сова́ть несов., разг.

1. со́ваць, усо́ўваць, засо́ўваць; (запихивать) запіха́ць, запі́хваць; (погружать, опускать) усо́ўваць, саджа́ць, уса́джваць;

сова́ть ве́щи в чемода́н со́ваць (запіха́ць, запі́хваць) рэ́чы ў чамада́н;

сова́ть ру́ку в во́ду саджа́ць руку́ ў ваду́;

2. (небрежно давать) ты́цкаць, со́ваць;

сова́ть кни́гу в ру́ки ты́цкаць (со́ваць) кні́гу ў ру́кі;

3. (давать взятку) падсо́ўваць;

4. (тыкать чем-н.) со́ваць, со́ўгаць, ты́цкаць;

сова́ть нос со́ваць (утыка́ць) нос;

не суй нос не в свой вопро́с погов. у чужо́е про́са не ткні но́са; не твая́ пало́са — не тыч но́са; дзе сава́ і сыч, там но́са не тыч;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

старт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Момант пачатку спартыўных спаборніцтваў. Узяць старт. □ Барацьба за першае месца ў гонках з раздзельным стартам цікава тым, што ні адзін з удзельнікаў не ведае, з якой хуткасцю ідуць яго сапернікі. «Беларусь». // Момант узлёту лятальнага апарата. Цяжкі карабель немэтазгодна саджаць на планету, бо на старт затраціцца значная частка запасаў паліва. Шыцік. // перан. Пачатак чаго‑н. Ёсць свая праўда ў дзіцячай мары. Мара, яна ж старт бярэ ад жыцця. «Маладосць». Пройдзе люты — Мой старт пажыццёвы, Прашуміць, як віхор, нада мной. Прыходзька.

2. Месца, з якога пачынаюцца спаборніцтвы па хадзьбе, бегу, яздзе, плаванню. Каля старту сабралася шмат балельшчыкаў. Сіняўскі. // Месца, з якога праводзіцца ўзлёт лятальнага апарата. Услед за ім [самалётам] усе самалёты парулілі на старт, а пасля ўзляцелі. Алешка.

•••

На старт! — каманда спартсмену заняць месца на старце (у 2 знач.).

[Англ. start.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуб, ‑а, м.

1. Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (звычайна ў мужчыны). За пісьмовым сталом сядзеў малады хлопец з задзёрыстым віхрастым чубам, камсамолец Грышка Гаруй. Колас. Светласці твару надаваў высокі, валікам завіты чуб над ілбом, на якім павуцінкай праляглі маршчынкі. Дуброўскі.

2. Даўней ва ўкраінцаў — доўгая пасма валасоў, якую пакідалі на цемені выбрытай галавы.

3. перан. Некалькі раслін, якія шчыльна злучаны ці растуць побач адной групай. Перахоплены вяроўчынай мех важка гойдаецца ў .. [Аксінні] на спіне і ківаецца чубамі травы над сівой галавой. Ракітны.

4. Прыўзнятае пер’е на галаве пеўня, курыцы ці іншай свойскай птушкі. Матрона .. падкрэсліла, што для таго,.. каб кураняты былі чубатыя, неабходна саджаць курыцу на захадзе сонца, скубці яе за чуб і паказваць ёй фігі. Крапіва.

•••

Брацца за чубы гл. брацца.

