мінаць, мінацца, прамінаць; ісці, бегчы, прабягаць, плысці, пасоўвацца, праходзіць, ляцець, праносіцца, цягнуцца, сцякаць (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Сцячы́1 ’зрабіцца кволым, тонкім’ (Сл. ПЗБ; ст.-дарож., Ск. нар. мовы), стычэ́ ’зніцець, вырасці кволым (аб гурках, бураках)’ (драг., Ск. нар. мовы), сцякаць ’рабіцца тонкім, кволым (пра гародніну)’ (Сл. ПЗБ), сце́каць ’марнець ад ценю (пра расліны)’ (ТС). Параўн. укр. стіка́ти ’зрабіцца кволым, захірэць (пра расліну)’, польск. ściekać ’тс’. Узыходзіць да *tekti ’цячы’, ’бегчы, імкнуцца’, параўн. літ. tekė̃ti, ištekė̃ti ’паднімацца ўверх’, у тым ліку пра расліны, якія хутка растуць, каб вырвацца з ценю.

Сцячы́2 ’быць дастатковым, хапаць’: як мукі сцячэ, то і няўмелька спячэ (Янк. БП). Параўн. серб.-харв. стѐћи ’набыць, здабыць’, дыял. сте̏ћ ’атрымаць, зарабіць’, што да прасл. *tekti (Скок, 3, 450). Да цячы, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сцёк, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцякаць — сцячы; цячэнне вады па нахіленай плоскасці. — У гэтым і ўся сутнасць, — сцвердзіў Пажытны. — Хоць траншэя тут асабліва, глыбокая, але затое дадзім вадзе сцёк. Сапрыка.

2. Спец. Колькасць вады, што сцякае ў раку, возера, акіян за пэўны перыяд. Нават прэснай вады на Зямлі больш чым даволі — з агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк планеты можна яе выдаць кожнаму чалавеку па дзесяць тысяч кубаметраў. «Полымя».

3. Рышток, рына, раўчук і пад., па якіх сцякае вада. Пад лямант, што чуўся з пральні, ён ужо быў дабраўся да памыйнага сцёку сярод двара, калі яму сустрэлася другая прыкрасць. Брыль.

