невераго́дны, -ая, -ае.
1. Непраўдападобны, фантастычны.
Неверагодная гісторыя.
2. Надзвычай вялікі, значны; неймаверны.
Неверагодная хуткасць.
3. Які выклікае сумненні ў сваёй правільнасці.
Неверагодныя звесткі.
|| наз. невераго́днасць, -і, ж. (да 1 і 3 знач.).
◊
Да неверагоднасці (разм.) — надзвычайна, вельмі.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
хімеры́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які з’яўляецца хімерай (у 2 знач.); неажыццявімы, фантастычны. Падобныя думкі прыходзілі і Васілю Пятровічу. Ды здаваліся яны хімерычнымі. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нерэа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не існуе ў рэчаіснасці; фантастычны. Дрэвы, ахутаныя ў казачна бялюткія адзенні, стаялі нерухома, быццам зачараваныя. Усё здавалася нерэальным, таямнічым. Новікаў. У Косцевым уяўленні кожная дзяўчына была занадта паэтычная і нерэальная. Карпюк.
2. Немагчымы для выканання, здзяйснення; неажыццявімы. Нерэальныя патрабаванні. □ І ўсе іх планы былі нерэальнымі, бо не было ў хлопцаў зброі, ды і ўдвух не многае зробіш. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
летуце́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць летуцець (летуценіць), мае схільнасць да летуцення. [Маці] была вельмі прыгожая тады, нейкая летуценная і ціхая. Быкаў. // Які выражае схільнасць да летуцення. Твар .. [Васілісы] расчулены, на вуснах блукае летуценная ўсмешка. Васілевіч. Я ўпершыню пачула голас Натапчыка — мяккі, летуценны. Савіцкі. // Звязаны з летуценнем, летуценнямі. Усеваладу хочацца хоць трошкі памарыць. У летуценным задуменні хоць трошкі усміхнуцца самому сабе. Скрыган.
2. Створаны ўяўленнем, марай; фантастычны. Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Шчасця замнога, Дужа замнога, Не летуценнага шчасця — зямнога. Калачынскі. Так блізка ўсё! Але па кладцы, Па мосціку самотным, летуценным Ракі не перайсці, не перабрацца У родны дом, што прагне вызвалення. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзіво́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Казачна-дзіўны, незвычайны, фантастычны. Ігнасю сняцца страшныя сны: ён вандруе па рэках і азёрах, пераходзіць кладачкі і масты. Чарнышэвіч. Янук павагаўся і сеў, хоць і страх наганяў на яго гэты пакой, падобны на дзівоснае вядзьмарскае збудаванне. Лупсякоў. Вокны друкарні.. замураваны дзівоснымі ўзорамі дзеда-мароза. Брыль.
2. Цудоўны, незвычайны па хараству, прыгажосці. Дрэвы яшчэ дзе-нідзе стаялі ў сваім дзівосным жоўта-барвовым убранні. Ляўданскі. Усё было нібы ахоплена агнём, дзівосным, невыказна прыгожым, усеабдымным. Мележ.
3. Выдатны, вельмі добры, цудоўны. — Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! — цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу. Колас. Слава аб ім [Талімоне] ішла далёка, і перш за ўсё — за дзівосны голас. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невераго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўяўляецца непраўдападобным, немагчымым; фантастычны. Неверагодныя гісторыі. □ Для сустрэч выдумляліся самыя разнастайныя прычыны — часам нават і неверагодныя. Сіпакоў. Бываюць і ў такой справе, як рыбалоўства, радасныя нечаканасці і ўдачы, калі здзейсняюцца самыя, здаецца, неверагодныя мары і спадзяванні. Шамякін. // Незвычайны, дзіўны. На.. зялёным дыване ў неверагоднай позе ляжаў аголены да пояса чалавек. Асіпенка. І сніліся старому фельчару трывожныя, неверагодныя сны. Кулакоўскі.
2. Надзвычай вялікі, незвычайны па сіле праяўлення, па сваіх памерах і г. д.; неймаверны. Хуткасць ракеты неверагодная — 40 кіламетраў у секунду. Гамолка. Ледзь адарваўшыся ад.. [струменю вады], вадалаз з неверагоднай цяжкасцю прыставіў пластыр да дзіркі. Данілевіч.
3. Які выклікае сумненні ў сваёй правільнасці. Неверагодныя звесткі. □ У мястэчку бытуюць разнастайныя легенды, верагодныя і неверагодныя. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэатра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэатра (у 1–3 знач.). Тэатральнай мастацтва. Тэатральная зала. □ У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджанай ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. Колас. [Вецер] зрываў з галавы ў Будніка шапку, шырока расхрыстваў полы паліто і сярдзіта рваў са сцен тэатральныя афішы. Галавач. // Звязаны з тэатрам, з дзейнасцю яго. Тэатральная крытыка. Тэатральны часопіс. Тэатральны сезон. □ Тым не менш .. дэбют [Мележа] ў новым жанры не прайшоў незаўважаным тэатральнай грамадскасцю. Гіст. бел. сав. літ. // Прызначаны для тэатра, сцэны. Тэатральная музыка. □ Я ўявіў сабе фантастычны лес, нібы тэатральную дэкарацыю да казкі. Бядуля. У Адэсе мы пакінулі ўсю сваю тэатральную маёмасць і ў двухкласных вагонах рушылі на поўнач. Рамановіч. // Прызначаны для падрыхтоўкі акцёраў, спецыялістаў тэатра. Тэатральнае вучылішча. Тэатральная студыя.
2. Характэрны для тэатра; умоўны, штучны. Тэатральныя прыёмы.
3. перан. Які вызначаецца тэатральнасцю (у 2 знач.). Тэатральная поза. □ Аднойчы, калі ён быў асабліва пануры, сінявокае, светлакосае дзеўчаня, зачапіўшы яго, адбеглася і, стаўшы ў позу, прамовіла: — О, Алекс!.. Сарвалася з тэатральнага тону, пырснула звонкім смехам і пабегла. Брыль.
•••
Тэатральныя падмосткі гл. падмосткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)