гі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Спыняць існаванне, разбураючыся, знішчаючыся; знікаць, прападаць. Высока ляцелі іскры, гінула чалавечая праца цэлых пакаленняў, нішчыліся нацыянальныя багацці, скарбніцы культуры. Гурскі. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры. Колас. // Паміраць. Гінуць ад кулі. □ Без каманды войска гіне. З нар. / Пра жывёлу, расліны. На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Колас. Не узыходзіць, А чэзне і гіне насенне, Калі кідае сейбіт яго На каменне. Макаль.

2. перан. Знікаць, рушыцца (пра планы, надзеі і пад.). Надзеі гінуць. □ Гінулі і туманіліся думкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перш, прысл.

Спачатку, раней. Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота. Якімовіч. [Маці] хацела запаліць святло, але Мікола папрасіў перш завесіць вокны. Федасеенка.

•••

Перш за ўсё — у першую чаргу. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.

Перш-наперш — спачатку, перш за ўсё. Калі змены супадалі, то Ліда перш-наперш старалася наведацца на Лёнеў участак. Кулакоўскі.

Перш чым (злучнік часавы) — перад тым як, да таго як. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сяве́ц1сейбіт’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл., Мат. Гом., Сцяшк.), севе́ц ’тс’ (Арх. Вяр.). Да сеяць, гл. папярэднія словы.

Сявец2 ’невялікая птушка атрада сеўцападобных’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Касп.), ’птушка, якая прылятае да нас, калі сеюць жыта’ (Варл.; мёрск., ЖНС), се́ўка, сі́ўка ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.). Параўн. укр. си́вка ’птушка Pluvialis Briss’, сі́вка ’птушка Charadrius pluvialis L.’, рус. си́вка, си́вчик ’тс’, польск. siewka ’тс’, siejka ’птушка Pluvialis L.’, siewnica, posewnica ’птушка з сям’і кнігавак, Squatarola helvetica’. Няясна; звычайна звязваюць з сеяць: як пачынаюць сеіць, сяўцы лётаюць і крычаць (ЖНС, 74), параўн. таксама Брукнер, 487; Варш. сл., 6, 110. Пра магчымасць збліжэння з сівы (гл.) сведчыць іншая назва птушкі сернік2 (ад серы ’шэры’), гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 224; Антропаў, Назв. птиц, 370.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. каго-што. Праляцець вакол каго‑, чаго‑н. Абляцець вакол зямлі. □ Абляцеў Іван два разы свет на кані гнядой масці і вярнуўся дахаты. Якімовіч. // Праляцець збоку, мінуўшы каго‑, што‑н.

2. каго-што. Лётаючы, пабыць у многіх месцах, усюды. Род Забродскіх раскінуўся тут на паўсотні кіламетраў вакол, дык каб нават і на самалёце, то за дзень усіх не абляціш. Кулакоўскі. // перан. Разм. Хутка абысці, аб’ехаць пэўную прастору, мясцовасць. [Тоўхарт] адразу пабег аглядаць маёнтак ..Нягледзячы на сваю паважнасць, ён вельмі шпарка абляцеў усё. Чорны. // перан. Хутка распаўсюдзіцца, зрабіцца ўсім вядомым (пра чуткі, ідэі, навіны і пад.). Вестка аб тым, што ў шпіталь прыехаў Ленін, імгненна абляцела ўсе паверхі. П. Ткачоў. Ленінскі запавет абляцеў увесь свет. Прыказка.

3. каго-што. Разм. Праляцець хутчэй за каго‑, што‑н.; апярэдзіць у палёце.

4. без дап. Апасці, абсыпацца (пра лісце, пялёсткі кветак і пад.). Адлютавалі маразы, Цвет абляцеў духмяны з вішні. Зарыцкі. // Астацца без лісця, пялёсткаў. Замаркотнелі далі, Абляцелі крушыны, Толькі зерні ўставалі Там, дзе сейбіт іх кінуў. Броўка.

5. без дап. Адваліцца, адпасці. Тынк са сцен абляцеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; пр. прапаў, ‑пала; заг. прападзі; зак.

1. Згубіцца, знікнуць невядома куды (з прычыны крадзяжу, нядбайнасці і пад.). Сума грошай, што прапалі з банка, была вялікая. Чорны. [Хведар:] — У маёнтку, дзе стаіць усё начальства, паперы нейкія прапалі... Чарот.

