Весялу́ха1 ’вясёлая жанчына, жанчына з вясёлым норавам, ахвотніца павесяліцца’ (КТС, БРС, Янк. II, Сцяшк., КЭС); ’вясёлая старая жанчына’ (Рас.), укр. веселу́ха, рус. пск., смал., маск., варон. веселу́ха, веселу́шка ’вясёлая жанчына’. Утворана ад прыметніка весел‑ (< vesel‑ъ) і эмацыянальна афарбаванага суфікса ‑ух‑а (< ‑ux‑a).

Весялу́ха2 ’вясёлка’ (КТС, ДАБМ, к. 312, Сцяшк. МГ, Некр., Янк. II, Яшк.), хойн., мазыр. веселу́ха ’тс’ (Мат. Гом.), укр. веселу́ха, рус. смал., бранск., тул., арханг. веселу́ха ’тс’. Старая назва, утвораная ад vesel‑a і экспрэсіўнага суф. ‑ux‑a. Гл. таксама вясёлка.

Весялуха3 (жарт.) ’гарэлка’ (КТС), укр. веселу́ха, рус. разан. веселу́ха, пск. веселу́шка ’тс’ — пераноснае ад весялуха1 (гл.).

Весялуха4 ’жартаўлівая кароткая песня, частушка’, сюды ж ду́дка‑весялу́шка (КТС). Рус. варон. веселу́шка ’кароткая танцавальная частушка’. Пераноснае з весялуха1 (гл.).

Весялуха5 ’грыб’ (лоеў., Мат. Гом.). Утворана пры дапамозе суф. ‑уха і вясёлка; параўн. слаўг. вясёлка ’апенька летняя, Kuehneromyces mutabilis’ (Яшкін, вусн. паведамл.), узд. ’нейкі грыб з віду порхавак’ (КЭС), якое, магчыма, з *вясёнка < вясенняя апенька.

Весялу́ха6 ’лес з павіслых бяроз, Betula pendula Roth.’; ’бярэзнік’ (дубр., крыч., Яшк.), сюды ж лёзн. весяльні́к ’лес з бяроз. Betula verrucosa Ehrh’. (Яшк.). Рус. пск., смал. вясёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, пск. весёльнік ’лес з маладых бярозак’. Да вясёлы (гл.): галіны бярозы і маладыя бярозкі выкарыстоўваюцца ў час вясенняга свята тройцы, ствараючы святочны настрой, радасць, весялосць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лі́цца, льецца і ліецца; пр. ліўся, ‑лася, ‑лося; заг. ліся; незак.

1. Цячы струменем, цурком. З .. жолаба ў коўш ліўся магутны струмень зіхотнага чыгуну. Карпаў. Лілася кроў з глыбокіх ран, з вачэй — ні кроплі слёз. Непачаловіч. / у безас. ужыв. З неба то лілося як з вядра, то сыпаўся дожджык, дробненькі, як пыл. Гарэцкі. // Сыпацца патокам. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера ў скрыні жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін. // перан. Ісці, рухацца суцэльнай масай, натоўпам. Бежанцы на падводах, бежанцы пешкі бясконцым патокам льюцца, пакідаюць Маскву... Васілевіч.

2. перан. Распаўсюджвацца ў паветры (пра святло, пах і пад.). З-пад сініх абажураў-парасончыкаў ліецца мяккае святло. Навуменка. Кусты вербалозу .. былі абсыпаны жоўтымі пушыстымі каплямі. Ад іх ліўся прыемны і веснавы пах. Чарнышэвіч. Чырвань льецца на загоны, Нішчыць цьмы пасады-троны. Колас. // Плаўна разносіцца, раздавацца (пра гукі музыкі, песні і пад.). З рэпрадуктараў лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Па вуліцы прайшлі дзяўчаты. Галасістая песня не змаўкала, па-маладому лілася, будзіла наваколле. Каршукоў. Ідуць касцы, ідуць, як хмары, І льецца смех іх разудалы, Як веснавыя перавалы. Колас.

3. перан. Лёгка і свабодна цячы (пра мову, гутарку і пад.). Шумна гудзе партызанская раць, Льецца гаворка жывая. Колас. [Дзеці] туляцца бліжэй да маці, слухаюць яе словы, якія льюцца і булькочуць, як вясновы ручаёк. Васілевіч.

4. перан. Пранікаць (у душу, сэрца і пад.). Радасць льецца ў душу з кожным шэптам вясны. Васілёк. Льецца ў ногі стома, бы свінец. Звонак.

5. Зал. да ліць (у 4 знач.).

•••

Ліцца цераз край — тое, што і біць цераз край (гл. біць).

Льецца кроў гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)