слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лу́заць ’гаварыць’ (маладз., Янк. Мат.), ’назаляць словамі, набрыдаць’ (КЭС, лаг.), рус. пск., цвяр. лузжа́ть ’уніжана прасіць’, лузга́ ’дакучлівы чалавек, папрашайка’. Сюды ж, відаць, і серб.-харв. lȕzati ’гаварыць многа і пры гэтым выбалбатаць праўду’, lȕzav, lȕzavec ’пустамеля, лапатун’. Балтызм. Параўн. літ. lū́dzoti, лат. lūdzīt, lūgt ’прасіць, вымольваць’, lūdzejs, ludzošs ’той, хто вымольвае, выкленчвае, выпрошвае’, lūdzu! ’калі ласка’. Гэтак жа і Лаўчутэ (Сл. балт., 119). Скок (2, 333) суадносіць серб.-харв. лексемы з (класічным) лац. ludere, якое з lūdus ’гульня’ — не зусім пераканаўча.

Луза́ць ’біць, караць’ (Янк. 1, Мат. Гом.), лузану́ць ’секануць’ (жлоб., Мат. Гом.), ’сцебануць’, ’пайсці (пра дождж)’ (Ян.), лузану́цца, лу́знуцца ’моцна стукнуцца, ударыцца’, лу́знуць ’стукнуць’ (клец., Жыв. сл.; ТС). Рус. пск. лузжи́ть ’біць’, цвяр. лу́знуть ’дзюбнуць, выпіць віна’, ’сцебануць’; пск., цвяр. лу́знуться ’паслізнуцца і ўпасці; моцна ўдарыцца’, лызга́тьслізгацца па снезе, катацца на каньках’, тамб. слы́зить, слызну́ть ’злякацца’, рус. лызгону́ть ’даць лататы’, ’вышмыгнуць’; ст.-чэш. lyziti sě ’ўсміхацца’, валаш. lyziť sa ’прыдуркавата смяяцца’, lizoniť sa ’вышчэрвацца’, славац. luznuť ’ударыць па твары’, ’даць у вуха’, ’наступіць’, luzniť sa ’песціць’; серб. ц.-слав. лузгати ’жаваць’, серб.-харв. (жаргоннае) і макед. luzati ’біць, валіць’, балг. лу́згам ’штурхаю’, пірдопск. лу́згам, лу́скам, лу́зна ’б’ю, мучу’, хаскоўск. лузгъм съ, лу́знъ ’катаюсь’, лъ́згам се ’катаюсь на санках або на нагах’, радоп. лизгам са, лизгна са ’тс’. Сюды ж і бел. лузаць ’разгрызаючы, ачышчаць ад шалупін і есці, лушчыць’ (ТСБМ, Шат., Янк. 1, Мат. Гом.), ’лушчыць (гарох, фасоль’), ’чысціць’ (Ян.; калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луза́ти і лузга́ти, луза́ть ’лушчыць’, луза́тися ’лушчыцца’, лузга́ ’шалупінне’, зах. лу́зати ’здабываць насенне, гарох і да таго пад.’; рус. арл., ленінгр. лузжи́ть ’лузаць, лушчыць’, зах.-бран., кур. луза́ть ’тс’. Усх.-слав. дыялектны дублет да лузга́ць (гл.). Уваходзяць у групу слоў з рухомым зыходным элементам: luzg‑/lyzg‑/lusk‑/lysk‑/lušp‑/lusp‑ з агульным значэннем ’лушчыць, знімаць скуру (кару)’ і з пашыральнікамі кораня ‑z‑/‑zg‑/‑sk‑/‑sp. Іх семантычная мадэль на славянскім моўным арэале характарызуецца наступным наборам значэнняў: ’біць, ударыць, сцябаць’ — ’лупіць, лушчыць, здзіраць, ачышчаць ад шалупін’ — ’луска’ — ’жэрці, жлукціць’ — ’коўзацца’ — ’шмыгнуць, знікаць’ — ’усміхацца’ (Куркіна, Этимология–72, 68–73). Слав. luzg‑/lusk‑ адпавядаюць літ. láužti ’ламаць’, lū́žti ’разбівацца, ламацца’, lū̃žis ’расколіна, трэшчына’, lusnà ’шалупінне’, nu‑lùzgęs, lùzgis ’абадранец’, lùzgana ’лупіна’, лат. laûzt ’ламаць’, laûska ’абломкі’ (Махэк₂, 345; Фасмер, 2, 530; Слаўскі, 5, 374–377; БЕР, 3, 492–493; Скок, 2, 333).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)