гры́ўня, ‑і; Р мн. грывень і грыўняў; ж.

1. Гіст. Грашовая адзінка ў Старажытнай Русі — злітак серабра вагон каля фунта.

2. Гіст. Сярэбранае або залатое ўпрыгожанне, якое насілі на шыі ў Старажытнай Русі.

3. Уст. Дзесяцікапеечная манета. Пасажыры купляюць, спяшаюцца, соваюць дзецям пятакі, грыўні, на хаду кідаюць ягады ў рот. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

электро́н 1, ‑а, м.

Элементарная часціца рэчыва, якая нясе адмоўны электрычны зарад.

•••

Свабодныя электроны — электроны, якія аддзяліліся ад атамаў і перамяшчаюцца ў міжатамнай прасторы.

[Ад грэч. ēlektron — янтар.]

электро́н 2, ‑у, м.

Спец.

1. Сплаў алюмінію з магніем, які мае вялікую трываласць і пластычнасць.

2. Сплаў серабра з золатам, які выкарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў.

[Ад грэч. ēlektron — янтар.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серабры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

1. Пакрываць тонкім слоем серабра. Серабрыць лыжкі.

2. Рабіць серабрыстым, надаваць чаму‑н. серабрысты колер, бляск. Месяц серабрыў хвалі, на якіх пагойдваліся бярвенні, — па рацэ сплаўлялі лес. Даніленка. Прамоўца паварочваецца да тых, якія стаяць у парозе, аконнае святло падае яму на шчаку і серабрыць скроню. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаймо́ры, ‑аў; адз. няма.

Абл. Перамёрзлая бульба, якая праляжала ў зямлі ўсю зіму. А каб выжыць, Мы з братам удвух Усю весну Шайморы збіралі. І была даражэй серабра Тая бульба гнілая на полі. Карызна. Успомнім хоць бы словы Н. Гілевіча пра шайморы — перамёрзлую бульбу з адталага бульбянішча, якая ў першую пасляваенную вясну здавалася малалеткам найлепшым прысмакам (паэма «Сто вузлоў памяці»). Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серабро́, ‑а, н.

1. Хімічны элемент, каштоўных высакародны бліскучы метал шаравата-белага колеру (выкарыстоўваецца для вырабу ювелірных рэчаў, пасуды, для чаканкі манет і пад.). Сплавы серабра.

2. зб. Вырабы з гэтага металу. [Клопікаў:] — Хапіліся сталовага серабра — а таго след прастыў. Лынькоў.

3. Дробная разменная манета са сплаву, у які ўваходзіць гэты метал або нікель. Кашалёк намацаў, серабром пабразгаў, Заходжу — паважаны купец. Панчанка.

4. перан. Што‑н. бліскучае, белае, якое колерам ці бляскам нагадвае гэты метал. Кранеш незнарок галінку — і пасыплецца проста за каўнер халоднае серабро. Гамолка. А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. / Пра сівізну. — Як гэта ён цябе?.. — не зразумеў Сымон і заскроб чорнымі пальцамі серабро сівізны. Нікановіч. // Белы з бляскам колер, афарбоўка чаго‑н. Месяц, яркі і круглы, абліў хвойнік расплаўленым серабром. Бядуля.

5. перан. Меладычнасць, звонкасць (голасу, гуку і пад.). На адгоне квартала — рассыпалася серабро сігнальнага званка. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́бранік 1, ‑а, м.

Уст. Старажытныя дробная сярэбраная манета.

сярэ́бранік 2, ‑а, м.

Спецыяліст па серабрэнню рэчаў і чаканцы серабра. Прыгожым прыкладам мастацтва сярэбранікаў у XIV стагоддзі з’яўляецца аклад Лаўрышаўскага евангелля. «Беларусь».

сярэ́бранік 3, ‑у, м.

Абл. Дуброўка. Дуброўка, або, як яе завуць у другіх мясцінах, гарлянка, сярэбранік, гартанная трава. Тая самая дуброўка, з дробнымі жоўтымі красачкамі. А ў ёй, аказваецца, поўная аптэка. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэрнь 1, ‑і, ж., зб.

Уст. зневаж. Просты народ, людзі, якія належалі да ніжэйшых слаёў грамадства. З маленства.. [поп] расказваў сыну смешныя гісторыі пра мужыкоў і называў іх чэрню. Федасеенка.

чэрнь 2, ‑і, ж.

1. Тэхніка мастацкай апрацоўкі металічных вырабаў, пераважна сярэбраных, пры якой гравіраваны малюнак запаўняецца спецыяльным чорным сплавам (серабра, медзі, серы і інш.). // зб. Вырабы, апрацаваныя такой тэхнікай.

2. Спец. Чорная вугальная фарба арганічнага паходжання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.

2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.

3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.

•••

Сярэбраны блішчак гл. блішчак.

Сярэбранае вяселле гл. вяселле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стало́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для стала, для выкарыстання ў час яды. Сталовы сервіз. Сталовая бялізна. □ Хапіліся сталовага серабра — а таго след прастыў, не дашукаліся і прадвадзіцельскай шубы... Лынькоў. Сталовым нажом бацька ўрачыста робіць на вушаку засечку. Хадановіч.

2. Які мае адносіны да сталовай, прызначаны для яе. Сталовы гарнітур.

3. Спец. Які мае плоскія вяршыні і крутыя схілы (пра гару, узвышша). Сталовыя горы. Сталовы айсберг.

•••

Сталовае віно гл. віно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лігату́ра 1, ‑ы, ж.

Спец. Дапаможны сплаў, які дабаўляецца ў расплаўлены метал або сплаў для надання яму пэўных уласцівасцей. // Прымесь медзі ці волава да золата, серабра або плаціны для надання ім большай цвёрдасці.

[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]

лігату́ра 2, ‑ы, ж.

Спец.

1. Абазначэнне адным пісьмовым знакам дзвюх ці больш літар.

2. Знак у выглядзе дугі, які звязвае дзве аднолькавыя ноты.

[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]

лігату́ра 3, ‑ы, ж.

Спец. Нітка, якой перавязваюць крывяносныя сасуды пры аперацыі. Налажыць лігатуру. Зняць лігатуру.

[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)