узляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. Падняцца ў паветра, узняцца ўверх. Узляцелі самалёты. □ На Кладках загаманілі, і адтуль узляцела ўгару зялёная бліскучая ракета — пусцілі ваенныя. Пташнікаў. У кронах мільгнула вавёрка, З-пад ног узляцеў цецярук. Калачынскі. Матылёк устрапянуўся, спрабуючы ўзляцець. Аляхновіч. / у перан. ужыв. [Адзінцоў:] Ты [Калатухін] так высока ўзляцеў, што я палічыў за лепшае не напамінаць... пра беднага знаёмага! Мележ. / Пра дым, цару і пад. Угору ўзляцела воблака пылу. Шамякін. Падкіньце ў касцёр абярэмак галін, Каб іскры ўзляцелі вышэй вершалін. А. Вольскі. / Пра падкінутыя ўверх, раскалыханыя прадметы. Арэлі ўзляцелі высока. □ Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне... Смагаровіч. / перан. Пра высокі голас, гучную песню. Вясёлы зухаваты голас узляцеў і апаў. Савіцкі.

2. Перамясціцца па паветры на верх, паверхню чаго‑н. больш высокага. Узляцелі вераб’і на страху. □ Узляціць на галінку адзін шчыгол, абтрасецца, нібы толькі што з вады, заспявае, а за ім другі. Федасеенка.

3. перан. Узарвацца, разляцецца на часткі ад узрыву. [Калядка:] — Бачыце, колькі тут бочак. Адна запалка — і ўсё гэта ўзляціць полымем у неба. Гэта ж не горш пораху — смала. Чарнышэвіч.

4. Разм. Вельмі хутка ўзбегчы, уз’ехаць на верх чаго‑н. Узляцець па лесвіцы на трэці паверх. □ Узляцеўшы на гару, убачыў [Васіль] перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам. Мележ. // Хутка ўзняцца, падняцца. Тонкія пальцы Голуба нервова сціснулі смык — ён узляцеў у паветры і лёгка крануўся струн. Васілевіч. Рукі бандытаў вокамгненна ўзляцелі ўгору. Чарнышэвіч. Цёмныя Ядзіны вейкі здзіўлена ўзляцелі ўгару, яна паглядзела на Васіля вачыма, поўнымі нямой удзячнасці. Шашкоў. // перан. Узняцца ўверх. Яшчэ ляжыць пясок, і жвір, і друз, А сцены гмаху ў вышыню ўзляцелі. Звонак.

•••

Узляцець у паветра — тое, што і узляцець (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Пачаць перамяшчацца ў паветры; адправіцца паветраным шляхам ў пэўным кірунку. Птушка пырхнула з лодкі і паляцела. Брыль. Паляцелі ў вырай ластаўкі, буслы і шпакі. Чарнышэвіч. Паляцела дзяўчына Самалётам гонкім Над шчаслівай краінай, Пад роднай старонкай. Купала. // Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, словы, голас і пад.). Гул глухі паляцеў ад сасны. Куляшоў. / Пра думкі, мары і пад. Раптам кінула .. [Кузьму] у жар, паляцелі адзін за адным абрыўкі думак. Нікановіч.

2. Накіравацца ад штуршка ў паветра, разляцецца ў паветры. Потым паляцелі ўгору шапкі, узбуджаныя выкрыкі разлегліся далёка ў наваколлі. Дадзіёмаў. Са звонам і спевам паляцелі асколкі гранаты. Колас.

3. перан. Разм. Пачаць хутка перамяшчацца; хутка пайсці, пабегчы, паехаць і пад. Петрык здагадаўся — трэба вады! Ён, як вецер, паляцеў да рэчкі. Гамолка. Лабановіч зрушыў з месца і пайшоў у той бок, куды паляцеў і зараз жа знік магутны поезд. Колас.

4. Разм. Не ўтрымаўшыся ў якім‑н. становішчы, зваліцца, упасці. Зямля скаланулася.. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў. Сігануў [Шура ў маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Ставер. // перан. Быць знятым, звольненым з пасады. [Курловіч:] — Мне трэ[ба] было сем галоў мець, каб дастаць такое абсталяванне. Праз яго я траха з дырэктарства не паляцеў, а вы — ліквідаваць. Скрыган. І каб не стаж, не багаты вопыт, паляцеў бы тады Высоцкі з пасады лесніка. Кірэйчык.

5. перан. Быць спешна пасланым, адасланым. Неўзабаве ў раён паляцела паперка. Ваданосаў. Па суроваму загаду на ногі ўзнялася ўся жандармерыя і паліцыя Гродзеншчыны, паляцелі сакрэтныя дэпешы і рэляцыі ў Вільню. С. Александровіч.

6. Пачаць хутка праходзіць (пра час). Паляцелі сумныя аднастайныя дні. Асіпенка.

7. Разм. Зламацца, стаць непрыгодным. [Мікола:] — Што здарылася, дзядзька Клім? — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Усе амаль зубцы паляцелі. Кавалёў. [Шамяток:] — У працэсе работы заклёпка знасілася і паляцела. — Куды паляцела? — не зразумеў Міша. — Ну, зламалася. Цяпер трэба на яе месца паставіць новую. Курто.

•••

Паляцець носам — упасці тварам уніз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)