2. Перастаць з’яўляцца дзе‑н.; знікнуць. Праз які тыдзень Косцік зноў прыйшоў на тое месца. Але грыбоў не было. Кінуўся ён туды-сюды, — прапалі баравікі! С. Александровіч. [Дзед:] — Гэй, Ляксей! Дзе ты прапаў? Пайшлі... Шуцько. // Адправіцца, пайсці куды‑н., не вярнуцца, знікнуць, не даўшы пра сябе знаць. Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому і прапала немаведама дзе. Скрыган. Сам Андрэй вярнуўся з перавязанай шыяй, а Васіль зусім прапаў. Пальчэўскі. // Знікнуць з поля зроку; перастаць быць бачным ці чутным. Пятро ўбачыў стагі. Ён глядзеў на іх, пакуль яны не прапалі з вачэй, — за маркотна-мройным даляглядам. М. Стральцоў. У канцы сяла гукі гармоніка перамяшаліся з сабачым брэхам і прапалі. Лобан.

3. Знікнуць, страціцца. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў. Кірэй адчуў яшчэ, як прапаў боль у падбародку і як яго цела лягло на нешта мяккае, мяккае, як пух. Дамашэвіч.

4. Загінуць; памерці. — Пазбавішся кавалка хлеба, прападзеш нізавошта. Шынклер. Так і прапалі абодва браты праз зайздрасць чалавечую. Скрыган. // Загінуць, здохнуць (пра скаціну). [Даміра:] — За два месяцы на калгасных фермах ніводнае парася не прапала. Асіпенка. // Спыніць рост, завянуць, засохнуць (пра расліны). — Ну, пра гэта можна пасля пагаварыць, — заўважыла Маша. — А вось скажыце, Лаўрэн Карпавіч, чаму ў калгасе «Сейбіт» лён прапаў? Гроднеў.

5. Трапіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча. — Прапаў!.. — ледзь чутна толькі прамовіў Сяргей і змоўк, апусціўшы нізка галаву... Нікановіч.

6. Прайсці без карысці. Тры з паловай гады падпольнай працы, працы ў самых складаных і цяжкіх умовах, не прапалі дарэмна. Гурскі.

•••

Без вестак прапасці — бясследна знікнуць (пра чалавека).

Пішы прапала гл. пісаць.

Прападзі ты пропадам! — выказванне моцнага раздражнення, злосці з прычыны чаго‑н.

(І) след прапаў гл. след.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хто, каго, каму, каго, кім, аб кім, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і стане каго‑н. — Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага. Колас. — Пачакай, — раптам перарваў.. [гаспадар] сам сябе, — ты [Мішурын] кім быў да вайны? Чорны. / У рытарычных пытальных сказах. Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: а ну, хто каго?. Бядуля. / У рытарычных пытаннях і воклічах, у якіх маецца на мэце адмоўны адказ. Прыпасы ў кожнага, вядома, у іх [паляўнічых] былі, Бо хто ж, падумайце вы самі, Палюе з голымі рукамі? Корбан.

2. Ужываецца ў значэнні вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той». Вада ў Сожы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. Не страшна смерць Свабоду хто бараніць, Будуе хто Нязнаны новы свет. Чарот.

3. неазначальны. Разм. Хто-небудзь, хтосьці. Каб толькі хто ведаў, як не хочацца разлучацца з сябрамі! Шыловіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Туміловіч:] Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Дырэктар:] — Хто цягне — на таго і кладуць. Шамякін.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»). Той, хто праўды шукае, — У нас знойдзе яе, А хто вецер пасее, — Той буру пажне! Танк. — Хто харч носіць, той есці не просіць, кажуць людзі, і гэта святая праўда, хлопча, — заўважыў Роўда. Машара. У гутарку ўступіла дзяўчына.. У надышоўшым змроку не відаць было, ні хто яна, ні якая з твару. Мурашка.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па значэнню адпавядае слову «каторы». Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Мележ. Слава палкім байцам, хто за волю Радзімы загінуў. Хведаровіч.

7. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.

8. Ужываецца ў размеркавальным значэнні пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у значэнні: «адно..., другое». Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі. Брыль. Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато. А. Александровіч.

•••

Мала хто — нямногія.

Хто б ні быў — няважна хто, любы, усякі.

Хто дзе — у розных месцах.

Хто каго — аб барацьбе да поўнай перамогі аднаго з процілеглых бакоў.

Хто куды — у розныя бакі. Дождж лінуў нібы з вядра. Рамонтнікі кінуліся хто куды — шукаць сховішча. Навуменка.

Хто папала — пра няпэўнасць, выпадковасць каго‑н.; абы-хто, хто прыйдзецца.

Хто ў боб, хто ў гарох — пра нязладжаныя, хаатычныя дзеянні.

Хто ў лес, хто па дровы — не гуртам, уразброд, не дружна.

Хто што — адзін адно, другі другое.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — ніхто не ведае, невядома. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады кармоў не хопіць. Асіпенка.

Хто як — адзін так, другія інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)