай сцябліне’ (Арх. Федар.), што не выключае ўплыву літ. stámbas ‘кветканоснае сцябло’, параўн. стамбы́ ‘кветаносныя сцяблы’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)