абаро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Поўны круг, зроблены пры вярчэнні. Кола робіць дзесяць абаротаў за секунду. Працаваць на малых абаротах. // Спец. Перавернуты пласт. Апрацоўка глебы з абаротам пласта.

2. Спец. Сукупнасць работ, аперацый, якія складаюць поўны цыкл у выкарыстанні чаго‑н., а таксама час, неабходны для гэтага. Абарот вагонаў.

3. Абарачэнне грашовых сродкаў і тавараў, гандлёва-прамысловыя аперацыі на ўзнаўленне і атрыманне прыбытку. Пусціць грошы ў абарот. □ За свае дзесяткі або сотні рублёў, якія маленькія людзі кладуць у банкі або ашчадныя касы, яны атрымліваюць працэнты тры або чатыры капейкі на рубель, а багачы складаюць з гэтых дзесяткаў — мільёны, расшыраюць на гэтыя мільёны свой абарот і нажываюць па дзесяць і дваццаць капеек на рубель. Ленін. // Сродкі, тавары, якія знаходзяцца ў абарачэнні. Гадавы абарот. Гандлёвы абарот.

•••

Браць (узяць) у абарот гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адкрыць. Свет Новы, адкрыты Калумбам, Завецца ўжо светам старым, Са дня, калі стрэл з «Аўроры» Пачуўся краінам усім. Куляшоў.

2. у знач. прым. Нічым не адгароджаны, не заслонены, свабодны для агляду. Адкрытая мясцовасць. Адкрыты бераг. Адкрытая пазіцыя. // Нікім не абаронены, даступны для ворага. Адкрыты фланг.

3. у знач. прым. Нічым не прыкрыты, аголены. Хадзіць з адкрытай галавой. Смажыць на адкрытым агні. Адкрытая рана. Адкрыты пералом. // Без покрыву зверху, з бакоў. Адкрытая машына. Адкрытая сцэна. // З вялікім выразам. Адкрытае плацце. Адкрытыя туфлі. // Не падземны; з агаленнем пласта. Адкрыты спосаб здабычы каменнага вугалю.

4. у знач. прым. Тое, што і разгорнуты (у 4 знач.). Адкрытая кніга. □ Важаты паглядзеў на адкрыты лісток настольнага календара. Якімовіч.

5. у знач. прым. Пазбаўлены скрытнасці, шчыры. Загарэлы, абветраны твар капітана быў адкрыты, просты, выклікаў прыхільнасць сваімі правільнымі прыгожымі рысамі. Краўчанка. [Дзед] усміхаецца шчыраю, адкрытаю ўсмешкаю. Грахоўскі. // Не замаскіраваны, не тайны, яўны. Гэта быў першы выпадак адкрытай сутычкі Карызны з Зеленюком. Зарэцкі. Да Данусінай маці я адчуваў пашану: адкрытых ворагаў я паважаў. Карпюк. // Такі, які адбываецца пры людзях. Адкрытая размова.

6. у знач. прым. Даступны для ўсіх. Адкрыты партыйны сход. Адкрыты канцэрт. Адкрыты конкурс.

•••

Адкрытае галасаванне гл. галасаванне.

Адкрытае мора гл. мора.

Адкрытае пісьмо гл. пісьмо.

Адкрытае пытанне гл. пытанне.

Адкрыты рахунак гл. рахунак.

Адкрыты склад гл. склад.

Адкрыты урок гл. урок.

Абвясціць адкрытым што гл. абвясціць (у 2 знач.).

Адкрытая душа гл. душа.

Адкрыты лоб гл. лоб.

Адкрыты свет гл. свет.

Дзень адкрытых дзвярэй гл. дзень.

З адкрытай душой гл. душа.

З адкрытым сэрцам гл. сэрца.

Над адкрытым небам гл. неба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)