Вілю́га1 ’чалавек, які выкручваецца з любога становішча’ (Янк. III). Укр. вилюга ’крывізна, згіб, згінанне’, рус. уладз., валаг., кур., арл. вилюга ’крывізна, звіліна’, валаг. ’хітрыкі, выкрутасы, выкручванне’. Магчыма, усх.-слав. інавацыя ад *віль (< віць < viti); параўн. рус. маск., ярасл. вил ’качан капусты’, кур., варон., кастр., валаг. вило́й ’развілісты, закручаны’. Не выключана запазычанне з балт. моў (параўн. літ. vìlti ’ашукваць’, viliū̃gasспакуснік’) з аддаленай семантыкай.

Вілю́га2 ’абавязак, прычына’ (КЭС, лаг.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сты́рыць ‘стаяць, прысутнічаць, дыжурыць’ (Варл.), ‘украсці’ (Яўс., Мат. Гом.), сту́рыць, сты́рыць ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), магчыма, сюды ж стыря́тысь ‘здохнуць, памерці (пра пчол)’ (драг., Жыв. св.). Параўн. рус. сты́рить ‘дражніць; украсці; спрачацца, сварыцца’, сты́ра ‘хто любіць спрачацца’, ‘сонная гультаяватая кабета’, укр. дыял. сти́ра ‘напасць; спакуснік’, а таксама каш. stořëc ‘хваліць, маніць, ашукваць’. Няясна; ненадзейныя параўнанні з ісл. styr ‘вайна’ (Шымк. Собр.), с.-н.-ням. stûr ‘неслухмяны, непакорлівы’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 789; ЕСУМ, 5, 416. Хутчэй за ўсё, звязана чаргаваннем з настырны (гл.). Борысь (SEK, 4, 364–365) мяркуе пра сувязь з *strčati, гл. стырчаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігрэ́ц ’ігрок’ (Гарэц., Касп., Др.-Падб.), ’музыка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. III). Рус. дыял. игре́ц ’нячысты ці злы дух, бес; дамавы’ (шырока ў гаворках), тамб., вяц. ’мянушка грубага, нявыхаванага чалавека’, пенз. ’спявак’, дан., разан. ’параліч’, укр. грець ’апаплексічны ўдар, параліч’, уст. ’музыка, ігрок’, польск. уст. igrzec ’вандроўны артыст, камедыянт’, в.-луж. herc ’музы́ка’, н.-луж. gere ’ігрок’, ’музы́ка’, чэш., славац. herec ’артыст’, славен. igr̀c, igrèc ’ігрок’, ’музыка’, серб.-харв. уст. ìgrac, igarac ’ігрок’, балг. игре́ц ’артыст’. Ц.-слав. игрьць ’акцёр, скамарох’, ст.-рус. игрецъ ’танцор, скамарох’, ’музыка’, ’артыст’, ’спакуснік, д’ябал’, ’ігрок’. Ад *jьgrati (гл. іграць) з дапамогай суф. Nomina agentis ‑ьcь у прасл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 212–213; Слаўскі, 1, 446. Параўн. іграч.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звадыяш ’зводнік, падбухторшчык’, дыял. зваду́н, звод ’тс’ (Касп.). Параўн. рус. сводня, сводник ’асобы, што выступаюць пасрэднікамі’ (у тым ліку, паводле Даля, ’злачынных сувязей’), укр. звідник ’абманшчык’ (Грынч.), уст. дыял. зводи́тельспакуснік’, польск. дыял. zwodzijasz, zwodzijaś ’птушка ляляк, Caprimulgus europaeus, якая водзіць людзей па лесе’, ’падманшчык’ (1 красавіка — dzień św. Zwodzijasa) (Карловіч), ст.-польск. zwodzicz, zwodca ’баламут, падманшчык’ (Рэчак). Параўн. бел. звада ’спрэчка’ (Мікуцкі, Полымя, 1971, 8, 251), звадзіць ’пасварыць’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 176). Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 9, 149), да кораня вад‑ (гл. вадзіць). Аднак у словатворчых адносінах дакладней Сцяцко (Афікс. наз., 32–33): звадыяш ад зводнік. Сувязь з вадзіць пазнейшая. Зважаючы на бел.-польск. пашырэнне, хутчэй тут запазычанне, верагодна, з польск. у бел. Ад зводзіць з суфіксам ‑ун утворана звадун, што тыпова для бел. словаўтварэння. Звод можа быць рэфлексам старога ўтварэння з аблаўтам ад sъved‑ti (рус. свести) у спецыфічным значэнні, адкуль потым адназоўнікавы дзеяслоў зводзіць, але магчыма і больш новае, другаснае ўтварэнне ад гэтага дзеяслова, утворанага на базе звод з шырокім значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)