класі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Створаны класікам, класікамі (у 1 знач.); узорны, дасканалы. Паэма «Новая зямля» Я. Коласа справядліва лічыцца класічным тварам беларускай літаратуры. Шкраба. Руская класічная літаратура велічна тым, што з’яўлялася люстрам рэвалюцыі. Пшыркоў. // Тыповы, асабліва характэрны. Класічны прыклад. Беларусь — краіна класічнай партызанскай барацьбы. □ [Купала] стварыў класічныя ўзоры лірыкі, ліра-эпічнай паэмы. Івашын. // Разм. Лепшы ў сваім родзе; выдатны. Класічны падарунак.

2. Які мае адносіны да класіцызму (у 1 знач.), уласцівы паслядоўнікам гэтага напрамку. Класічная паэма.

3. Які мае адносіны да старажытных грэкаў і рымлян; антычны. Класічная грэчаская мова. Класічная антычная літаратура. // Звязаны з вывучэннем антычных моў і літаратуры. Класічнае аддзяленне філалагічнага факультэта. Класічная адукацыя. Класічная гімназія.

4. Які адпавядае ідэалу хараства ў рымлян і грэкаў; правільны. Класічны профіль. Класічны нос.

•••

Класічная барацьба гл. барацьба (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́хваткамі, прысл.

У перапынках паміж іншымі справамі і заняткамі; нерэгулярна, урыўкамі. Паэма пісалася прыхваткамі, аўтара часта адрывалі грамадскія абавязкі, нямала часу забіралі палітычныя злабадзённыя вершы і публіцыстычныя артыкулы. У. Калеснік. — Дык калі ж я табе шалік зраблю? Толькі прыхваткамі і раблю... Васілевіч. Раней не даводзілася, каб па-людску сеў ды пад’еў, а ўсё прыхваткамі, на хаду. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаймо́ры, ‑аў; адз. няма.

Абл. Перамёрзлая бульба, якая праляжала ў зямлі ўсю зіму. А каб выжыць, Мы з братам удвух Усю весну Шайморы збіралі. І была даражэй серабра Тая бульба гнілая на полі. Карызна. Успомнім хоць бы словы Н. Гілевіча пра шайморы — перамёрзлую бульбу з адталага бульбянішча, якая ў першую пасляваенную вясну здавалася малалеткам найлепшым прысмакам (паэма «Сто вузлоў памяці»). Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тварэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. тварыць (у 1 знач.).

2. Тое, што створана ў працэсе творчай дзейнасці; твор. Паэма «Курган» — тварэнне Купалы. Карціна «Партызанская мадонна» — тварэнне Савіцкага. □ Легенды і казкі — тварэнне людзей — на хвалях сваіх аднясе [Біруса] ў Енісей. Дубоўка. І ўпрыгожыцца зямля .. велічнымі тварэннямі [будаўнікоў], тая зямля, на якой многа год таму назад пакутавалі ў нястачы і голадзе іх дзяды і бацькі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лірыкі (у 1 знач.). Лірычны паэт. // Які з’яўляецца лірыкай. Лірычны верш. Лірычная паэма. // Які з’яўляецца аб’ектам апісання ў лірыцы. Лірычны герой.

2. Прасякнуты лірызмам, паэтычнай узнёсласцю. Лірычны пейзаж.

3. перан. Разм. Чуллівы, эмацыянальна ўзвышаны. Лірычны настрой. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад. Паслядовіч.

4. Мякка-пявучы, далікатны па тэмбру (пра голас). Лірычны тэнар. Лірычнае сапрана.

•••

Лірычнае адступленне гл. адступленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фее́рыя, ‑і, ж.

1. Тэатральны спектакль, цыркавы наказ з казачным сюжэтам, раскошнымі дэкарацыямі і рознымі сцэнічнымі эфектамі. [«Лясная песня» Л. Украінкі] не п’еса, не драма, не феерыя нават, а вялікая паэма жыцця гэтай лясной і вадзяной зямлі. «Полымя».

