сацыялісты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сацыялізма (у 1 знач.). Сацыялістычная вытворчасць. Сацыялістычная сістэма. Краіны сацыялістычнай садружнасці. □ Раніцаю з’езд абраў Савецкі ўрад на чале з Леніным. Так пачалася новая, сацыялістычная эра ў гісторыі чалавецтва. Гурскі. // Заснаваны на прынцыпах сацыялізма (у 1, 2 знач.). Сацыялістычны лад. Сацыялістычная дзяржава. □ Сацыялістычнае грамадства стварае найбольш спрыяльныя ўмовы для збліжэння дыялектаў і растварэння іх у агульнанароднай мове. «Працы».

2. Уласцівы грамадству, заснаванаму на прынцыпах сацыялізма. Сацыялістычная індустрыялізацыя. Сацыялістычная эканоміка. Сацыялістычная законнасць. Сацыялістычнае будаўніцтва. □ [Максім:] — Нашу поўную перамогу забяспечыць нам грамадская свядомасць, дысцыплінаванасць і наша актыўная праца на фронце сацыялістычнай гаспадаркі. Колас. // Які мае мэтай пераўтварэнне грамадства на прынцыпах сацыялізма (у 2 знач.). Буржуазія.. з’яўляецца такой жа неабходнай папярэдняй умовай сацыялістычнай рэвалюцыі, як і сам пралетарыят. Энгельс.

3. Які адпавядае прынцыпам сацыялізма (у 1, 2 знач.), прасякнуты ідэямі сацыялізма. Сацыялістычныя адносіны да працы. Сацыялістычны гуманізм. Сацыялістычная мараль.

4. Які мае адносіны да сацыял-дэмакратыі.

•••

Герой Сацыялістычнай Працы гл. герой.

Савецкая сацыялістычная рэспубліка гл. рэспубліка.

Сацыялістычнае спаборніцтва гл. спаборніцтва.

Сацыялістычная ўласнасць гл. уласнасць.

Сацыялістычны рэалізм гл. рэалізм.

Сацыялістычны ўклад жыцця гл. уклад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элеме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. У старагрэчаскіх філосафаў-матэрыялістаў — адна з асноўных састаўных частак прыроды (агонь, вада, паветра, зямля), якія ляжаць у аснове ўсіх з’яў і рэчаў; стыхія.

2. толькі мн. (элеме́нты, ‑аў). Кніжн. Асновы, пачатак чаго‑н. Элементы матэматыкі. □ З цяжкасцю і недаверам успрымалі яны [сяляне] элементы палітычных ведаў ад рэвалюцыянераў-інтэлігентаў. Г. Кісялёў.

3. Простае рэчыва, якое хімічна ўжо нельга далей раскласці на больш дробныя часткі. Не так даўно з дапамогай навейшых спосабаў спектральнага аналізу ў складзе зорак знойдзен новы хімічны элемент тэхнецый. Матрунёнак.

4. Састаўная частка чаго‑н. цэлага. Значная колькасць іншамоўных лексічных элементаў у беларускай мове заўважана была яшчэ старажытнымі вучонымі. Жураўскі. Народная творчасць стала істотным элементам стылю, паэтыкі Купалы, увайшла ў мастацкую тканіну яго твораў. Івашын. У садах і парках растуць і розныя хмызнякі. У спалучэнні з дрэвамі яны з’яўляюцца галоўным дэкаратыўным элементам гарадскіх лесанасаджэнняў. Гавеман. // Асаблівасці характэрная рыса чаго‑н. Прыгодпіцкі элемент не адыгрывае ў гэтым творы [«Амок»] галоўнай.. ролі. «Полымя». Характэрна, што ў зборніку «Урачыстыя дні» заўважаецца прыкметнае ўзмацненне публіцыстычных элементаў. Гіст. бел. сав. літ. // Спец. Дэталь якога‑н. збудавання, механізма, прыстасавання. Элементы рухавіка. □ Адным з вельмі важных элементаў першых радыёпрыёмнікаў быў так званы крышталічны дэкатар. «Беларусь».

5. зб. або толькі мн. (элеме́нты, ‑аў); з азначэннем. Прадстаўнікі якога‑н. асяроддзя, грамадства. Прагрэсіўныя элементы грамадства. Контррэвалюцыйныя элементы. □ Кожнаму марксісту даўно вядома тая ісціна, што рашаючымі сіламі ва ўсякім капіталістычным грамадстве могуць быць толькі пралетарыят і буржуазія, у той час як усе сацыяльныя элементы.. непазбежна хістаюцца паміж гэтымі рашаючымі сіламі. Ленін. Няма чаго і казаць, што ўсе гэтыя прапаведнікі былі настолькі ж далёкія ад перадавых, рэвалюцыйна-дэмакратычных элементаў грамадства, наколькі, скажам, далёкі батрак ад абшарніка. Майхровіч.

6. з азначэннем. Разм. Чалавек, асоба. [Бацька:] — Гэта [тонфільм] — ужо не навінка тэхнікі, і толькі такі, як ты [Люся], адсталы элемент не ведае падобных рэчаў. Брыль. // Іран. Пра дрэннага ці шкоднага чалавека. [Волечка:] — Косця табе не які-небудзь элемент. Ён франты прайшоў. Чорны.

7. Прыбор, які выдзяляе электрычны ток, што ўтвараецца за кошт хімічных працэсаў. Сухі элемент. Гальванічны элемент.

•••

Перыядычная сістэма элементаў гл. сістэма.

