укасі́ць, укашу, укосіш, укосіць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы касіць. Трава такая густая, што і не ўкосіш.

2. што і чаго. Накасіць, скасіць нейкую колькасць травы, сена. Укасіць травы каню нанач. □ Паўз будку шыбуюць у лес местачкоўцы. Ідуць кожны па сваёй патрэбе: хто па ягады, хто па грыбы,.. а хто неўзаметку, патаемна ад лесніковага вока, укасіць між кустоўя капу сена. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Імя, якое даюць свойскай жывёле. Аднаму каню, высокаму і худому, хлопцы ніяк не маглі прыдумаць клічку. — Дон Кіхот! — усклікнуў адзін з іх на ўсю канюшню. Няхай. // Мянушка, якую даюць чалавеку (для жарту, насмешкі, у канспіратыўных мэтах і пад.). Гэта быў адзін з майстроў вялікіх, Звалі яго Люцыян Таполя, А па клічцы проста Багароб. Танк. У падполлі нельга карыстацца ўласнымі прозвішчамі. Трэба прыдумаць клічкі. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак.

1. каго-што. Падкаваць нанава, іначай, яшчэ раз. Перакаваць каню пярэднія ногі.

2. каго. Падкаваць усіх, многіх. Перакаваць усіх коней.

3. што. Перарабіць каваннем у што‑н. іншае. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко.

4. перан.; каго. Змяніць карэнным чынам, перавыхаваць. [З’явілася] думка, што чалавек сам можа выхавацца ў працы. Яна, маўляў, перакуе чалавека. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́льга, безас. у знач. вык.

1. Немагчыма; няма магчымасці. Да майго слыху даляталі толькі адны галасы, слоў жа разабраць было нельга. Нікановіч. Пісаць больш нельга, бо ў нас трывога, І я кладу за плечы клунак свой. Астрэйка. Шкадавала маці Ігнася, ой, як шкадавала, — выказаць нельга. Мурашка.

2. Забаронена, не дазваляецца. Курыць тут нельга: побач бензін. // Няможна, не трэба. Нельга ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны [з дому] авёс і .. прылёг каля воза. Гартны. — Глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца. Зарэцкі.

•••

Нельга не адзначыць гл. адзначыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́та, ‑а, М пуце, н.

1. Вяроўка або ланцуг, якім перавязваюць пярэднія ногі каню ў час пасьбы. Жарабец.. [Зыгмуся] парваў быў раз пута і паўгоняў аўса стравіў. Чорны. [Васіль] з вераўчаным путам у руцэ павёў каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца. Мележ.

2. толькі мн. (пу́ты, ‑аў). Вяроўкі, кандалы і інш., якімі звязваюць каго‑н., каб пазбавіць свабоды рухаў. І вядуць па іх [сцежках] этапы не ў астрог пад путаў звон, а да явы да багатай жыватворчых нашых дзён. Машара. // перан.; звычайна чаго. Тое, што пазбаўляе волі, прыгнятае. Путы рабства. □ Ўжо многія народы путы збілі І ў будучыню ўпэўнена пайшлі. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Аслабіць, адпусціць крыху што‑н. туга нацягнутае, закручанае. Паслабіць гайку. □ Варанецкі лёгка саскочыў з сядла, паслабіў каню папругі і пусціў яго папасвіцца. Дуброўскі. Сева расшпіліў кашулю, паслабіў гальштук і ссунуў яго набок. Карпаў.