2. перан. Чароўнае, казачнае відовішча. У гэтай паўночнай феерыі, у багацці вады і неба, у шчодрасці рукатворнай прыгажосці не было нічога ад горада-цмока, горада-драпежніка, што паступова аблытаў шчупальцамі дарог цела сваёй ахвяры — зямлі. Караткевіч.

[Фр. féerie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трактава́цца, ‑туецца; незак.

1. Быць прадметам абгаварэння, разгляду, тлумачэння чаго‑н. Княжанне Вітаўта трактуецца ў паэме [«Песня пра зубра» М. Гусоўскага] як час гераічных спаборніцтваў, дзе кожны чалавек меў поле для подзвігаў і сцвярджэння сваёй годнасці. У. Калеснік. // Характарызавацца, адлюстроўвацца пэўным чынам. У адрозненне ад аднайменнага рамана ў п’есе Чорнага «Бацькаўшчына» псіхалагічна паглыбляюцца або інакш трактуюцца асобныя вобразы. Луфераў. П’еса, напісаная як драматычная паэма, патрабавала героіка-рамантычнага вырашэння. Так яна і трактавалася рэжысурай. Сяргейчык.

2. Зал. да трактаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счапле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. счапляць — счапіць.

2. Прыстасаванне ці механізм, пры дапамозе якога счапляюць што‑н. Яшчэ хвіліна, і, бразнуўшы счапленнем, цягнік пакідае ціхі раз’езд. Карамазаў. [Уладзімір] націснуў старцёр, адпусціў счапленне, і машына, пагойдваючыся, пакацілася далей. Кавалёў.

3. Стан паводле дзеясл. счапляцца — счапіцца (у 2 знач.). Слабае счапленне асобных слаёў у крышталічнай рашотцы графіту дазваляе ўжываць яго і для вырабу змазкі. «Маладосць». На мой погляд, паэма павінна несці не проста счапленне падзей у сюжэт, а эпас пачуццяў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насле́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак.

1. што. Атрымаць (атрымліваць) у спадчыну якія‑н. уласцівасці, якасці бацькоў, продкаў. Паэт [М. Багдановіч] наследаваў многія рысы свайго характару ад маці, Марыі Афанасьеўны. Майхровіч.

2. толькі незак., што і каму-чаму. Быць прадаўжальнікам якой‑н. дзейнасці, традыцый. Паэма «Хлеб» наследуе традыцыі народна-песеннай лірыкі, паэтыку фальклору, схільную да ўзбуйнення вобраза. Гіст. бел. сав. літ. Паэтызацыя чалавечай працы — гэта адна з лепшых традыцый рускай і беларускай літаратуры, якой наследуе М. Лынькоў. Пшыркоў. // Браць што‑н. за ўзор. У «Сказе пра Вяля».. [М. Танк] сапраўды наследуе былінны верш. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Непарыўна спалучаць, злучаць. Аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑ін-а (‑ын-а) значэнне адзінкавасці сумяшчаюць са значэннем выніку дзеяння. Граматыка. // Выконваць адначасова. Сумяшчаць работу з вучобай. □ Першы арышт адбыўся ў 1878 годзе ў Пецярбурзе, дзе Вяляўскі сумяшчаў вучобу ва універсітэце з прапагандай сярод фабрычных рабочых. «Полымя». // у кім-чым. Аб’ядноўваць у сабе адначасова; валодаць адначасова. Драматычная паэма сумяшчае ў сабе жанравыя адзнакі і ліра-эпічнай паэмы і драмы. Ярош. Здаецца, акіян сумяшчае ў сабе і зялёны шум лясоў, і бязмежнасць нябеснага блакіту, і прывабнасць жывой вады, якая цячэ. Філімонаў.

2. Накладваць адно на другое (фігуры, лініі), дасягаючы супадзення ва ўсіх пунктах. Сумяшчаць сіметрычныя фігуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)