Клапата́ць ’рупліва, старанна займацца чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), ’дакучаць, назаляць’ (Нас.). Укр. клопотати ’рупліва займацца чым-небудзь’, рус. клопотать ’тс’, польск. kłopotać ’дакучаць, назаляць’, чэш. klopotati ’надрывацца на рабоце’. Іншыя, мабыць, першасныя значэнні: чэш. klopotati, ’спяшацца, бегчы, калаціць’, славац. klopotať ’стукаць’, н.-луж. kłopotaś ’калаціць’, балг. клопотя ’грымець’, серб.-харв. клопо̀тати ’тс’, славен. klopotáti ’стукаць’, ст.-рус. клопотати ’шумець, грымець, стукаць, злавацца’. Геаграфія лексем і іх значэнняў сведчыць аб тым, што другаснае значэнне клапатаць, якое збераглося ў беларускай мове, ахоплівае арэал, што ўключае польскую, беларускую, украінскую і ў меншай меры рускую мовы (у апошняй — заходнюю частку арэала). Таму можна меркаваць аб польскай крыніцы. Пры гэтым пранікнуць мог назоўнік клопат, а вытворныя ад яго маглі ўзнікнуць на ўсходнеславянскай глебе незалежна ад польскай. З пункту погляду прамоўнай рэканструкцыі прасл. klopotati (як klokotati) як гукапераймальны дзеяслоў узнікла ад прасл. klopotъ < klop‑otъ < klopati (балг. клопам, серб.-харв. кло́пати, славен. klópati ’стукаць’).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
захадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.
Разм.
1. Стаміцца ад доўгай хады. Захадзіцца за дзень.
2. Замітусіўшыся, пачаць старанна, рупліва што‑н. рабіць. Маці заходзілася: трэба пачаставаць дарагога госця! Мележ. Нупрэй захадзіўся, кінуўся раскладаць агонь. Колас.
3. Разм. З сілай пачацца; усхадзіцца. Вецер захадзіўся. Мяцеліца захадзілася. // перан. Разгневацца, разлютавацца, раз’юшыцца. — А што я табе такое, скажам, зрабіў, што так ты захадзіўся? Галавач.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
галубі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да голуба, належыць яму. Галубіныя пароды. Галубінае яйцо. // Уласцівы голубу, такі, як у голуба. Галубіны нораў. □ [Машка] рупліва тупала па пяску, тоўхаючыся ўперад галубінай хадой. Брыль. // Заснаваны на выкарыстанні паштовых галубоў. Галубіная пошта.
2. перан. Пяшчотны, ціхі, незласлівы. Галубіная душа. □ — Звонкай песняй, харошаю казкаю Ў душы маёй вернай жывеш, Бо сваёй галубінаю ласкаю Акрыляеш, мне сілы даеш. Бялевіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
ла́сы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі смачны. Ласы кусок.
2. на што, да каго‑, чаго‑н. Які мае асаблівую цягу да каго‑, чаго‑н.; прагны, сквапны. Жвавы, гладкі конік рупліва перабіраў нагамі і весела ёкаў: відаць, не толькі сенам кормлены, але і да аўса ласы. Новікаў. Ласы на чужыя прыпасы. Прыказка. // Разм. Які выражае ахвоту, захапленне, прагнасць; ахвочы. Гаспадар .. таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка. Колас.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пушы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Дробная часцінка пуху. Раніцай жаваранак прачнуўся, выскачыў з гняздзечка, рупліва выкладзенага сухім пырнікам і лёгкімі пушынкамі. Даніленка. Ніна па-гаспадарску зняла нейкую нябачную пушынку з.. [Алесевага] пінжака. Шыцік. / Пра што‑н. вельмі лёгкае, што нагадвае пушынкі. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю. Кавалёў. Побач з.. [Сняжком] куляецца і кружыць белай пушынкай на ветры малая спрытная Волечка. Брыль.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
службі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Разм. Той, хто старанна, рупліва адносіцца да сваіх службовых абавязкаў. Самі [дзед і бацька] былі акуратныя службісты, узнагароджаны медалямі і ордэнамі. Алешка. // Служачы. Ішоў, відаць, кандуктар або хто іншы з службістаў. Пестрак. // Разм. неадабр. Той, хто на выгляд стараецца, а на справе фармальна выконвае службовыя абавязкі. [Далін:] Узяць — хоць ротны наш: Муштроўшчык, ну смех чысты. Дзе трэба — ляжа лістам, Прыходзіць проста ў раж І чыніць ералаш, Каб спраўныя быць службістам. Колас.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
завіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Рабіць што‑н. вельмі старанна, рупліва. Ля адной платформы завіхаліся людзі на чале з Ваўчком — яны прыладжвалі з бярвення і дошак сход[ы] для машын. Хадкевіч. Зімою ў гэтым пакоі вучыліся чацвёрты і пяты класы, а летам завіхаліся служанкі: мылі, сушылі і прасавалі настаўніцкую бялізну. Лобан.