2. перан. Знізіць, аслабіць сілу, напружанасць чаго‑н.; зменшыць размах, інтэнсіўнасць чаго‑н. Новая бяда на нейкі момант паслабіла .. ўвагу [Веры Паўлаўны] да дзяцей. Якімовіч. Віктар нічога не гаварыў, толькі часта заглядваў у праект, я адчуваў набліжэнне бурнай размовы, але ніякіх захадаў не рабіў, каб яе паслабіць. Савіцкі. Ваяўнічая, неспакойная, якой мы ведалі заўжды байку, сёння ў некаторых нашых байкапісцаў як бы паслабіла сваю адказнасць перад грамадствам. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́рба ’кайстра, невялікі мяшок з даматканай тканіны’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’сумка’ (Сл. Брэс., Растарг.), ’паляўнічая сумка’ (Сцяшк.), ’жаночая сумка’, ’школьная сумка’ (Ян.), ’клінок для вырабу сыру’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), ’мяшэчак з палатна для рыбы’ (нараўл., З нар. сл.), ’чарговы дзённы харч, які належыць пастуху за кожную карову’ (Гіл.; барыс., Антропаў, вусн. паведамл.), ’сявенька’ (бых., ЛА, 5), ’мяшок з аўсом, што адзяваецца каню на галаву’ (ТСБМ), ’мяшок старца’ (Нас.), ’сумка з тканіны ці скуры для курэцкіх прылад’ (ЛА, 5), ’непаваротлівая, тоўстая жанчына’ (Нас., Шат., Мат. Гом., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. торба ’торба’ (з 1555 г.) запазычана з цюркскіх моў (Булыка, Лекс. запазыч., 105), параўн. тур., крым.-тат., азерб. torba ’мяшэчак, кайстра’, відаць, у перыяд найбольш інтэнсіўных сувязей ВКЛ з Крымскім ханствам у XVI ст. (Жураўскі, Тюрк. лекс. элем., 84, 88–89). Лексема пашырана ў многіх славянскіх мовах і дыялектах і лічыцца агульнаславянскай (Голуб-Ліер, 485; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602). Сюды ж тарбе́шка ’торбачка’ (Нас., ТС), тарбано́шый ’механоша’, тарбаношка ’скураная сумка, якую сяляне насілі каля пояса паверх кашулі’ (Нас.), то́рбачнік ’жабрак’ (ТСБМ, Бяльк., Нар. Гом.), то́рбачнікі ’сумчатыя’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

забе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. забег, ‑ла; заг. забяжы; зак.

1. Бегучы, трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Казёл забег у агарод. □ Ля кладкі ў брод забеглі дзеці — усім па кветачкі вада. Ляпёшкін. У хлопцаў ногі лёгкія, як бачыш забягуць дадому. Гамолка.

2. Зайсці куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Шамякін. Як на тое, у пакой забег Вадзімка. Чагосьці пашукаў пад ложкам і выбег. Сабаленка.

3. Абагнаць каго‑н., перагарадзіўшы дарогу. [Боганчык] бег, б’ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не можа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад. Пташнікаў. «Ты мой, як міленькі, толькі каб не дапусціць цябе да алешніку», — думаў Павел, стараючыся забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак і кінуўся ў бок сасновага лесу. Пальчэўскі.

•••

Забегчы наперад — а) зрабіць што‑н., парушыўшы паслядоўнасць; б) апярэдзіць каго‑н. у дасягненні, атрыманні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіць, саўю, саўеш, саўе; саўём, саўяце; зак., што.

1. Скручваючы, уючы пасмы, ніці, вырабіць што‑н. Звіць вяроўку. □ На такой гаспадарцы, як наша, зімой работы няшмат. Дроў прывезці, звіць пастронкі ці лейцы, лапці падшыць, даць каню і карове — і ўсё. Брыль. // Зрабіць, сплятаючы што‑н. Звіць вянок з кветак. // Зляпіць, збудаваць гняздо (пра птушак). Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук.

2. Зматаць у клубок; наматаць на што‑н. Звіць ніткі ў клубок.

3. Матаючы, зняць з чаго‑н.; разматаць. Звіць ніткі са шпулькі. Звіць пражу з матавіла.

•••

Звіць (сабе) гняздо — а) завесці сям’ю; уладкаваць жыццё. Часам думаю такое: Мо звіла гняздо ты з кім Пад вясковаю страхою Ці пад дахам гарадскім... Кусянкоў; б) пасяліцца, прыжыцца дзе‑н. Каліну перанеслі ў кабінет дырэктара, дзе паспеў ужо звіць сабе гняздо камендант, і палажылі на мяккую канапу. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Памагчы каму‑н. сесці, узабрацца на што‑н. высокае. Бацька вывеў мне каня, падсадзіў, бо сам я яшчэ не мог ўскочыць каню на спіну. Дамашэвіч. Падсадзіла [бабка] Віцю на воз,.. перахрысціла ўнука і доўга выцірала вочы ражкамі падвязанай пад бараду хусткі. Нядзведскі.

2. Пасадзіць разам, у адно месца з кім‑н. Цяпер.. [Максім] клаўся спаць адзін і, засынаючы, думаў: каго ж, якога таварыша падсадзяць да яго ў камеру? Машара. // Разм. Узяць на воз, у машыну і пад. падарожнага. — Сюды мяне прывёз інвалід з пратэзам замест правай нагі. Па дарозе падсадзіў знаёмую. Лужанін.

3. і чаго. Пасадзіць дадаткова. Падсадзіць капусты на градзе.

4. Разм. Змясціць, падсунуць пад што‑н. ці ў што‑н. [Алена і Міхась] падсадзілі насілы пад капу і панеслі яе з балота на поплаў. Дайліда. Суджана хлапцу: быў малым — дурным, падсадзіў пальцы ў сячкарню, дык яму іх адцяла. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)