Ро́скаш ’раскоша’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дастатак’, ’прасторнае памяшканне’ (Нас.), ’свабода, воля (для курэй)’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’прыдоба, удоба, выгада, прыволле’ (светлаг., лельч., ЛА, 5). Укр. ро́скіш ’раскоша, багацце, дастатак’, рус. зах. роскошь з польск. roskosz (Махэк₂, 267); в.-луж. rozkošnik ’чалавек, ахвочы на пацехі’, чэш., славац. rozkoš ’асалода, раскоша, шчасце’, ’прывабнасць, краса, хараство’, ’юрлівасць’, славен. razkô̥s ’радасць, ахвота, жаданне’, серб. ра́скош ’раскоша’, макед. раскош ’тс’, балг. разко́ш, ц.-слав. раскошь ’асалода, радасць, задавальненне’. Прасл. *orz‑košь < *(orz‑)koxati (Бязлай, 3, 159; Бернекер, 1, 538; Брукнер, 242; Чарных, 2, 123), параўн. ст.-чэш. rozkochatiразвесяліць’, ’распагоджвацца’, — да раз- і кахаць (гл.). Гл. таксама раскоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

1. Парадаваць каго‑н. Наведае хворую маці Марыйка, усё чысценька раскажа, як яны дома ўпраўляюцца, пацешыць яе. Місько. Бедны араты хацеў пацешыць сваю дачку, прынесці ёй гасцінец. Кудраўцаў.

2. Павесяліць, развесяліць, забавіць. — Ого-го-го! — загагатаў Гусак, — Над Сонцам захацеў мець волю? Ну і пацешыў нас, дзівак... Валасевіч. І вось пацешыць Верачку Жучкі прыбеглі спрытныя, Камарыкі гуллівыя, Мурашкі працавітыя. Танк. І раптам голас: «Эй, Ігнат! Пацеш малодак і дзяўчат, Каб Беларусь затанцавала!» Колас.

3. Суцешыць, заспакоіць. [Казік] не ведаў, што адказаць Веры, як падтрымаць яе, чым пацешыць.., потым прамовіў: — Бедная Верачка, колькі на тваю долю выпала пакут! Машара. [Грыша:] — Зайдзі калі-небудзь да маіх бацькоў, пацеш іх, я цябе прашу. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяя́цца, смяюся, смяешся, смяецца; смяёмся, смеяцеся; незак.

1. Праяўляць весялосць, радасць і пад. пры дапамозе характэрных перарывістых гукаў смеху. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас. Мішка расказвае нешта, а хлопцы смяюцца. Брыль. «Я ўратаваў жыццё чалавеку», — ад гэтай думкі хацелася бегчы, смяяцца і спяваць. Шамякін. / у вобразным ужыв. Ізноў вясна, ручай ліецца, Шчабечуць птушкі, лес смяецца. Васілёк. Зямля ў прыгожых фарбах, Людзьмі смяецца вуліца, Заглянуць сонцу ў твар бы, Калі за хмары туліцца... Чарот. // Выражаць весялосць (пра вочы, твар і пад.). Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.

2. з каго-чаго. Насміхацца, здзекавацца з каго‑н.; высмейваць каго‑, што‑н. Смяюцца людзі з Кузьмовага сына. Якімовіч. Верыць ён [Вова] усім на свеце, І з яго смяюцца дзеці. Дзеружынскі. // Разм. Жартаваць, гаварыць несур’ёзна. — Цяньком лепш будзе ехаць, заедзі менш, — смяяліся сяляне. Пальчэўскі.

•••

Смяяцца ў бараду (рукаў) — смяяцца ціха, непрыкметна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае здольнасць беспамылкова пападаць у цэль. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Накіраваны ў цэль. Другі раз .. [Яська] цэліўся нядоўга, і зноў стрэл быў трапны, бо газ таксама саскочыў з цвіка. Хомчанка. // Які без промаху пападае ў цэль (пра зброю, снарад і пад.). Ад трапнай ад снайперскай кулі тваёй Палезла нямала фашыстаў крывавых. Астрэйка. Ад трапных гранат уздрыгваюць земляныя каптуры бункераў. Брыль.

2. перан. Які дакладна і правільна падмячае, схоплівае што‑н. [Рэферэнт:] — Нават у дурняў бываюць трапныя думкі, апрача «жалезнай логікі». Машара. // Які дакладна і востра выражае, перадае асноўную сутнасць з’явы і пад. Гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць трапны жарт і развесяліць хлопца. Колас. Адзін з першых крытыкаў і даследчыкаў нашай літаратуры Максім Багдановіч .. зрабіў вельмі трапнае назіранне, што «па-першае, гэта белетрыстыка ідзе ў народ і, па-другое, што яна ідзе з народа». С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бы 1 (пасля галосных б), часціца.

Ужываецца пры дзеясловах пр. часу, інфінітывах і прэдыкатыўных прыслоўях са значэннем магчымасці або неабходнасці дзеяння, утвараючы ўмоўны лад або апісальную форму ўмоўнага ладу; ставіцца пасля дзеяслова або слоў, на якія падае сэнсавы націск.

1. Са значэннем умоўнай магчымасці дзеяння. Які дзівосны сад квітнеў бы тут, каб рука чалавека адвяла воды горных рэк. Самуйлёнак. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас.

2. Са значэннем пажадання або пажаданай неабходнасці дзеяння. Цябе, зямля, ў адзенні новым, Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць. Колас. — Чаго вы так спяшаецеся? Набылі б трохі, пагулялі. Пагасцілі б у новых сваякоў. Чорны. Шэрае пер’е аблокаў Вецер світальны нясе. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Хутчэй бы прайсці, праскочыць гэта страшнае месца. Лынькоў.

3. Са значэннем просьбы. — Ты схадзіў бы, Максімка, да іх, праведаў бы... Шамякін.

бы 2, злучн.

Разм. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». [Сава] як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе. Якімовіч. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару; адпавядае па свайму значэнню злучнікам «быццам», «нібы». З-за павароту дарогі перад Сцёпкам вынікнуў семафор, бы нейкі вартаўнік з працягнутаю рукою. Колас. Лодкі выплылі на Нарач, бы на сіне-мора. Танк. [Юстынь] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Як маці, яна [цётка Аксення] паглядзела мне ў вочы, Бы кажа: не будзь сёння, хлопчык, малым. Прыходзька.

•••

Быццам бы гл. быццам.

Калі б гл. калі.

Хоць бы гл. хоць.

Як бы гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)