2. каля каго-чаго. Горача выяўляць сваю прыхільнасць, адданасць каму‑, чаму‑н. Завіхацца каля сям’і. □ Пантагрыні ж вельмі патрэбна была дапамога, таму ён і завіхаўся каля свайго заакіянскага госця. Маўр. // Заляцацца да каго‑н., упадаць за кім‑н. Гэтая прыгажуня з першага ж дня пачала неяк занадта шчыра завіхацца каля ўрача. Шамякін.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
старанна, рупліва, рупна, дбала, шчыра, неаслабна, цягавіта, скрупулёзна; заложна (разм.); пільна (абл.); гарліва (уст.) □ не пакладаючы рук, закасаўшы рукавы, да сёмага поту, да трэцяга поту
 Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.) 
суко́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сукна, з’яўляецца сукном. Суконная пража. Суконныя тканіны. □ [Баба:] — А я корціку аснавала шэсць губак... аснова парцяная, а ўток суконны будзе... Нікановіч. // Пашыты з сукна. [Тэкля] была апранута ў чыстую доўгую спадніцу і дабротны суконны сак. Краўчанка. Наперад выйшаў Пракоп у саматканым суконным фрэнчы. Грахоўскі.
2. Які служыць для вырабу сукна або гандлю сукном. Суконная фабрыка. Суконная мануфактура.
3. Які займаецца вырабам сукна або гандлем сукном. Сачыла рупліва бяльмо цыферблата. — Ці добра спіцца суконным магнатам. Панчанка.
4. перан. Невыразны; грубы. Суконная мова. □ Але гэта, відаць, часта бывае з усімі, хто бярэцца за пяро: у галаве носіш тое, што можа ўсхваляваць, запаліць чытача, а як сядзеш пісаць, дык з-пад пяра выходзяць нейкія вялыя, суконныя словы і думкі. Сабаленка. — Ото ж, якая дробязь, — Адказ я пачуў суконны. — Дасць вам даведку робат — Намеснік мой электронны. Макаль.
•••
Суконнае рыла гл. рыла.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
дрыжа́ць і дрыжэ́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
1. Калаціцца, трэсціся. Зямля дрыжыць. Вокны дрыжаць. □ Дрыжэлі сцены новай звонкай хаты. Купала. Там, за сінімі шыбамі, дрыжаў аголены куст бэзу. Шашкоў. // Быць ахопленым дрыжыкамі. Дрыжаць ад холаду. Рукі дрыжаць. // Мігацець, трапятаць (пра агонь, святло). А ў небе зоркі, як сняжынкі, Гараць, мільгаюць і дрыжаць. Колас. Ружовыя водсветы дрыжэлі на мёрзлай зямлі. Чорны. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Сашы] мацнеў з кожным словам і дзе-нідзе зрываўся і дрыжэў. Шамякін.
2. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баяцца каго‑н. — Васіль зненавідзеў яе, як чужое дзіця. Яна адчувала гэта і дрыжала перад ім. Колас. — Век ты перад панам дрыжаў і без пана дрыжыш, — дапякла жонка. Пальчэўскі. // за каго-што; над кім-чым. Непакоіцца, рупліва аберагаць каго‑, што‑н. [Маці] так дрыжала над .. [Нявідным], так старалася ўсцерагчы яго. Колас. // Берагчы што‑н., ашчадна траціць, расходаваць што‑н. Дрыжаць за кожную капейку.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)