пестре́тьII несов.

1. (мелькать) мільга́ць; (часто попадаться) ча́ста трапля́цца;

флажки́ пестря́т пе́ред глаза́ми сцяжкі́ мільга́юць пе́рад вачы́ма;

2. (изобиловать чем-л. пёстрым) стракаце́ць;

рису́нок пестри́т я́ркими кра́сками малю́нак стракаці́ць я́ркімі фа́рбамі;

статья́ пестри́т цита́тами перен. арты́кул стракаці́ць цыта́тамі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

явля́ться несов.

1. (появляться) з’яўля́цца; (прибывать) прыбыва́ць; (приезжать) прыязджа́ць; (приходить) прыхо́дзіць;

2. (возникать) з’яўля́цца, узніка́ць;

3. (оказываться) з’яўля́цца;

4. (случаться, представляться) трапля́цца; см. яви́ться;

5. (быть, служить чем-л.) з’яўля́цца;

6. страд. пака́звацца; выяўля́цца; праяўля́цца; выка́звацца; рабі́цца; см. явля́ть.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Прыкіда́цца ’прыставаць (пра хваробу); прыключацца, прыставаць (няшчасцю); наскокваць, накідвацца; прыкідвацца, прытварацца’ (Нас., Мядзв., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Нар. Гом.), прыкі́давацца ’прыставаць (пра хваробу)’ (віл., Сл. ПЗБ), прыкі́дывыцца ’прыкідвацца, прытварацца’ (Бяльк.), прыкі́нуцца ’прыставаць (няшчасцю, хваробе)’ (Бяльк.), таксама зак. тр. прыкі́нуцца ’прыняць пэўны выгляд з мэтай падману; прытварыцца; раптоўна наступіць, прыстаць (пра хваробу, штосьці нядобрае)’; перан. ’прывязацца, прыхіліцца’ (ТСБМ, ТС). Сюды ж амонімы з іншай семантыкай: прыкіда́ццатрапляцца, пападацца; прызнаваць сваяцкія сувязі, роднасць; спрыяць, ставіцца з прыхільнасцю; прыставаць’ (Ян., ТС), прікіда́цца ’пападацца’ (Бяльк.). Да кіда́ць/‑ца (гл.). Таксама сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі, якія працягваюць семантыку ’прыстаць (пра хваробу)’: пры́кідзь, пры́кісь ’запаленне; дзіцячая хвароба, вогнік’ (чэрв., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), пры́кісь ’ускладненне хваробы’ (ашм., Стан.), прыкі́дка, прыкі́тка ’запаленне’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), і прыметнікі з далейшым семантычным развіццём: прыкі́дны́ ’ветлівы, ласкавы, прыхільны’ (навагр., Нар. сл.; ст.-дар., Сл. ПЗБ; ТС), прыкі́длівы, прыкі́дчывы ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (слаўг., лельч., нараўл., ЛА, 3), прыкі́дліву ’прыветлівы’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

подвёртываться

1. (завинчиваться немного) падкру́чвацца;

2. (загибаться — о краях) падго́ртвацца; (о рукавах) зака́свацца; (о штанах) падка́свацца;

3. (о ноге) падваро́чвацца, выкру́чвацца; (при вывихе) выві́хвацца, спрыві́львацца;

4. (оказываться) трапля́цца; (попадать) трапля́ць;

подвёртывается удо́бный слу́чай трапля́ецца зру́чны вы́падак;

не подвёртывайся мне по́д руку не трапля́йся (не лезь, не падла́зь) мне пад ру́ку;

5. страд. падкру́чвацца; падго́ртвацца; зака́свацца; падка́свацца; падмо́твацца; падваро́чвацца, выкру́чвацца; выві́хвацца; см. подвёртывать.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

спадаро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каму. Ісці, ехаць разам з кім‑н., быць яго спадарожнікам. Спадарожнічаць турыстам у паездцы. // перан. Быць спадарожнікам жыцця. [Усевалад:] — У нас ёсць жанкі, .. я думаю, што перш за ўсё трэба выпіць за іх. За тых, хто робіць нашу ўтульнасць, хто спадарожнічае нам усё жыццё. Скрыган. // Быць заўсёды разам з кім‑н. Песня спадарожнічае нам праз усё жыццё. «Маладосць». Чамадан, гэты славуты чамадан, пра які так многа расказваюць нават анекдотаў, заўсёды спадарожнічае .. [сувязістам]. Пестрак.

