перагле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць, зак., каго што.

1. Агледзець, дагледзець усё, многае або ўсіх, многіх. Артур палез па кішэнях шукаць Наталлінага адраса. Уміг ён перагледзеў некалькі замурзаных блакнотаў, памятых .. паперак і — дарэмна. Гартны. І вось Янка ў кабінеце дырэктара. Ён пачакаў, пакуль той перагледзеў нейкія паперкі, потым кашлянуў. Прокша. // Прагледзець нанава, яшчэ раз з мэтай праверкі. Тамаш зноў хутка перагледзеў прыёмнік ... і зноў навушнікі маўчалі, нібы нямыя. Краўчанка. [Сяргей Сяргеевіч:] — У пятніцу вечарком я накапаў чарвякоў, перагледзеў снасці, а назаўтра .. мы ўжо кацілі на Змітраковым «буланчыку» па гладкай шашы на ўлюбёныя мясціны майго сябра — прыгожы высокі бераг Бярэзіны. Ляўданскі.

2. Разгледзець, абмеркаваць што‑н. нанава, яшчэ раз для ўнясення якіх‑н. змен, паправак. Перагледзець штаты устаноў. Перагледзець нормы выпрацоўкі. □ Само жыццё прымусіла пісьменніка перагледзець твор, бо рэчаіснасць дала яму новы цікавы матэрыял. Кучар. — Дзеля справядлівасці, даражэнькі, трэба перагледзець табе тваё рашэнне, — хмурачыся, казаў далей Гапоненка [Міхалу Пятровічу]. Капусцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Няма́ш ’няма’ (Нас., Касп., Гарэц., Сцяш.), нема́ш ’тс’ (ТС), німаш ’тс’ (Грыг., Касп., Бяльк., Сцяшк., Нік. Очерки, Сл. ПЗБ), сюды ж няма́шака (немашака, нямашка, німашака, нема́шэка, немашыка, нямашыка) ’тс’ (Нас., Гарэц., Касп., Шат., Мал.; мазыр., Шн. 2, Яруш., Гарэц., Сцяшк., Янк. 1, Яўс., Жд. 1, Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг., Сл. Брэс., Мат. Гом.), нямашацька, нямашытка, нямашачка ’тс’ (Грыг., Бяльк., Нік. Очерки, Мат. Маг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. немашъ (нимашъ) ’тс’ (XVI ст.). Паводле Карскага (2–3, 77; 369), форма 2 ас. адз. л. ад мець (< не маеш з кантракцыяй), аднак з большай верагоднасцю трактуецца як паланізм (< nie masz ’тс’, параўн. Карскі 2-3, 254; Кюнэ, Poln., 81; Булыка, Лекс. запазыч., 200), чаму ўсё ж пярэчыць надзвычай шырокае распаўсюджанне па ўсёй Беларусі. Грунтуючыся на прыслоўях тамашака, дармашака, суадносных з няма́шака (‑ка т. зв. пусты суфікс), Шуба (Прысл., 63) выводзіць ‑ш‑ з часціцы ж (гл.), што ў словах нямаш, тамаш, дармаш перастала ўспрымацца як часціца, параўн. немаж часу (мазыр., Мат.). Паводле Карскага (2–3, 69), формы алешака, дармашака ўтвораны пад уплывам нямаш, нямашака. Паходжанне канцавога зычнага (‑sz ці ż) дыскутавалася і ў польскай мове, параўн. Хмелёвец, PJ, 1921, 123–126. Цікавая абагульненая форма nimaš (jo sym nimaš, tyź nimaš, un nimaš) сустракаецца на польска-чэшскім паграніччы (JP, 44, 41), якая разглядаецца як кантактны («этычны») варыянт да nima (ESSJ SG, 2, 109). Няясна. На распаўсюджанне беларускага слова магло паўплываць літ. nėmàž ’німала, ніколькі, нічуць’ (ад mãžas ’малы, маленькі’, mažaĩ ’мала’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыйсці́ся, прыйду́ся, пры́йдзешся, пры́йдзецца; пр. прыйшо́ўся, ‑шла́ся, ‑шло́ся; зак.

1. Аказацца адпаведным, падысці па якіх‑н. прыкметах, у якіх‑н. адносінах. Прыйсціся па памерах. Прыйсціся да твару. Прыйсціся на нагу. □ «Калі ж небудзь Тамаш будзе такі, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка». Чорны. — Дык чым жа я вам гэтак прыйшлася? — спытала Аніся. Сабаленка. Спецыяльнасць токара прыйшлася тут вельмі дарэчы. Шахавец.

2. Апынуцца на якім‑н. месцы, узроўні; супасці з чым‑н. Свята прыйшлося на нядзелю. □ Затым [Кучынскі] агледзеў прыборы, пакратаў рабрыстую ручку упраўлення, якая прыйшлася між калень. Алешка. Адзін удар прыйшоўся па твары. Брыль.

3. Скласці якую‑н. колькасць у адносінах да каго‑н.; дастацца. Яшка даў нам па дзве толавыя шашкі .. Па дзве, дык па дзве — мы не супраць. Добра, што і гэта прыйшлося. Пянкрат. Па добрага паўвоза сена кожнаму прыйшлося. Чорны. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.

