Раз’ю́шыцца ’ўзлавацца’ (Інстр. 3), розʼю́шыццаразарыцца’ (ТС), разʼюшывацца ’гарачыцца’ (Нас.), укр. дыял. розʼю́шити ’раззлаваць, раз’ярыць, усхваляваць каго-небудзь’, розʼю́шитися ’раззлавацца, раз’ярыцца, расхвалявацца’, а таксама ’разбіць да крыві (нос, твар)’, польск. rozjuszyć ’давесці да шаленства, раззлаваць’, а таксама ’раскрывавіць’, харв. razjusȉt se ’раззлавацца, разгневацца’, ’узмацніцца (пра вецер)’. Узыходзяць да прасл. *jucha (< *i̯ous‑ā) (ЭССЯ, 8, 193), гл. юха, юшка. Мяркуецца, што зыходным было значэнне ’від стравы (поліўкі, супа), прыгатаванай з мяса (або з мяснога адвару) і звярынай крыві’. З гэтага кулінарнага значэння на пэўнай частцы славянскай тэрыторыі развілося другаснае значэнне ’звярыная кроў’. Вытворныя дзеясловы спачатку, верагодна, мелі значэнне ’крывавіць, сцякаць крывёю, залівацца крывёю’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *jušiti (), гл. юшыць. Са значэння ’крывавіць’ развілося другаснае, пераноснае значэнне ’адчуваць непакой, раздражняцца/раздражняць, злавацца/злаваць’, заснаванае на назіранні за эмацыянальна ўзрушаным чалавекам, які раптам чырванее ад прыліву крыві, вызваннага эмоцыямі, параўн. бел. наліва́цца крывёю ’моцна злавацца’ (Борысь, Czak. stud., 16–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

труба́, ‑ы; мн. трубы, труб; ж.

1. Доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння, прызначаны для правядзення вадкасці, пары, дыму і пад. Водаправодная труба. Каналізацыйная труба. Трубы цэнтральнага ацяплення. □ Яе чуваць было характэрнага гудзення станкоў, пракураная труба кацельнай не дыміла. Лынькоў. // Аптычны прыбор або частка яго такой формы. Труба тэлескопа. // Апарат для перадачы распараджэнняў у машыннае аддзяленне судна.

2. Духавы медны музычны інструмент з раструбам на канцы. Сола для трубы з аркестрам. □ Заўсёды, у любую часіну, Як клікалі трубы ў паход, Сцяной уставаў за Айчыну Твой мужны, бясстрашны народ. Матэвушаў. // Дудка з раструбам, звычайна з бяросты. І вярталіся з пашы Каровы з лагодным рыканнем Пад вячэрнюю песню Берасцянай трубы. Панчанка. Хлопец сядае пад дрэўца, выцягвае з кайстры берасцяную трубу, падносіць да губ. Гамолка. // Раструб (грамафона, рэпрадуктара і пад.). Грамафонная труба.

3. Канал у арганізме для сувязі паміж асобнымі органамі. Еўстахіева труба (злучае поласць вуха з глоткай). Матачная (фалопіева) труба (тое, што і яйцавод).

4. У мове паляўнічых — хвост лісы.

5. у знач. прысл. трубой (‑ою). Прама ўверх, вертыкальна. Задраўшы ўгору хвост трубою, Сама давольная сабою, Снуецца Такса між кустамі. Колас. — Як на тарфянішчы жыты? — Ўсталі, брат, трубою. Броўка.

6. у знач. прысл. трубой (‑ою). Раструбам. Скласці далоні трубой.

7. безас. у знач. вык., каму-чаму і без дап. Гібель, пагібель. Вядзьмар за дапамогаю — да чорта, да самага д’ябла: — Ратуй! Інакш — труба! Мая ўлада ўжо аслабла, Мне не па сілах барацьба... Валасевіч.

•••

Аэрадынамічная труба — лабараторная ўстаноўка, якая стварае моцную плынь паветра для эксперыментальнага вывучэння з’яў, што вынікаюць пры абцяканні цвёрдых цел паветрам.

Дымагарныя трубы — трубы ўнутры паравога катла, па якіх праходзяць газы з топкі і саграваюць ваду.

Маставая труба — збудаванне, якое прапускае ваду пад дарогай або насыпам.

Падзорная труба — аптычны прыбор для наглядання на далёкай адлегласці.

Вылецець у трубуразарыцца ўшчэнт.

Ерыхонская (іерыхонская) труба — пра вельмі гучны голас; пра чалавека з такім голасам (ад назвы горада Іерыхона).