2. каму. Працякаць, адбывацца адначасова або ўслед за чым‑н., знаходзіцца з нечым у непарыўнай сувязі. Нам вядома, якія жыццёвыя абставіны і падзеі спадарожнічалі Івану Калацкаму на яго шляху ад сялянскага хлапца да камандзіра палка. Кудраўцаў.

3. каму-чаму. Быць неаддзельным ад каго‑, чаго‑н., цесна звязаным з кім‑, чым‑н. Слабае, нясталае, вучнёўскае спадарожнічае маладосці, таленту. Перкін. Для таго, каб «рыбацкае шчасце» заўжды і ўсюды спадарожнічала табе, патрэбны вынаходлівасць, кемлівасць, веды. Матрунёнак. Сяргею заўсёды спадарожнічала ўдача. Мяжэвіч. // Расці, трапляцца поруч, разам з чым‑н. [Леў Раманавіч:] — Зязюльчын лён і асака — запусценне. Ім спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудр[а]нка. Асіпенка. Зарыва азначае, што спальваецца газ, які заўсёды нафце спадарожнічае. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страка́цець 1, ‑ее; незак.

1. Вылучацца сваёй стракатасцю; пярэсціцца. І толькі калі [Ніна] зірнула ў акно, зразумела — поезд, змяншаючы хуткасць, падыходзіў да станцыі: перад вачыма разгаліноўваліся бліскучыя ад сонца рэйкі, а ўдалечыні ўжо стракацелі цагляныя і драўляныя будынкі прыгарада. Сіўцоў. На .. [хлопцах] былі таксама вузкія дудачкай штаны, з-пад якіх стракацелі шкарпэткі. Асіпенка. // чым або ад чаго. Быць, здавацца стракатым, рознакаляровым (ад чаго‑н.). Імшары стракацяць рознакаляровымі сыраежкамі, бабкамі, падасінавікамі. Сачанка. Пчаліныя хаткі стракацелі рознай афарбоўкай між пабеленымі стваламі яблынь. Пестрак. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў. Берагі ракі стракацелі ад птушак, што, здавалася, зляцеліся сюды з усіх джунгляў. Хомчанка.

2. Станавіцца стракатым. Вуліца пачала стракацець белымі, чырвонымі, блакітнымі кофтамі і хусткамі. Мележ.

страка́цець 2, ‑ціць; незак.

1. Часта трапляцца на вочы, мільгаць перад вачыма. На паплавах стракацеў дзяцельнік, тырчалі галоўкі адуванчыка, у нізінах паміж асакою жаўцела лотаць. Гурскі.

