уключы́ць, уключу, уключыш, уключыць; зак.

1. што. Далучыўшы да крыніцы энергіі, прывесці ў дзеянне, рух. Уключыць станок. □ Сцяпан Васільевіч уключыў тэлевізар прамой сувязі. Матавы экран ажыў, прамільгнулі абрысы залы, ракетадрома. Шыцік. Вадзіцель ускочыў у кабіну і ўключыў матор. Машына кранулася. М. Ткачоў. // Далучыць да сістэмы дзеючых апаратаў; падключыць. Уключыць першую скорасць. Уключыць тэлефон.

2. каго-што. Увесці, прыняць у склад, лік каго‑, чаго‑н. Уключыць у рацыён жывёлы соль. □ [Бялькевіч:] — Збяру .. брыгаду, уключу туды Мацея з баянам і паеду. Савіцкі. Дырэкцыя адразу ўключыла «Ірынку» у рэпертуарны план тэатра і са згоды аўтара даручыла мне яе ставіць. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валя́цца, я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у беспарадку, бязладна, як папала, не на месцы. Усюды на падлозе валяўся хатні скарб — рашоты, адзежа, кублы. Лупсякоў. [Юткевіч] ляжаў на нейкай старасвецкай канапе,.. каля канапы валяўся ягоны англійскі шынель. Мікуліч. // Ляжаць без ужытку. Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела. Колас.

2. Лежачы, пераварочвацца з боку на бок. [Гарлахвацкі:] Вы, напэўна, самі не раз паглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужах. Крапіва.

3. Разм. Ляжаць, нічога не робячы. Цэлымі днямі Марынка валялася на ложку, чытала, глядзела тэлевізар. Шыцік. // Доўга ляжаць у пасцелі з прычыны хваробы, ранення. Валяцца ў шпіталях.

•••

Ад ветру валяцца — ледзь стаяць на нагах ад слабасці.

На дарозе (зямлі, доле, абы-дзе) не валяецца — дарма не дастаецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.

1. Надаць музычнаму інструменту пэўную вышыню гуку. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Тым часам Віктар настроіў гітару і прыемным барытонам пачаў спяваць. Ваданосаў.

2. Падрыхтаваць да работы, наладзіць, адрэгуляваць (пра механізмы). Настроіць станкі. // Прыстасаваць для прыёму хваль (радыё, магнітных і пад.). [Сенатар] настроіў тэлевізар на другую хвалю. Гамолка.

3. Выклікаць які‑н. настрой. Простая, знаёмая з.. маленства, работа дала [Сіротку] асалоду, дзіўна хораша настроіла, зрабіла добрым, лагодным, вясёлым. Шамякін. Багатая кватэра настроіла Дземідзецкага на вясёлы лад. Новікаў. На філасофскі часам лад Настроіш думкі ты ў самоце. Колас.

4. Выклікаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі (у адносінах да каго‑, чаго‑н.). Настроіць усіх супроць сябе. □ Бацька навучыў мяне чытаць буквар і разам з маці так настроіў на вучобу, што я з радасцю пераступіў школьны парог. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)