Тул1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́лом ‘задам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус. фалькл. тул ‘тулава [?]’, смал., валаг. ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновы тулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян. túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв. zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).

Тул2, ст.-бел. тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ля ‘похва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус. тулъ (тоулъ), ст.-рус. тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус. маск. тулъ ‘похва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск. tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск. tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш. toul, toulec, ст.-чэш. túl ‘калчан’, славац. tulec, славен. tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв. tul̑, харв. tuljac, серб. ту̑л, ту́лац, балг. тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед. тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав. тоулъ ‘тс’. Прасл. *tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е. *tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд. tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч. σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус. вту́лка ‘трубка, затычка’, балг. дыял.туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед. охрыд. тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліцьутойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей). Гуляць з цацкамі. □ Дзеці пабеглі гуляць, і Святлана засталася ў хаце са Сцепанідай Андрэеўнай. Шахавец. Аднойчы Гошка прапанаваў сябрам сабраць усіх малых дзяцей у адно месца і гуляць з імі. Даніленка. // у што. Праводзіць час за якім‑н. заняткам з мэтай адпачынку, забавы. Гуляць у жмуркі. Гуляць у шахматы. Гуляць у карты. □ Перад выхадам на дэманстрацыю група дзяўчат і хлопцаў гуляла ў валейбол. Лынькоў. // перан.; у што. Займацца якой‑н. справай несур’ёзна, для выгляду; прыкідвацца занятым чым‑н. Гуляць у дэмакратыю. □ [Лютынскі:] Я не з’яўляюся непраціўленцам злу: міндальнічаць і гуляць у шляхетнасць не буду. Крапіва.

2. Хадзіць паціху для адпачынку, задавальнення; прагульвацца. Гуляць па парку. Гуляць па калідоры. □ Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку. Колас. // перан. Раз’язджаць, расхаджваць усюды, адчуваючы сябе гаспадаром становішча; гаспадарыць. — Лубян з гранатамі па вёсках гуляе, машыны нямецкія па шашы падрывае. Шамякін. // перан. Перамяшчацца ў розных напрамках, прыводзіць што‑н. у рух (пра з’явы прыроды). Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя вятры. Шчарбатаў. Па саламяных стрэхах гуляў агонь. Бядуля. // перан. Біць, сячы (пра плётку, бізун і пад.). Цень мінуўшчыны праклятай, Дзе бізун гуляў з нагайкай, Змецяцё вы, арляняты, сваёй новай сілай, байкай. Купала. // перан. Шырока распаўсюджвацца (пра хваробу, чутку і пад.). Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.

3. на чым, у чым. Пералівацца рознымі колерамі. Па небе гулялі паўночныя сполахі. Шамякін. // Быць у руху, змяняцца (пра ўсмешку і пад.). У мельніка гуляла па твары сытая ўсмешка. Чорны.

4. Быць свабодным ад работы, не працаваць. Гуляць увесь выхадны дзень. □ [Стары:] — Цэлае лета, кажаш, гуляеш? Гм, дык чым жа табе нядобра? Дзівак чалавек... Хе-хе! Галавач. // Быць свабодным, незанятым, нявыкарыстаным (пра зямлю, рэчы і пад.). — Нам можна і на падлозе пераспаць, — прапанавала Галя. — Дык чаго гэта на падлозе, калі ложак гуляе. Ён жа ў мяне толькі для красы і стаіць. Сабаленка. Хто часта мяняе, у таго хамут гуляе. Прыказка.

5. Весяліцца (з песнямі, танцамі і пад.). Збірайцеся, людзі, Заходзьце, сябры. Сягоння мы будзем Гуляць да зары. А. Александровіч. // Быць удзельнікам якога‑н. свята, урачыстасці. Гуляць вяселле. Гуляць дажынкі. // што. Абл. Танцаваць, скакаць. — Умею адну толькі польку, дык тут жа яе не гуляюць. Арабей. // перан. Хутка рухацца; весяліцца (пра рыбу, жывёл). На сярэдзіне [азярца] час ад часу разыходзяцца кругі, чуваць усплёск — гуляе рыба. Навуменка.

6. з кім. Разм. Знаходзіцца ў любоўных адносінах; любіцца. У Васіля была дзяўчына, з якою, як казалі на сяле, ён гуляў ужо каля двух гадоў. Васілевіч. Колькі год я з ім гуляю, А не прыйдзе ў сваты, Толькі ўвечары ад гаю Давядзе да хаты. Дзеружынскі.

•••

Вецер (гуляе) у галаве гл. вецер.

Гульма гуляць — зусім нічога не рабіць; лодарнічаць. — Чаго ты там молішся? — азвалася мачыха. — Вазьмі ды карове вынесі, а то прывык гульма гуляць, дык работа яму і не рупіць. Сабаленка.

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць па руках — перадавацца ад аднаго чалавека да другога, пераходзіць з рук у рукі.

Гуляць у бірулькі — займацца пустымі справамі, дарма траціць час.

Гуляць у жмуркі (хованкі) — хітраваць, утойваць што‑н. ад каго‑н. — А кінь ты, Астап, у жмуркі гуляць, не дзеці мы. Падпілавалі мост Шведавы хлопцы. Лынькоў. — Нешта ты ў хованкі пачаў гуляць? Круціш-круціш. Не чакаў я ад цябе. Кандрусевіч.

Гуляць у ката і мышку (мыш) — хітраваць, імкнуцца абмануць каго‑н.

Гуляць у маўчанку — ухіляцца ад размовы, адмоўчвацца.

Хоць у жмуркі гуляй — цёмна, нічога не відаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)