4. Уст. і спец. Маса вадкасці, якая сцякае адкуль‑н.; паток. Забруджванне ракі сцёкамі з прамысловых прадпрыемстваў забараняецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Раз’ю́шыцца ’ўзлавацца’ (Інстр. 3), розʼю́шыцца ’разарыцца’ (ТС), разʼюшывацца ’гарачыцца’ (Нас.), укр. дыял. розʼю́шити ’раззлаваць, раз’ярыць, усхваляваць каго-небудзь’, розʼю́шитися ’раззлавацца, раз’ярыцца, расхвалявацца’, а таксама ’разбіць да крыві (нос, твар)’, польск. rozjuszyć ’давесці да шаленства, раззлаваць’, а таксама ’раскрывавіць’, харв. razjusȉt se ’раззлавацца, разгневацца’, ’узмацніцца (пра вецер)’. Узыходзяць да прасл. *jucha (< *i̯ous‑ā) (ЭССЯ, 8, 193), гл. юха, юшка. Мяркуецца, што зыходным было значэнне ’від стравы (поліўкі, супа), прыгатаванай з мяса (або з мяснога адвару) і звярынай крыві’. З гэтага кулінарнага значэння на пэўнай частцы славянскай тэрыторыі развілося другаснае значэнне ’звярыная кроў’. Вытворныя дзеясловы спачатку, верагодна, мелі значэнне ’крывавіць, сцякаць крывёю, залівацца крывёю’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *jušiti (), гл. юшыць. Са значэння ’крывавіць’ развілося другаснае, пераноснае значэнне ’адчуваць непакой, раздражняцца/раздражняць, злавацца/злаваць’, заснаванае на назіранні за эмацыянальна ўзрушаным чалавекам, які раптам чырванее ад прыліву крыві, вызваннага эмоцыямі, параўн. бел. наліва́цца крывёю ’моцна злавацца’ (Борысь, Czak. stud., 16–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цячы, сцякаць, працякаць, выцякаць, плысці, сплываць, каціцца, бурліць, бруіцца, бруіць, цурчаць, журчаць / у вялікай колькасці: ліцца, ліць / імкліва: біць, біцца, струменіцца, струменіць, свістаць, фантаніраваць / павольна: сачыцца, прасочвацца, цадзіцца, тачыцца; дзюрчаць, цурыцца (разм.); бегчы, збягаць (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Салупа́ць ’высоўваць язык, лізаць’, салу́п, салы́п ’аддзеяслоўная часціца, якая азначае частае высоўванне языка’ (Нас., Бяльк.), салапе́ць ’тс’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), салапа́ць ’высоўваць язык, балбатаць’ (Сл. ПЗБ); сюды ж *селяпа́ць, селепа́ць ’хутка чэрпаць, сёрбаць, хлёбаць лыжкаю’, *саляпану́ць, салепану́ць ’сцябаць чым-небудзь гнуткім’, *селяпа́йла > селепа́йла ’хто хутка чэрпае лыжкаю’ (Нас.). Часцей ужываецца з прыст., параўн. высалапіць, асалапець (гл.). Бел.-укр. ізалекса: укр. солопі́ті, высолопі́ти; у рус. гаворках (солопи́ть ’высоўваць язык, лізаць’, вы́солопить) толькі на сумежных з бел. гаворкамі тэрыторыях (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49). Фасмер (3, 714) лічыць гукаперайманнем. Паводле Мартынава (там жа; Лекс. Палесся, 14) пранікненне з балт. моў, гл. падрабязна ЭСБМ, 2, 282. Трубачоў (Слав. языкозн. V, 177) высунуў гіпотэзу аб сувязі разглядаемых усх.-слав. слоў са ст.-слав. слѣпати ’скакаць’, рус.-ц.-слав. слѣпати ’цячы, біць крыніцай’; на яго думку, яны працягваюць прасл. дыял. *vysolpiti, *vyselpiti, *vyselpati, *selpati. Гэта сувязь была намечана яшчэ ў Патабні (гл. Патабня, К истории, 206). Фасмер, 3, 715 рускі гідронім Солпа таксама звязваў з вышэйназванымі стараславянскімі і царкоўнаславянскімі словамі, прыцягваючы сюды ж ст.-слав. слапъ ’хваля’, чэш. slap ’парог на рацэ’, серб.-харв. сла̑п, славен. slȃp ’вадаспад; вал, хваля’; сюды ж і балг. слап ’хваля’, макед. слап ’вадаспад’. Агляд усіх версій і семантыкі гл. Анікін, Этимология–1982, 65 і наст., які рэканструюе прасл. *selpati, *sьlpati, *solpъ, якія ўзыходзяць да і.-е. *sel‑ ’скакаць’ з семантычным пераходам ’скакаць’ — ’бурна цячы, струменіць’, уласна кажучы ’скакаць (аб вадзе)’. Прыцягваючы для параўнання яшчэ ўкр. палес. совпатисʼ ’тыкацца, таўчыся’ (гл. і бел. соўпаць(ца)) < прасл. *sъlpati sę (’высунуць язык’, уласна ’выткнуць язык’, а ’тыкацца’ — гэта своеасаблівы варыянт ’скакаць’), для беларуска-ўкраінскай групы ён рэканструюе прасл. *solpati (салупаць) з адпаведнікамі ў славен. slápati ’цячы, выпарацца’, серб.-харв. slàpati ’удараць (па вадзе)’, *solpěti (салапе́ць, славен. slapétiсцякаць уніз’, укр. солопі́ти ’глядзець бессэнсоўна’, *selpati ’селепаць’, ст.-слав. слѣпати, *vysolpiti ’высалапіць язык’. Гл. яшчэ Супрун, Веснік БДУ, 1970, 3, 58: бел. асалапець, высалапіць разглядаў як кантамінацыю прасл. *solp‑ і *slop‑, параўн. польск. osłupieć; крытыку яго версіі і гіпотэзы Мартынава гл. Анікін, там жа; гл. яшчэ Скок, 3, 279.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. поўз, паўзла, ‑ло; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам (пра паўзуноў, якія не маюць ног). Негр падхопліваў змяю на палачку, што трымаў у руках, і змяя, выкручваючыся, нібы яе прыпякалі гарачым жалезам, паўзла па палачцы да старога. Арабей. // Перамяшчацца наперад на нізкіх нагах, амаль датыкаючыся тулавам да паверхні (пра паўзуноў, насякомых і пад.). Позірк .. [Рымы] падае на бальшак. Па ім паўзуць шэрыя чарапахі. Васілеўская. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху. Бядуля. // перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі, гукі і пад.). Непрыемная млявасць паўзла па цел[е]. Савіцкі. Але паўзлі патайна чуткі З сырых падвалаў і муроў. Колас. Гэта дапамагала мала — па класе ўсё роўна поўз ціхенька, смех. Васілевіч.