4. безас. з інф. Аказацца вымушаным (што‑н. рабіць). Майстэрня, пакуль цёпла, — у хлеўчуку, зімой прыйдзецца перабрацца ў хату. Навуменка. Нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас. Ні Іллюк, ні нават Міхалючок маляваць не ўмелі, дык прыйшлося навырэзваць малюнкаў. Чорны. // Выпасці каму‑н. на долю, давесціся; здарыцца. [Навічкі] тупалі каля вазоў і баязліва паглядалі на будынак, дзе ім прыйдзецца вучыцца чатыры гады. С. Александровіч. Прайшоў я уздоўж, папярок Беларусь і Літву. Людзей бачыць усякіх прыйшлося. Танк. Танцавалі дзе прыйшлося: на пакосе — на пакосе. Дубоўка.

5. 3 ас. адз. пры́йдзецца (у спалучэнні з папярэднім займеннікам або прыслоўем). Ужываецца для ўказання на няпэўнасць, выпадковасць. Дзе прыйдзецца. Што прыйдзецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падабра́ць, падбяру, падбярэш, падбярэ; падбяром, падбераце; зак., каго-што.

1. Сабраць, падняць што‑н. з зямлі, падлогі. Падабраць рассыпаныя арэхі. □ Дзяўчынка борздзенька падабрала з зямлі букецік палявых кветак, жвава ўстала. Каршукоў. // Разм. Знайшоўшы, узяць з сабою. Падабраць раненых. □ Мы падабралі чалавека і занеслі ў партызанскі лагер. Сачанка. [Чарэнда:] — Жонку маю .. забіла асколкам, а дачка засталася жывая. Падабраў яе тады на шашы хтосьці з мясцовых. Чыгрынаў. // перан. Разм. Узяць да сябе (аб кім‑н. пакінутым). Падабраць бяздомнага ката. // Разм. Захапіўшы па дарозе, падвезці каго‑н. [Машына] падабрала Міколу і разам з іншымі раненымі перакінула ў клінічны гарадок. Якімовіч.

2. Схаваць пад што‑н. Падабраць валасы пад хустку. // Сагнуўшы, падцягнуць пад сябе (пра часткі цела). [Жанчына] зноў падабрала пад сябе ногі, зірнула на хлопца, які нават і не паварухнуўся, і ўздыхнула. Ракітны. Сабака падабраў хвост і кінуўся прэч пад павець. Лупсякоў.

3. Падмяць пад сябе, апынуўшыся наверсе. — Калясом пакаціліся — то я яго пад сябе падбяру, то .. [Сенька] наверх выкарабкаецца... Краўчанка.

4. Прыўзняць уверх. Падабраць спадніцу. □ Франя агледзелася, ці бачыць хто яе, падабрала ў руку падол сарафана. Лось.

5. Адабраць, стварыць шляхам падбору. Падабраць брыгаду. □ З мясцовай моладзі .. [Палякаў і Любімаў] падабралі сабе добрых памочнікаў і пачалі праходку ствалоў. Кулакоўскі. // Адбіраючы, выбраць нешта патрэбнае, адпаведнае. Падабраць ключ. Падабраць пасаду. □ Бяроза доўга не магла падабраць слоў, каб дайсці да галоўнага, да таго, што здарылася з імі ў дарозе. Няхай. Ужо трэба было ісці, а Ніна плацця не магла падабраць. Лобан. [Каціны] лыжы .. [старшына] забракаваў. Падабраў другія, лёгкія, праверыў мацаванне. Алешка. // Размясціць у пэўным парадку па якой‑н. агульнай прыкмеце. Падабраць карты па масці. Падабраць ніткі па ўзору. // Адбіраючы для пэўнай мэты, сабраць неабходнае. Падабраць цытаты. □ Аляксей разам з Верай схадзіў у бібліятэку, памог ёй падабраць кнігі і з ёй пайшоў на Зарадзвінне. Гаўрылкін. // Выбраць зручны момант, час. Размова ішла так, што самы раз было сказаць тое, што .. [Андрэй] павінен быў сказаць.. Лепшага выпадку не падбярэш. Арабей. [Стары:] — Я табе, Тамаш, скажу ў вочы, — не мог ты, ліха табе, падабраць іншага якога, святочнага, скажам, дня, а то напалі моду адрываць людзей ад работы. Чорны.

6. Падшукаць, знайсці правільнае або патрэбнае музычнае выражэнне. [Лена:] — От зайграла я на баяне. А Барыска пачуў песню і просіць: «Дай, мамачка, зайграць...» І што ж вы думаеце?.. Падабраў адразу мелодыю. Кірэенка. Поля, у якой быў магнітафон, прапанавала падабраць музыку і зрабіць тэкст да кінафільма. Шыловіч.

7. Разм. Сабраць усё, усіх; сабраць усе рэшткі. [Шутаў] падабраў усе рэзервы, усе дапаможныя падраздзяленні і ўмацаваў батальёны. Мележ. Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

8. перан. Разм. Узяць пад сваю ўладу; захапіць. [Сідаровіч:] — Вядома, ёсць за каго [Данілу] заступацца. Гэтакую гаспадарку пад сябе падабраў... Чарнышэвіч.

•••

І крошкі падабраць — быць вельмі падобным на каго‑н. з бацькоў або родных.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)