У чубы хадзіць гл. хадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́ркаць1 ‘тыкаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘утыкаць што-небудзь вострае’ (Нас.), ‘саджаць’ (Нас., Юрч. СНЛ), ‘закладаць, насаджваць (снапы ў азярод)’ (рагач., калінк., Сл. ПЗБ), ‘засоўваць (грэбень у валасы)’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘бадзяцца, валэндацца’ (Зайка Кос.), тыркаты ‘поркаць, утыкаць’ (Клундук), ты́ркнуць ‘усунуць, тыкнуць’ (Нас.), ‘паказацца, з’явіцца’ (Сцяшк.), тыркану́цца ‘высунуцца’ (Бяльк.), тырну́ць ‘высунуць, выставіць, паказаць’ (Юрч. СНЛ), сюды ж ты́ркаць нос ‘заглядваць’; утыркну́ць ‘уткнуць’, ‘спешна, на хаду падаць што-небудзь’ (Нік., Оч.) — у сувязі з апошнім параўн. харв. tȓk, серб. тр̑к: у тр̑ку ‘на бягу’, тр̏ка ‘беганіна’. Гукапераймальнае (рухапераймальнае) утварэнне ад тырк ‘штоўх, пыр’ (Нас.), ‘тырк’ (Байк. і Некр.), якое можна супаставіць з літ. tùrk‑terėti ‘штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490). Карскі следам за Шахматавым на фоне ўсх.-слав. *trъk‑ разглядае як выпадак т. зв. трэцяга поўнагалосся (Карскі 1, 258) — экспрэсіўна пераўтворанае то́ркаць (Фасмер, 4, 132). Варбат (Исслед., 64) бачыць у рус. ты́рнуть ‘усунуць’ (пры торкнуць, гл.) ступень падаўжэння рэдукцыі ў дзеясловах на ‑*ati і некаторых дзеясловах на ‑*nǫti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мятла́1, метла́, мітла́, мытла́ ’пучок звязаных галінак без лісцяў, насаджаны на палку, які служыць для падмятання; венік’ (ТСБМ, Янк. 1, Бір. дыс., Бес., Яруш.), польск. miotła, палаб. metla, н.-луж. mjetła, в.-луж. mjetla; чэш., славац. metla, славен. mę̑tla, серб.-харв. мѐтла, макед. метла, балг. метла́. Прасл. metъlā́. Фасмер (2, 610) падае форму metьla насуперак Ваяну, які (RÉS, 12, 235) выводзіць прасл. форму metlá. Да ме́сці (гл.).

Мятла́2, мітла́, метла́ ’камета’ (Бес., Федар. 1), брэсц. мытла́ ’сонечны прамень’ (Нар. лекс.). У выніку семантычнага пераносу паводле падабенства з мятла́1 (гл.). Аналагічна балг. банацк. миклъ̀ ’камета’.