2. чым. Змяшчаць шмат таго, што часта паўтараецца. І толькі параўняўся .. [Джыавані] з газетным кіёскам, які стракацеў вокладкамі розных часопісаў, як востры боль прастроміў яго плячо. Лынькоў. // перан. Змяшчаць шмат чаго‑н. аднароднага, што часта паўтараецца. Друк нацыянальна-вызваленчага руху стракацеў строфамі і вобразамі Купалы, асабліва ў допісах з месц. Таўлай. Таўбін любіў ужываць словы-абрубкі, яго юныя вершы часамі стракацелі іншамоўнымі слоўцамі. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тра́піць1 ’паразіць цэль, пацэліць, метка кінуўшы, стрэліўшы’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Мядзв., Чуд., Сл. ПЗБ), ’знайсці, напаткаць, сустрэцца’ (Нас., Мат. Гом., Федар. 4, Янк. 2, ПСл; Сержп. Прымхі, Байк. і Некр., ТС), ’скеміць’ (Мат. Гом.), ’адгадаць, здагадацца, трапна, дарэчы сказаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), ’папасці, надарыцца’ (ТСБМ), ’увайсці, пранікнуць’, ’уладкавацца на работу, вучобу’, ’апынуцца’, ’знянацку наступіць, уступіць, зачапіць’ (там жа), ’паспець у час’ (Др.-Падб.), ’паспець, управіцца’ (ТС), ’магчы’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ’папасці ў час, куды трэба’ (Нас., Касп., Янк. 2, Растарг.), трафі́ць ’знайсці’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’папасці; адгадаць’ (Шпіл.), ’змагчы’ (в.-дзв., там жа); тра́піцца ’сустрэцца, напаткацца’ (ТС), ’выпадкова сустракацца’, ’пападаць, здарацца’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп.), ’надарыцца’ (Бяльк., Касп.), ’знайсціся’ (люб., Ск. нар. мовы), трапля́ць ’нацэльваць’ (Ласт., Байк. і Некр., Нас., Шат.), трафля́ць ’тс’, трапля́цца ’пападацца, сустракацца’ (ТС, Растарг.; петрык., Яшк. Мясц.), трафля́цца ’удавацца ў каго-небудзь’ (Нас.), траф! — перадае цэлю ўдар (там жа), тра́фны ’цэлю’ (Гарэц.), тра́пны ’тс’ (Ласт.), ’надзейны’ (Нас.), ’жвавы, спрытны’ (навагр., Сл. ПЗБ), тра́пна ’ўдала, метка’ (Байк. і Некр.), траплі́вы ’які лоўка трапляе ў цэль’, тра́пля ’выпадак, нечаканасць’ (Нас.). Ст.-бел. трафити, трапити ’трапіць, сустрэць’ (1516 г.) запазычаны са ст.-польск. trefić, trafić ’трапіць’ (Булыка, Запазыч., 324; Булыка, Лекс. запазыч., 189), ’патрапіць, здолець, адгадаць, рашаць’, ’дагаджаць’, ’удацца ў каго-небудзь падабенствам’, сучаснае польск. trafić ’пацэліць’, ’знайсці’, ’трапіць, куды належыць’, ’наткнуцца на каго-небудзь’, ’сустрэць’, ’перадаць падабенства’, што з с.-в.-ням. treffen, с.-ням. усх. traffen ’дасягнуць, трапіць, спаткаць’, ням. treffen ’трапіць’, ’ударыць, паразіць’ (Борысь, 639; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 395).

Тра́піць2, ст.-бел. трапити ’прыгнятаць, няволіць, мучыць’ (Гарб.), трапити, трафити, трахвиты ’засмучаць’ (1516 г., Ст.-бел. лексікон; КГС). Запазычана са ст.-польск. trapić ’мучыць, прыгнятаць’, сучаснае польск. trapić ’рабіць непрыемнасць, турбаваць’, што да прасл. *torpiti ’мучыць, прыгнятаць’, суадноснага з прасл. *tьrpěti ’цярпець’ (Фасмер, 4, 86; Борысь, 640; Бязлай, 4, 213), паводле Варбат (Этимология–1966, 104), каўзатыва ад *třepati ’драць, трапаць’. Гл. таксама трапёны.

Трапі́ць ’пераследаваць, гнацца па слядах’ (Ласт.), ’асочваць’ (хойн., Мат. Гом.). Да трап1 ’дарога, сцежка’, г. зн. ’ісці па следу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

быва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Прыходзіць да каго‑н., наведваць каго‑н., падтрымліваць сяброўскія адносіны з кім‑н. Любецкі кожны дзень бываў у генералавым доме. Карпюк. Праўда, у апошні час Пеця перастаў бываць у Валіка. Жычка. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Чорны.

2. Знаходзіцца, прысутнічаць дзе‑н. З самага вечара Несцяровіч мала калі бываў дома. Чорны. Пятру не раз даводзілася бываць у горадзе, і вуліцы ён ведаў, і раёны знаў. Пальчэўскі. На тайных сходах часта.. [Янка] бываў. Бядуля.

3. Здарацца, трапляцца. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка. // Мець месца, здарацца. На такіх аблавах [на ваўкоў] бывалі і чалавечыя ахвяры. Бядуля. Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. са злучн. «што» і без яго. Бывае так: і ў добрым севе Трапляе дзікая трава. Колас.

