Ту́рак1 ‘жыхар Турцыі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Зайка Кос.), ту́рок ‘тс’ (ТС, Вруб.), ‘Турцыя, Турэччына’: немца, турка ваяваць (Карскі 2-3, 397), ту́ркі ‘тс’: Куды цябе мамка аддае: / Ці ў туркі, ці ў татары (барыс., Песні сямі вёсак), ту́рак ‘упарты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом., Зайка Кос.), ту́рок ‘чалавек з разумовымі недахопамі’ (ТС), ту́рык ‘дурань’ (Юрч. Вытв.), ст.-бел. турокъ (1480 г.), турчинъ, турчынъ (1499 г.) ‘жыхар Турцыі’ (ГСБМ). Параўн. укр. ту́рок, рус. ту́рок, стараж.-рус. турокъ (XV ст.). Запазычанне з тур. türk ‘турак, цюрак’, звязанае (паводле ЕСУМ, 5, 682) з türk ‘грубы, жорсткі, разбойніцкі’, уйг. türk ‘сіла; моцны’, чагат. ‘жорсткі, храбры’, якія зводзяцца да ст.-цюрк. türk ‘цюркская дынастыя’, якую кітайцы называлі Tu‑küz ці Ту‑кю (Фасмер, 4, 125). Запазычанне адсылаецца і да манг. türkün ‘бацькі і родзічы замужняй жанчыны’. Гл. таксама Фасмер (4, 83–84). Сюды ж турча́нка ‘жанчына турэцкай нацыянальнасці’ (ТСБМ), Турэ́ччына ‘Турцыя’; Турцыя — са ст.-польск. Turcja, якое з новалац. Turcia, гэтаксама прыметнік турэцкі са ст.-польск. turecki < Turek ‘турак’ (Фасмер, 4, 126); ту́рка ‘турак’ (Байк. і Некр.), турэцкі баго́н — нейкая расліна (ТС), турэцкіе агуркі — бальшые і доўгіе (Ян.), турэцкі рамонак ‘рамонак пахучы, Matricaria matricarioides (L.)’ (лельч., Нар. лекс.).

Ту́рак2 ‘бубны (масць у картах)’: бубен, або званок, або турак (Наша Ніва, 2002, 15 лют.). Відавочна, адпавядае польск. turek ‘чырвоная кветка’ на базе колеру бубновай карты або значэння ‘палявая кветка’, што можа атаясамлівацца са званочкам (Варш. сл.), дакладней — з контурам кветкі «званковай» (бубновай) карты. Сувязь з Turek ‘турак’ застаецца няяснай.

Ту́рак3 ‘грыб курачка, Rozites casperata (Fr.) P. Karsten’ (кам., маладз., смаляв., Сярж.–Яшк.). Заходняя лакалізацыя назвы сведчыць пра магчымае запазычанне польск. turek ‘від грыба з вялікай апушанай шапачкай арэхападобнай формы пясчанага колеру’ (Варш. сл.). Мяркуецца, што грыб нагадвае турэцкі галаўны ўбор, адсюль зыходнае Turek, гл. турак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атама́н ’выбарны начальнік у казацкіх войсках або паселішчах у дарэвалюцыйнай Расіі’, ’важак, завадатар’ (БРС), атама́н (Нас.). Рус. атама́н, дыял. (в)ата́ма́н, укр. атама́н, ота́ма́н. Магчыма, што ўкраінская форма з а‑ замацавана пад рускім уплывам, а польская ataman з рускай ці беларускай, а не з украінскай. Руская і ўкраінская мовы ведаюць значэнне слова ’рыбацкі, ’пастухоў стараста’. Ст.-рус. ватаманъ, вотамманъ, отоманъ ’чалавек, які працуе на судне’ з 1294 г., пазней — атаман начальнік казачай дружыны’ (XVII ст.); польск. (да XVI ст.) wataman ’аканом’. Ст.-бел. з 2‑й палавіны XV ст. оутамонъ, втамон, отаманы, атаманъ у знач. ’рыбацкі завадатар’ (1577), ’аканом’ (1497), ’чыноўнік па збору падаткаў, падпарадкаваны татарскім баскакам’ (XVI ст.). Ст.-укр. ватаманъ (1422) ’стараста’, з XVI ст. атаманъ са значэннямі, блізкімі да старабеларускай. Этымалогія слова высветлена не да канца. Ранейшыя прапановы ўзводзіць яго, як і польск. > укр. гетьман, з ням. Hauptmann < heubtmann (Міклашыч, 5; Бернекер, 1, 378; Гараеў, 7) запярэчваюцца ў сувязі з фанетычнымі цяжкасцямі. Не прымаецца таксама этымалогія Гараева, 438, з тур. (?) ата ’бацька’ + туман ’10 000 (войска)’ у сувязі з нерэальнасцю такога спалучэння ў турэцкай. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Т. Корзана, падтрыманая і абгрунтаваная Брукнерам, KZ, 48, 172, а потым больш дакладна Дзмітрыевым, Строй, 523: крым.-тат. отаман > одаман ’старшы пастух, пастухоў бацька’ (‑ман павелічальны суфікс), адкуль атаман, отаман (Брукнер, 8; Фасмер, 1, 95; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 36; Шанскі, 1, А, 169–170; Курс суч., 161). Гэта этымалогія, аднак, не тлумачыць ст.-рус. наўг. ватаманъ ’працуючы на суднах’ па гістарычных, геаграфічных, фанетычных прычынах, таму Фасмер выдзяляе ватаман у асобны артыкул, хаця і не тлумачыць яго; Саднік-Айцэтмюлер лічацца з магчымасцю старога цюркскага запазычання; Праабражэнскі (1, 9–10) спачувальна прыводзіць думку Сразнеўскага (1, 231) пра сувязь ватаманъ з ватага. Старое цюркскае запазычанне магчыма (параўн. чув. утаман побач з атаман, якое Ашмарын (2, 133) лічыў запазычаннем з рускай; параўн. Ягораў, 278). Нельга выключыць і ватаманъ ’працуючы на судне’ з германскага (параўн. с.-в.-ням. Waʒʒermann ’марак, лодачнік, шкіпер’, англ. waterman ’лодачнік, вясляр’ і г. д.). Ст.-польск., ст.-бел., ст.-укр. ватаман ’чыноўнік, аканом’ магло ўзнікнуць пад уплывам іншых слоў (параўн. ст.-польск. watman), напр. Amtmann. Гэта не выключае і кантамінацыі з одаман ’старшы пастух’ і з оттоман ’турак’. Сучасныя беларускія значэнні замацаваліся пад рускім уплывам. Пра цюркскае паходжанне слова гл. Дабрадомаў, РР, 1972, 5, 110–114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)