пе́сціць, пе́шчу, пе́сціш, пе́сціць; пе́шчаны; незак.
1. каго. Любоўна даглядаць, пялегаваць; патураць усім жаданням, балаваць.
П. дзяцей.
2. каго. Лашчыць, галубіць.
П. дачку.
3. перан., каго-што. Выклікаць прыемныя адчуванні (пра вецер, сонца і пад.).
Вецер песціць твар.
4. перан., што. Жадаць здзяйснення чаго-н. прыемнага.
П. надзею.
|| зак. вы́песціць, -пешчу, -песціш, -песціць; -пешчаны (да 1 знач.) і спе́сціць, спе́шчу, спе́сціш, спе́сціць; спе́шчаны (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Патака́ць 1 ’паблажліва, нястрога адносіцца да каго-н., патураць каму-н.’ (ТСБМ), пат́акнуць ’кіўнуць сцвярджальна’ (Яруш.), пата́каваць ’згаджацца’ (КЭС, лаг.), патако́ўнік ’патуральнік’ (Нас.), пата́чка ’паблажка’ (ТСБМ). Укр. пота́катися ’згаварыцца’, потака́йло, потака́ч ’той, хто паддаквае’, пота́кувати ’паддакваць’; рус. пота́ка́ть ’патураць’, потака ’прытворства, прыкідванне’, ст.-рус. потаков(ь)никъ ’уступчывы, падатлівы’, польск. potakiwać, potakać, potaknąć ’патакаць’, чэш. potakací slovo ’слова, якімі мы пацвярджаем’. Утворана ад сцвярджальнай часціцы так (такъ, тако) пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. po‑) (Праабражэнскі, 2, 115; Фасмер, 3, 343; Варш. сл., 4, 801).
Патака́ць 2 ’ткаць іншым матэрыялам’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Відаць, з падтыка́ць < падаткнуць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спата́каць ‘набыць з цяжкасцю, так-сяк’ (лаг., Стан.; Варл.), спота́каць ‘зладкаваць, зрабіць’ (ТС). Семантычна немагчыма вывесці з патака́ць ‘патураць’ (гл.). Ад займенніка так, магчыма, праз дзеяслоў *та́каць з шырокай семантыкай, што замяшчае шырокі спектр канкрэтных значэнняў, параўн. балг. тако́вам ‘нешта рабіць’ і пад. Параўн. таксама рус. та́кать ‘гнаць, падганяць’, што звязана з *točiti, *tekti, гл. наступнае слова (гл. Фасмер, 4, 12). Аднак пры гэтым застаюцца значныя семантычныя цяжкасці.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
патака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Паблажліва, нястрога адносіцца да каго‑, чаго‑н.; патураць каму‑, чаму‑н. Баранок як быццам ва ўсім згаджаўся з Сомікам, патакаў яму. Крапіва. Але бацьку, які заўжды шанаваў, песціў яе і патакаў ёй ва ўсім, яна ў гэты момант не падабалася. Хадкевіч. [Аграном:] — Сардэчна дзякую вам за давер’е, за пашану, Але дамовімся адразу грамадой, Калі рабіць на полі, дык рабіць з душой, Я абібокам патакаць не стану. Валасевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Патво́р, потву́р ’паблажлівасць’, ’пяшчота’ (в.-дзв., Рам. 8; рэч., Маш.), патво́ра ’паблажка, патуранне, песты, свавольства, ду́дыкі’ (Гарэц., Юрч., Нас.), ’свавольнік’ (Юрч.), ’упарты’ (Нас.), патво́рства ’упартасць’, ’паблажка’, патвара́ць ’патураць’ (Шат.), патво́рыць ’разбэшчваць, псаваць’ (Нас., Гарэц.), ’упарціцца пры выхаванні’ (Нас.), патворыцца ’псавацца ад паблажак’ (Гарэц.). Укр. потві́р, потвора ’страшыдла, бэба’, рус. потво́ры ’чары’, потвори́ть ’зачараваць, змяніць’, ст.-рус. потворити ’палепшыць, стварыць нанава’, ’зачараваць’, потворъ ’вядзьмарства’; польск. potwór, potwora, чэш. potvora ’пачвара’. Да па‑ (< прасл. po‑) і твары́ць (< прасл. tvoriti ’рабіць незвычайнае’). Аналагічна літ. padaraĩ ’чары’ < darýti ’рабіць’ (Праабражэнскі, 2, 116; Фасмер, 3, 344). Гл. таксама пачвара.