навастры́цца, ‑ваструся, ‑вострышся, ‑вострыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасля наточвання зрабіцца вострым. Піла добра навастрылася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Стаць, зрабіцца больш адчувальным (пра органы пачуццяў).
3. перан. Разм. Стаць, зрабіцца больш уважлівым; насцеражыцца. — Ой, Мішка, што нядаўна было! — Сяргей аж за галаву схапіўся. — Што? — навастрыўся Міша. Курто.
4. Разм. Набыць уменне, спрыт, стаць спрактыкаваным у чым‑н. У адной хаце славіўся на ўсё сяло пчаляр, які так навастрыўся ў пчалярскай справе сваёй, што нават гаварыць з пчоламі ўмее. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазно́сіць, ‑зношу, ‑зносіш, ‑зносіць; зак., каго-што.
1. Знесці — пра ўсё, многае. Пазносіць каменне з поля. □ На гародзе была пакапана бульба, а на голым месцы, з якога пазносілі бульбоўнік на плот, ляжаў вялікі гарбуз. Чыгрынаў. // Знесці ў адно месца ўсіх, многіх або ўсё, многае. Прыйшла машына. У яе пазносілі раненых, і Івін паехаў у шпіталь. Алешка. Пчаляр пазносіў на зіму У сховішча ўсе вуллі. Корбан.
2. Спусціць уніз усё, многае. Пазносіць сена з вышак.
3. Сарваўшы, разбурыўшы, знесці з месца ўсё, многае. Пазносіць масты. □ [Язэп:] — Усё паламалі і пазносілі, каб іх хвароба паламала. Колас.
4. Пайшоўшы, узяць з сабой усё, многае. Пазносіць чужыя рэчы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Па́сека, пасе́ка, па́сіэка, па́сіка, па́сяка ’поле на месцы расчышчанага лесу’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, Бес.), ’поле ў лесе’ (Выг.), ’невялікая купа дрэў або гай у полі (дубняк, алешнік)’ (ТС), ’месца, дзе нядаўна быў высечаны лес’ (Некр., Серб.), ’папялішча’ (Маш.), ’месца, дзе стаяць вуллі’ (ТСБМ, Грыг., Маш., Сл. ПЗБ). Укр. па́сіка, рус. па́сека, польск. pasieka, чэш. paseka. Прасл. po‑sěka, якое з po‑sěkti ’пасячы’ — першапачаткова ’высечаныя кусты, якія спальваліся, і на іх месцы рабілася поле’ (Махэк₂, 436), пазней і ’расчышчанае месца для вулляў’ (Праабражэнскі, 2, 26; Брукнер, 398; Фасмер, 3, 211). Сюды ж бяроз. па́сек ’пчаляр’ (Сл. ПЗБ). Больш падрабязна гл. таксама Мюллер (ZSl., 17, 1972 (1), 27), Каткоў (УЗ МОПИ, 341 (1969), 139).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)