2. Перамяшчацца лежачы, на жываце, на карачках і пад. (пра людзей і жывёл). Сёмка спачатку пачаў паўзці, а потым прыстаў, падышоў да Петруся і прылёг. Брыль. Сакольны некалькі разоў прыпыняўся, каб прыслухацца, ці паўзуць за ім людзі, ці не парушаецца кім цішыня. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Павольна рухацца, перамяшчацца. Ды дзядзька страх перамагае, Ён шапку загадзя знімае, Па ўсходах чыстых, як мурашка, Паўзе ўгару, ступае цяжка. Колас. На двор паўзлі падводы, людзі. Асіпенка. Цягнік поўз паволі, нібы краўся цішком у цемры праз тую граніцу. С. Александровіч. // Павольна распаўсюджвацца, перамяшчацца; слацца (пра туман, дым і пад.). [Туман] поўз, распаўзаўся па дрыгвяністых нетрах. Лынькоў. Шэрыя дажджавыя хмары нізка паўзлі над счарнелым, мокрым горадам. Грамовіч. З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі. Шамякін.

4. Слацца па паверхні, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). І жоўты хмель віецца на плятні. І дзерава расце, паўзе пад шула. Кірэенка. Доўгія галіны вінаграду.. паўзуць па высокіх драўляных рэйках, утвараючы цяністы калідор, у якім добра хавацца ад летняй спякоты. Бяганская. / Пра агонь, пажар. І зноў то выцягваюцца, то абрываюцца.. жоўтыя языкі [полымя], паўзуць, пераскакваюць, асыпаюцца дымнымі іскрамі. Лынькоў. Агонь вырываўся ўжо з вокнаў друкарні, хапаўся за сцены, поўз па іх на дах. Паслядовіч.

5. Павольна сунуцца ўніз. Гліна і пясок паўзуць па кручах З гор у Алазанскую даліну. Хведаровіч. Спяваў жаўрук, у яр паўзлі снягі, як звозілі ў адну мы клець мяхі. Русецкі. // Павольна сцякаць, ліцца (пра вадкасці). Па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту. Быкаў. І паўзе раса слязой у дуба, Па ствалу з тугіх лістоў паўзе... Кірэенка.

6. Марудна праходзіць, цягнуцца (пра час). Неахвотна, марудна паўзуць доўгія зімовыя месяцы. Мурашка. І вужакамі хцівыя рукі Лезуць, лезуць у шафу, ў камод — І хвіліна паўзе, нібы год. Агняцвет.

7. перан. Пралягаць, віцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, сцежку і пад.). То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Валіцца, ляцець зверху ўніз пад уздзеяннем сілы цяжару. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі. Чорны. // Ісці (пра снег, град, дождж). Снег пайшоў спарней. Ён падаў ужо буйнымі сняжынкамі, кружыўся, паволі апускаючыся на дол. Арабей. // Ствараць уражанне падаючага (аб зорках). Толькі ноч пастав, — І ўзрываюцца, падаюць зоры. Танк.