4. Звязка ў састаўным выказніку. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Дрэнна бывае матылю, калі трапляе ён на агонь. Лынькоў.

5. Форма развітання (звычайна ў 2 ас. адз. і мн. з азначальным словам і без яго). — Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі! Колас.

•••

Бывай (бывайце) здаровы — тое, што і будзь здароў (гл. быць).

Бываць на людзях — быць сярод людзей, з людзьмі.

Не бываць таму — не адбыцца, не здарыцца, не быць чаму‑н.

Чаго не бывае — усё можа быць, рознае бывае.

Як ні ў чым не бывала — як быццам нічога яе здарылася, як ні ў чым не вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. у каго-што, па кім-чым. Накіроўваць стрэл, удар у пэўную цэль. Паліцай цаляў у Андрыяна, але папаў у яго таварыша. Марціновіч. Спачатку немцы спрабавалі агрызацца, цалялі па самалётах з зенітак. Сачанка. // у што. Імкнуцца папасці (рукой, нагой і пад.) куды‑н., у што‑н. Усе яшчэ спалі, толькі Вара, пазяхаючы, цаляла рукой у рукаў ватоўкі і ніяк не магла патрапіць. Сабаленка. Не адставай, сынок, не адставай, — раз-пораз падахвочваў тата мяне. — Ты ў мае сляды цаляй — лягчэй будзе ісці. Пальчэўскі. // перан.; у каго-што. Разм. Мець каго‑н. на ўвазе. Каб не было памылкі, у каго ён цаляе, Чорны зрабіў сугучнымі прозвішчы прататыпа і героя. Лужанін. // да каго-чаго, на каго-што. Разм. Ісці, кіравацца ў пэўным напрамку. Адзін цаляў да Валодзі, другі накіраваўся да Івана. Новікаў.

2. Пападаць, трапляць. Кулі сыпаліся градам, а .. [Андрэй] не адчуваў, не заўважаў, куды яны цалялі. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, месца. Гаспадар крыху замяшаўся, бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сцяміўшы, куды цаляе яго сусед. Колас. — Эге, весела сёння ў народнай! — гукнуў ад парога Мальчэўскі. — Хто тут сёння ў завадатары цаляе? Васілёнак. // з інф. Імкнуцца зрабіць што‑н. пэўным чынам, у пэўны час або ў пэўным месцы. [Валодзя], відаць, цаляў выходзіць з дому і прыходзіць так, каб не трапляцца мне на вочы. Сабаленка. Як толькі малыя з заняткаў, дык.. [жанчыны] ў школу. І ўсё цаляюць заходзіць па адной. Кавалёў.

•••

Зуб на зуб не цаляе — тое, што і зуб на зуб не пападае (гл. зуб).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

представля́ться несов.

1. (называть себя при знакомстве) рэкамендава́цца, знаёміцца, прадстаўля́цца;

2. (представать в воображении) прадстаўля́цца, уяўля́цца; (казаться) здава́цца; (слышаться) чу́цца;

и́здали всё представля́ется ме́ньшим здалёк усё здае́цца (уяўля́ецца) ме́ншым;

э́то вам то́лько представля́ется гэ́та вам то́лькі здае́цца; (слышится) чу́ецца;

3. (представать, являться) паўстава́ць (перад кім, чым); з’яўля́цца, паяўля́цца (перад кім, перад чым); (показываться) пака́звацца;

де́ло представля́ется в тако́м ви́де спра́ва паўстае́ ў такі́м вы́глядзе;

4. (притворяться) разг. прыкі́двацца, стро́іць з сябе́ (каго, што);

представля́ться глухи́м прыкі́двацца глухі́м, стро́іць з сябе́ глухо́га;

5. (возникать, случаться) трапля́цца; быць;

представля́ется возмо́жность трапля́ецца (ёсць) магчы́масць;

6. страд. падава́цца; прыво́дзіцца; прадстаўля́цца; прад’яўля́цца; дастаўля́цца; ста́віцца; знаёміцца, рэкамендава́цца, малява́цца; пака́звацца, выво́дзіцца; см. представля́ть 1—5, 8.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)