Гадаты́вус ’рэзанёр, гаварун’ (ужывалася пераважна шляхтай, Нас.). Запазычанне з польск. gadatywus ’тс’. Гэта апошняе ўтворана ў польск. мове на базе дзеяслова gadać ’балбатаць, гаварыць’ і суфіксальнай часткі ‑tywus (паводле лац. слоў на ‑t‑ivus). У польск. мове гэта спачатку, можа, жартоўнае ўтварэнне (параўн. яшчэ іншыя лацінізаваныя польскія ўтварэнні ад gadać — gadateusz, gadeus ’гаварун’). Але бел. гадатыўка ’гаваруха, гаварлівая (гаворыцца пераважна ў колах шляхты)’ (Нас.) ўтворана на беларускай глебе ад гадатывус (у польск. мове слова gadatywka няма, гл. SW).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
шляхе́цтва, ‑а, н.
1. Тое, што і шляхта. Не толькі ў Віркуцці, але і шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей. Колас. // Прыналежнасць да шляхты. [Сяргей:] — Эх, Васіль! Шляхецтва гэтае і бацькоў нашых атруціла і ў нас атруты ўліло... Чарнышэвіч.
2. Назва дваранства, пашыраная ў Расіі першай паловы 18 ст.
[Польск. szlachectwo.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шляхе́тнасць, ‑і, ж.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — прыналежнасць да дваранскага саслоўя. [Маслянка:] — Пан працуе толькі ў белых пальчатках. Брудныя справы пану не па густу. Шляхетнасць не дазваляе, арыстакратычнасць паходжання... Машара.
2. Уст. Уласцівасць і якасць шляхетнага (у 2 знач.). Да шляхты Саўка не меў дачынення, ён нават не быў католікам, і Шляхцюк было не прозвішча, а мянушка за яго схільнасць да шляхетнасці, да вонкавай фанабэрыі дома і на людзях. Хадкевіч. // Выхаванасць, уменне трымаць сябе ў людзях. Садзяцца госці, ды не зразу, За стол не лезуць для паказу, Бо так шляхетнасць вымагае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахо́дзіць, ‑ходжу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; незак., з каго-чаго, ад каго-чаго.
1. Належаць па нараджэнню да якога‑н. класа, нацыі, народнасці і пад.; весці ад каго‑н. сваё паходжанне. Лабановіч паходзіць з беднай сялянскай сям’і. Пшыркоў. Драздовіч сам паходзім са шляхты, але не выхваляўся гэтым. Машара.
2. Узнікаць, утварацца ад чаго‑н. Як вядома, назвы многіх гарадоў паходзяць ад назваў рэчак, на якіх яны стаялі. Штыхаў. Атрымалася аповесць з дзіўнай назвай [«Апошні зверыядавец»], што паходзіць ад мянушкі, якую мелі былыя выхаванцы кадэцкага корпуса. Кучар.
3. на каго-што. Быць падобным да каго‑, чаго‑н. [Васіль] ва ўсім стараўся паходзіць на дарослага, пераймаў павольныя рухі бацькі Мірона, яго манеру гаварыць, трымацца з людзьмі. Лынькоў. [Аня] паходзіла больш на нязграбнага хударлявага падлетка, чым на дарослую дзяўчыну. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Засце́нак 1 ’месца жорсткіх катаванняў у Маскоўскай Русі’ (> ’месца катаванняў’). Рус. засте́нок ’тс’, дыял. ’перагародка’, ’месца каля дома’, польск. уст. zaścianek ’засек’, ’часовы карцэр, адгароджаны ў хаце’. Параўн. засценак 2, дзе іншыя слав. адпаведнікі. Бел. засце́нак 1 з рус., дзе адбывалася семантычная спецыялізацыя на базе ’месца за сценкай’, Шанскі, 2, З, 64.
Засценак 2 ’хутар дробнай шляхты, якая арэндавала землі, што не ўвайшлі ў сялянскія надзелы ў Рэчы Паспалітай пасля 1557 г.’ Рус. смал. засте́нок ’неакрэсленая мера плошчы’, ’палоска нівы’, валаг. смал. ’месца каля дома’, польск. zaścianek ’вёска, хутар, у якой жыве дробная шляхта’, чэш. zástěnek ’закутак, месца за сценкай, тэраса’. Ст.-рус. застѣнокъ ’частка царквы’ (XI ст.), ’месца паміж дзвюма сценамі ўмацаванага горада’ (XVII ст.). Значэнне засценак 2 указвае на польск. як крыніцу запазычання з далейшым падвядзеннем пад усх.-слав. мадэль (ě > e). Утворана, відаць, у зах.-слав. ад stěna (гл. сцяна) конфіксам *za‑ + ‑ъkъ (параўн. завулак, засенак, закамінак, застрэшак, Сцяцко, Афікс. наз., 237).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. кім-чым. Карыстаючыся прыборамі, рычагамі і пад., рэгуляваць ход, рух, работу каго‑, чаго‑н. Кіраваць машынай. Кіраваць канём. □ Вадзік трымаў у руках вудачкі, Сашка кіраваў лодкай. Гамолка. // Рабіць уплыў на развіццё чаго‑н., на ход якога‑н. працэсу. — Не можам кіраваць сонечным святлом, дык трэба кіраваць зямлёю. Кулакоўскі. / Пра сродкі кіравання чым‑н. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспяваў, кіраваць вяслом. Гамолка.
2. кім-чым. Быць на чале чаго‑н., накіроўваць дзейнасць каго‑, чаго‑н. Кіраваць дзяржавай. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Накіроўваць чые‑н. ўчынкі, дзеянні, быць пабуджальнай прычынай, пачаткам чаго‑н. Пачуццё любві да роднай зямлі кіравала аўтарам, калі ён выступіў з крытыкай побыту і нораваў польскіх магнатаў, шляхты і іх абслугі. Казека. // Разм. Мець уладу над кім‑н., распараджацца кім‑н. Зараз жа знайшоў [Крушынскі] тлумачэнне: «Жонка кіруе старым...». Бядуля. // Дырыжыраваць хорам, аркестрам. Кіраваць аркестрам.
3. Разм. Тое, што і кіравацца (у 2 знач.). Брычка зварочвае на поплаў, кіруе проста да стагоў. Асіпенка.
4. каго-што. Разм. Паказваць каму‑, чаму‑н. пэўны напрамак; накіроўваць. Праз рачныя броды Кіраўнік атрада Кіруе падводы. Куляшоў.
5. чым. У граматыцы — патрабаваць пасля сябе пэўнага ўскоснага склону. Пераходныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)