2. Валіцца на зямлю, трацячы апору, раўнавагу. Дзед выпускае маю руку і старчма падае на брук... Васілевіч. Цімошка адчуў, што падае, і ўхапіўся за плот. Хомчанка. // Апускацца на што‑н., кідацца. Падаць на пасцель. Падаць на калені. □ [Мішка] цяжка падае на сані і крычыць «гані!» Брыль. // Ляцець уніз (пра птушак). Белыя птушкі ўзлятаюць над морам і строма падаюць уніз. Самуйлёнак. Відно толькі, як то ўзлятаюць, то зноў падаюць у траву птушкі, як выгінаецца, хвалюецца на полі жыта... Сачанка. // Валіцца пад напорам, пад цяжарам чаго‑н. Знадворку нехта моцна грукае ў дзверы. Праз хвіліну дзверы падаюць. Якімовіч. // Валіцца ад старасці, недагляду. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць. В. Вольскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ліцца, сцякаць зверху. Па крутых спадах імчыць ледніковы паток.., з грымотным гулам падае з абрываў у прадонні. Самуйлёнак. У ціхую ноч даходзіў сюды млынавы грукат і чутно было, як падае вада на колы. Чорны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апускацца, звешвацца адным канцом. Пасма светлых валасоў падала на лоб, і.. [Заранік] часта адкідваў яе рукой назад. Хадкевіч. // Апускацца, звісаць (аб адзенні). Складкі спадніцы падаюць прыгожа.

5. Класціся на каго‑, што‑н., пакрываць сабою каго‑, што‑н. (пра святло, цень). Падае цень ад дрэва. □ Праз невялікае акно, што выходзіла ў сад, падала святло на падлогу. Пальчэўскі. Сонца стаяла ў зеніце, і яго прамяні падалі проста на .. непакрытыя галовы. Шамякін. // перан. Распаўсюджвацца, пашырацца на каго‑, што‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. Не раз цень падазронасці падаў на Ігнатаву хату-прысценак. Кавалёў. // Апускацца на каго‑, што‑н. (пра ўдары). Удары падалі Дзям’яну проста на спіну, а ён ішоў... Пестрак.

6. Прыходзіцца на якое‑н. месца (аб націску ў слове). У адных дзеяслоўных назоўніках націск падае на другі склад ад канца слова, а ў другіх — на трэці. Юргелевіч. Суфікс ‑ок (‑ёк) ужываецца толькі тады, калі на яго падае націск. Граматыка.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Памяншацца ў сіле, аб’ёме, велічыні і пад.; рабіцца слабейшым, радзейшым. Тэмпература падае. Пульс падае. □ — Вада [у Прыпяці] падае. Падае на два сантыметры ў дзень. Ракітны. Танакаў пераводзіць машыну на зніжэнне. Хутка падае вышыня. «Маладосць». // Паказваць на паніжэнне ціску, тэмпературы і пад. Ртуць у тэрмометры падала ніжэй і ніжэй. Мікуліч.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паніжацца, змяншацца. Урадлівасць глебы падае. Цэны падаюць. □ Зіма ў той год выдалася халодная, цяжкая. Не хапала кармоў. Падалі надоі. Дадзіёмаў. // Паніжацца ў вартасці (пра цэнныя паперы, валюту і пад.). Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца слабейшым, горшым. Дысцыпліна падае. // перан. Рабіцца кепскім, псавацца (аб настроі). Настрой падае.

10. Гінуць, паміраць (аб людзях). Хоць і падаў хто — адразу сцягі-крылы За плячыма падымаліся ў жывых. Куляшоў.

11. на каго-што. Разм. Прыпадаць, прыходзіцца. Выключная большасць разводаў падае на шлюбы маладых людзей. «Маладосць».

12. перан. Разм. Бегаць, насіцца. Сабака цэлы дзень падаў па лесе.

13. перан. Разм. Вельмі старацца. Чаго ж так надта выдыгацца? За што так падаць, так старацца? Колас.