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці.

У трубы віцца гл. віцца.

Хвост трубой гл. хвост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусці́цца, спушчуся, спусцішся, спусціцца; зак.

1. Сысці, перамясціцца зверху ўніз. [Лабановіч і Садовіч] прайшлі жалезны мост, спусціліся з высокага насыпу і пайшлі берагам. Колас. [Баніфацый] спусціўся з Касцельнай гары і доўга хадзіў па парку, чакаючы світання. Чарнышэвіч. Калі Рыта спусцілася з ганка і пайшла па алейцы, Вігдароўскі вынырнуў са змроку і ўзяў яе пад руку. Навуменка. // Перамясціцца ніжэй, знізіцца; апусціцца. Ужо адвячорак. Нізка спусцілася сонца. Шамякін. // Злезці адкуль‑н. уніз. — Трэба праверыць, — ледзь чутна прашаптаў Юрка і асцярожна спусціўся на зямлю. За ім злез і Сяргей. Курто. Фёдар спыніў каня, хацеў дапамагчы Апанаску сысці, але той сам спачатку абмацаў нагой утулку кола — стаў на яе ботам, а потым спусціўся на зямлю і толькі цяжка дыхаў — як усё роўна мяхі, падымаліся і апускаліся грудзі. Даніленка. // Сысці на ніжэйшае месца; апынуцца дзе‑н. [Колька:] — Мама, давай спусцімся да самай вады, пройдзем па беразе, га? Кулакоўскі. Прачытаўшы ліст Колі Высоцкага, .. [Клава] спусцілася на карчомны двор пашукаць сабе работы. Чорны. // Папасці ў сярэдзіну, у глыбіню чаго‑н. У шахту, у забой Спусціўся ён [Максім] глыбока. Куляшоў. Калі .. [Алёшка] спусціўся ў кацельную, то знясілены лёг на ложак і доўга ляжаў, без руху, без думак. Лынькоў. // Ссунуцца (пра што‑н. адзетае, абутае). Панчохі спусціліся. Спадніца спусцілася. // перан. Апусціцца да ўзроўню каго‑, чаго‑н. [Стругач:] — Сёння, бадай, трэба паехаць. Час ужо. Заседзеўся. Трэба спусціцца ў нізы. Прокша.

2. на што і без дап. Сесці, прызямліцца (пра птушак, насякомых, лятальныя апараты). Самалёт спусціўся на аэрадром. □ Сказала [крыжанка]: — Разбойнік Ідзе па гушчарах, Дзе знойдзе бяззбройных, Усіх выпішчае.. Спусціўся ўстрывожаны шпак: — І мой падабраў маладняк! Калачынскі. // перан. Наступіць, насунуцца (пра ноч, імглу, туман і пад.). А калі спусціцца поўнач, Раптам з прыціхшай даліны.. Спеў даляціць салаўіны. Танк. Спусціўся вячэрні змрок, здавалася б, самы час для лёту качак, а іх усё не відаць. Ігнаценка. // Працяглы час ісці, ліць (пра дождж, снег і пад.). У жніўні спусціліся на зямлю цяжкія ліўні. Кірэйчык.

3. Звіснуць, навіснуць. Густы чуб чорных .. валасоў спусціўся на лоб. Бядуля. А Лапко нічым не выказваў свайго хвалявання, можа толькі бровы яго трохі ніжэй спусціліся над вачыма. Колас.

4. Размясціцца па нахіленай плоскасці. Купайся, цягні падвалокі: Да ціхай азёрнай затокі Спусціўся з гары Маленькі пасёлак Суёкі. Маляўка.

5. Ідучы, выйсці куды‑н. Маленькая працэсія спусцілася на дарогу, мінула мосцік праз ручай, які шумна бег у рэчку, і пайшла па Галёнах. Васілеўская. // перан. Цягнучыся, вывесці куды‑н. За вёскай дарога спусцілася ў лагчыну, дзе сінеў ланцужок невялікіх сажалак. Беразняк.

6. Разм. Прыйсці ў заняпад, разарыцца. [Пан Бірыла:] — Мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусціцца з яе. Чорны. // Страціць ранейшыя пазіцыі, становішча. Што Славіку ранейшы брыгадзір усяляк дапамагаў, каб мы [механізатары] не спусціліся ніжэй рэкордных паказчыкаў, мне тады таксама не вельмі падабалася. Даніленка.

7. Сарвацца з чаго‑н., што ўтрымлівае. Курок сам спусціўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)