Рэдказямельныя элементы — група металаў, большасць якіх знаходзіцца ў зямной кары ў вельмі невялікай колькасці і з цяжкасцю вылучаецца ў чыстым выглядзе.

Цеплавыдзяляльны элемент — стрыжань з ядзерным палівам, які з’яўляецца крыніцай цяпла ў ядзерным рэактары.

[Ад лац. elementum — стыхія, першапачатковае рэчыва.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбі́ць, адаб’ю, адаб’еш, адаб’е; адаб’ём, адаб’яце; зак., каго-што.

1. Ударамі адкалоць, адшчапіць, адарваць, адкрышыць (частку цэлага або што‑н. прымацаванае). [Крамарэвіч] падняў камень, адбіў прабой і адчыніў сенцы. Чорны. Камандзіру разведкі, Адаму Бухаўцу, разрыўною куляй адбіла ў запясці правуюруку. Брыль. // Адкрыць, адчыніць што‑н. забітае. Адбіць дзверы, дошку.

2. Сустрэчным ударам адкінуць. Праходзіла мінута за мінутай, а мне ўсё не ўдавалася адбіць яшчэ ніводнага мяча. Карпюк. // Паспяхова абараняючыся, прымусіць адступіць; аказваючы моцнае супраціўленне, спыніць (напад, атаку і пад.). Праз некалькі хвілін Арсен быў ужо ў артылерыстаў, перад якімі стаяла задача адбіць наступленне варожых танкаў. Кавалёў. Сталі радзіцца [звяры], Як быць, Як напад ваўка адбіць. Калачынскі. // перан. Адказваючы на абвінавачанні, прыдзіркі і пад., абвергнуць іх. Бальшавікі адбілі ўсе атакі праціўнікаў, якія спрабавалі раззброіць расійскі пралетарыят. «Звязда».

3. Сілаю, з боем адабраць каго‑, што‑н., вярнуць захопленае. Натоўп кінуўся на паліцэйскі ўчастак і з поспехам адбіў арыштаваных таварышаў. Гарэцкі. Мы раніцой адбілі гэту вёску. Панчанка.

4. Разм. Прывабіць, прыцягнуць да сябе, выклікаць любоў да сябе, прымусіўшы аддаліцца ад другога. [Жлукта:] Гэты палкі юнак хоча адбіць у мяне маю жонку. Крапіва. // Аддаліць, адхіліць каго‑, што‑н. ад чаго‑н. або каго‑н. Адбіць пакупнікоў.

5. Прымусіць баяцца што‑н. рабіць, знішчыць, адабраць (ахвоту, жаданне, памяць і пад.). [Прыстром] хацеў давесці Дзерашу больш яскрава беззаганнасць сваёй тэорыі, сваіх думак, раз назаўсёды адбіць у таго ахвоту спрачацца. Шынклер. Можа гора і ўтрапенне апошніх дзён адбілі ў .. [Аўдоцці] памяць, замутнілі розум? Мележ.

6. Адкінуць у адваротным кірунку (прамені, гук і пад.).

7. Адлюстраваць што‑н. на сваёй гладкай, бліскучай паверхні. І раніцай дарога, добра ўмытая, Пасерабрылася, у асфальце чыстым Адбіла сонца з яснымі блакітамі, Паркан гародчыкаў і лес расісты. Калачынскі. Алеся, бедная Алеся, Краса наднёманскіх дзяўчат! Ты сінь азёрнага Палесся Адбіла ў сонечных вачах. Трус. // Адлюстраваць у вобразах, паняццях; выказаць.

8. Выявіць, даць вонкавае праяўленне (пачуццям, стану і пад.).

9. Выстукаць рытмічнымі ўдарамі. Другі [хлопец], у сіняй кашулі з вышытым каўняром, сарваўся б з месца, адбіў бы чачотку. Васілёнак. // Адзначыць ударамі, звонам. Гадзіннік адбіў дванаццаць. // Перадаць па тэлеграфе. [Маргарыта:] — Яе думала, што.. [Барыс] не дабярэ часу пісьма людскага напісаць. Адну тэлеграму адбіў: не турбуйся, цалую. Скрыган.

10. Ударам (ударамі) пашкодзіць што‑н., зрабіць балючым. Яшчэ і дагэтуль усе ў вёсцы памяталі, як.. [Грамабой] адбіў печані Сідараваму хлапцу, калі той незнарок упусціў карову ў Грамабоеву віку. Крапіва.

11. Завастрыць лязо касы, б’ючы малатком.

12. Аддзяліць, перагарадзіўшы. Гэтаму сталу ўжо і месца падрыхтавалі: высокай фанернай фарбаванай шырмай адбілі кавалак пакоя з акном і дзвярыма проста ў калідор. Чорны. // Абмераўшы, выдзеліць участак чаго‑н. Усім хацелася на свае вочы бачыць, што робіцца, дзе каму які ўчастак адаб’юць. Галавач.

13. Правесці лінію ударам вяроўкі або шнура. // Паставіць кляймо.

14. Пабіць (расліны, пасевы). Град адбіў жыта.

•••

Глузды адбіць — пабоямі пашкодзіць разумовую дзейнасць каго‑н.

Ногі адбіць (збіць, набіць) — моцна натаміць ногі, доўга ходзячы. Дзед Тодар здрыгануўся, ступіў да стала: — Нічога не прыдумаеш. Вілія і пад лёдам шалёная... Ногі мы адбілі, цэлыя суткі не прысеўшы. Пташнікаў.

Адбіць паклон — пакланіцца. [Бабка] закончыла нарэшце сваю малітву і адбіла апошні паклон. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)