14. перан. Разм. Вельмі хацець чаго‑н., ганяцца за чым‑н. Падаць за ўборамі. □ Усе навакольныя аж падалі за гэтай зямлёй. Чорны.

15. перан.; за кім. Разм. Вельмі любіць каго‑н. Маці падае за сынам. // Заляцацца да каго‑н., кахаць каго‑н. — Напэўна гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, — падумаў Лабановіч. Колас.

•••

Падаць духам — траціць упэўненасць, бадзёрасць; адчайвацца.

Падаць з ног — тое, што і валіцца з ног (гл. валіцца).

Падаць з рук — тое, што і валіцца з рук (гл. валіцца).

пада́ць, ‑да́м, ‑дасі́, ‑да́сць; ‑дадзі́м, ‑дасце́, ‑даду́ць; пр. пада́ў, ‑ла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. Даць, падносячы, аказваючы паслугу. Падаць кнігу. Падаць рэчы. □ Сямён падаў .. [Булаю] некалькі разцоў. Шыцік. // Аддаць, паднёсшы. Мікалай узяў ад мужчын грошы і падаў касіру. Пальчэўскі.

2. і з інф. Прынесці, паставіць на стол (пра ежу, пітво). Падаць абед. Падаць каву. □ Люба падала на стол снедаць. Чорны. // Паднесці як пачастунак. Трэці [салдат] — самы малады — Кажа: — Старшын[а], Сніў я: чарку падала Мне дачка твая... Танк.

3. каму. Даць як міласціну. Падаць жабраку. □ Маці зрабіла ўсё, што магла: яна падала.. [палонным] акрайчык хлеба. Брыль.

4. Даставіць на патрэбнае месца для пасадкі або пагрузкі. Падаць вагоны. □ Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй. Пальчэўскі.

5. і без дап. Звярнуцца куды‑н. з просьбай; прадставіць у пісьмовай форме. Падаць у суд. Падаць дакументы. □ Салаўёў падаў заяву ў завочны тэхнікум. Шахавец.

6. Разм. Штурхнуць, пасунуць што‑н. Падаць шафу ўлева. □ [Яўхім] ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы. Мележ.

7. заг. пада́й, пада́йце або ў інф. пада́ць. Даць, аддаць, прывесці, прынесці і г. д. Падаць сюды гэтыя рэчы! □ — Дзе.. [ураднік]! — крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу: — падайце мне яго сюды! Колас.

8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Падпусціўшы.. [палякаў] на блізкую адлегласць, дзед Талаш падаў каманду. Колас. Разведчыкі пад голас птушкі падалі сігнал, але ніхто ім не адказаў. Няхай.

9. і без дап. У спартыўных гульнях з мячом, шайбай і пад. — увесці ў гульню.

10. і без дап. Сказаць, паддаваць што‑н. Падаць рэпліку. Падаць слова. Падаць думку. □ — Паспееш, — падаў Лазар і адвярнуўся да кампаніі. Гартны.

11. Паказаць, вывесці (у мастацтве, літаратуры). Просты вясковы пейзаж .. [Міхась Сяўрук] умее падаць неяк велічна, нечакана, у будзённым, звычайным выяўляе паэзію жыцця, яго хараство. Шматаў. // Расказаць, сказаць аб чым‑н. Падаць факты. □ Яркі малюнак гаспадарання польскай ваеншчыны падаў Мартын Рыль і яго дружына. Колас.

•••

Не падаць (не паказаць) віду (выгляду) — нічым не выявіць, не паказаць сваіх думак, пачуццяў, намераў і пад.

Падаць (даць) вестку — паведаміць пра сябе.

Падаць голас — а) абазвацца, выгукнуць што‑н., паказваючы на сваю прысутнасць; б) выказацца пра каго‑, што‑н.; в) прагаласаваць на выбарах за каго‑н.

Падаць прыклад — паслужыць, стаць прыкладам для іншых.

Падаць (працягнуць) руку дапамогі каму — памагчы каму‑н.

Рукой падаць — вельмі блізка, побач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)