Мятла́3, метла́, мітла́, мяцёлка ’мятлічка звычайная, Apera spica-vḙnti (L.) P. Beauv.’ (Бес., Касп., Яруш., Выг. дыс.; паўд.-бел., Смул.; міёр., Жыв. сл.), ’прасянік разгалісты, Milium effussum L.’ (гом., паўд.-усх., Кіс.), ’зараснік чароту Phragmites communis Trin.’ (лёзн., Яшк.). Да мятла́1 (гл.). Названы так паводле таго, што з гэтых раслін вяжуць венікі, якімі вымятаюць печ перад тым, як саджаць у яе хлеб (Махэк, , 30, 61), або паводле падабенства кветак да мятлы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́ваць ‘перамяшчаць, ставіць, устаўляць’, безасабова таксама пра рэзкі боль (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ‘піхаць, утыкаць, утыркаць’ (Некр. і Байк.), сува́ць ‘тс’ (Нас., Ласт.), со́вацца ‘ўсоўвацца’, ‘хадзіць з месца на месца’ (ТСБМ), ‘павольна рухацца’ (Сл. ПЗБ), со́вацца, со́ўвацца ‘соўгацца’ (ТС), сува́цца ‘хістацца, піхацца’ (Нас., Ласт.). Укр. сова́ти, рус. сова́ть, стараж.-рус. совати ‘кідаць кап’ё’, польск. suwać, в.-луж. suwać, н.-луж. suwaś, ст.-чэш. sovati, славац. zasúvať ‘засоўваць, перасоўваць’, серб. дыял. со́вам се, су́вам се ‘працягваць руку за чым-небудзь’, славен. sováti, балг. со́вам, ст.-слав. совати ‘кідаць’. Прасл. *sovati роднаснае літ. šáuti ‘соваць; саджаць (хлеб у печ)’, ‘страляць’, лат. šaũt ‘страляць; хутка соваць; штурхаць’, далей гоц. skewjan ‘ісці’, алб. heth ‘кідаю; вею зерне’, ст.-в.-ням. scioʒan, ст.-ісл. skjóta ‘страляць, рухаць, штурхаць’; параўноўваюць яшчэ з ст.-інд. suvati ‘прыводзіць у рух’, хец. šuu̯āi‑ ‘штурхаць, рухаць’. Гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 4, 9–10; Фасмер, 3, 705; Махэк₂, 592–593; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Борысь (588) форму *sovati лічыць другаснай ад *suti, *sovǫ па аналогіі з *davati ‘даваць’; і.-е. корань *(s)keu̯‑ ‘кідаць, пасоўваць, ціснуць’. Гл. таксама сунуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ткаць1 ’вырабляць тканіну’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Бяльк., Касп., Сержп. Прымхі, Федар. 4): ткаць ряшоты (Рам. 4); ткаць кросны перан. ’плесці павуціну’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тка́ці, тка́ты (тка́тэ) ’ткаць’ (Сл. Брэс.; кам., Сл. ПЗБ), ст.-бел. ткати (1598 г., КГС). Укр. тка́ти ’тс’, рус. ткать ’тс’, польск. tkać, н.-луж. tkaś ’вязаць’, в.-луж. tkać, палаб. tåkăt, чэш. tkát, славац. tkať, славен. tkáti, серб.-харв. тка̏ти, макед. ткае, балг. тъка́, дыял. тка́я ’тс’, ст.-слав. тъкати ’тс’. З прасл. *tъkati ’ткаць’, роднаснага да *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’ткнуць’, а таксама да лат. tukstêt ’стукаць’, taucêt ’таўчы ў ступе’, ст.-в.-ням. dūhen ’прыціскаць’, ст.-англ. ðýn, ðýan ’ціснуць, штурхаць’, ст.-ірл. tool ’парожні’, грэч. τύκος ’каменячосы молат’, τυκίζω ’абчосваю, чашу’ (Фасмер, 4, 64; Брукнер, 571; ЕСУМ, 5, 582). Трубачоў (Ремесл. терм., 117; Труды, 2, 44) сцвярджае другасны характар слова паводле словаўтварэння і семантыкі, параўн. ткаць2, гл. Фурлан (Бязлай, 4, 185) мяркуе пра зыходнае значэнне ’вязаць, шыць’, Борысь (633) — пра ’соваць, прасоўваць (ніткі праз аснову)’ і першасную форму *tъkti, суадносную з *tykati (гл. тыкаць), гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507. Акрамя таго, звязваюць (Махэк₂, 644) з грэч. τεύχω ’будую; вырабляю; раблю’, і.-е. *teu̯kh‑, а таксама (Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 477) з прасл. *tesati ’часаць’, і.-е. *tesk‑.

Ткаць2 ’соваць, піхаць’, перан. ’папіхаць, папракаць’ (Нас.), ’торкаць, саджаць’, ’даваць’ (Юрч. Фраз. 1): між дзвярэй пальцы не ткай (брасл., Рабк.), сюды ж тка́цца ’штурхацца’ (Нас.), ткану́ць ’уваткнуць’ (люб., Ск. нар. мовы), ткнуць ’пакласці, уторкнуць’ (ТСБМ, Касп., Барад.), ’тыкнуць, піхнуць, сунуць’ (Нас.), ’крануць’ (Ласт.), ткну́ті ’торкнуць, падаць рэзка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.). Параўн. укр. ткну́ти ’тыкнуць’, рус. ткнутъ ’тс’, польск. tkać ’соваць, упіхваць, утыкаць’, tknąć ’ударыць, штурхнуць, дакрануцца’, н.-луж. tkaś ’утыкаць, папіхаць’, чэш. tknout ’дакранацца’, славац. tkať ’тс’, серб.-харв. та̀кнути ’дакрануцца’, ст.-слав. тъкати ’кранаць, штурхаць, стукаць’, тъкнѫти ’крануць, штурхнуць, стукнуць’. Прасл. *tъkati ’кранаць, штурхаць, піхаць, соваць’, *tъknǫti ’дакрануцца, піхнуць, стукнуць; усунуць, увапхнуць’; этымалагічна звязанае з папярэднім словам, гл. тыкаць. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507–1508; Борысь, 633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)