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пато́ля ’спагада, спачувальныя адносіны да слабейших’, ’патуранне, воля, свабода’, ’задаволенасць, заспакоенасць’ (ТСБМ, Шат.; стаўб., Сл. бел. фраз.; лях., шчуч., Сл. ПЗБ), ’палягчэнне’, ’міласць, ласка’ (Яруш.), ’непрыемнасць, скруха’ (Сцяшк.), патолі́й ’патуранне’ (Зянк.). Утворана пры дапамозе прыстаўкі па‑ ад прасл. toliti (укр. у‑толи́тися ’здаволіцца’, рус. у‑толи́ть ’тс’, ’напатоліць’, славен. tóliti ’уціхамірваць, суцішаць’, серб.-харв. у‑то̀лити ’сціхнуць’, балг. утолявам ’суцішаць’, ст.-слав. оу‑толити ’угаворваць, спакушаць, схіляць’, ’слухацца, падкарацца’), роднаснага да літ. tìlti ’змоўкнуць’, tìldyti ’прымусіць маўчаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylà ’маўчанне’, лат. tilinât ’патураць (дзіцяці)’, ст.-ірл. tuilim ’сплю’, ст.-в.-ням. stilli ’ціхі’ (Фасмер, 4, 71).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
гла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. гладзь; незак., каго-што.
1. Лёгка, ласкава праводзіць па кім‑, чым‑н. рукой; песціць, лашчыць. Стэфка песціла дзяцей, гладзіла па галоўках. Бядуля. // Прыгладжваць што‑н. далонню або пальцамі. Гладзіць бараду. Гладзіць вусы. // перан. Лёгка дакранацца да чаго‑н. (пра вецер, сонца і інш.). Фары вогненным бляскам Гладзяць спіну кургану. Нядзведскі.
2. Рабіць гладкім, роўным. Марына бабку падмяняе І рэжа скібіны-брускі Ды градку гладзіць і раўняе. Колас. // Разгладжваць, прасаваць (бялізну, плацце і пад.). Гладзіць касцюм.
•••
Гладзіць па галоўцы (па шэрсці) каго — хваліць каго‑н.; патураць каму‑н.
Гладзіць супраць шэрсці каго — гаварыць ці рабіць каму‑н. непрыемнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апраўда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Даказаць чыю‑н. невінаватасць. [Шашы] хацелася апраўдаць Максіма. Шамякін. // Вынесці прыгавор, які заключае прызнанне падсуднага невінаватым.
2. Даказаць магчымасць чаго‑н. [Лабановіч:] — Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва, калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Колас. // Паслужыць асновай для апраўдання чаго‑н. Памог выпадак, які паклаў канец ваганням Веры Антонаўны і крыху апраўдаў яе ў вачах Васіля Пятровіча. Карпаў.
3. Праявіць сябе вартым чаго‑н. Умей адважна, друг, змагацца І ворагаў перамагаць, Каб добры гонар сына працы Жыццём і смерцю апраўдаць. Глебка.
4. Кампенсаваць, акупіць. [Осіпава:] — Больш, хоць забі, не дам. А то і ягад сваіх не апраўдаю. Пятніцкі.
5. Афіцыйна пасведчыць дакументамі зробленым выдаткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
покрови́тельствовать несов. (кому, чему) заступа́цца (за каго, за што); апекава́цца (над кім, над чым); (протежировать) пратэжы́раваць (каму, чаму); (благожелательствовать) спрыя́ць (каму, чаму, развіццю чаго); (защищать) абараня́ць (каго, што); (охранять) ахо́ўваць (каго, што); (поддерживать) падтры́мліваць (каго, што); (делать поблажку) патура́ць (каму, чаму).
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
Патыка́ць 1 ’дараваць за дрэнныя ўчынкі, пакідаць непакараным’ (бялыніц., Янк. Мат.; ветк., Мат. Гом.), ’патураць’ (пух., Сл. ПЗБ). Да патака́ць (гл.).
Патыка́ць 2 ’сустракаць’ (Нас.). З польск. potykać (się) ’тс’. Сюды ж ганц. патыка́ць ’рабіцца блага, млосна’ (Сл. ПЗБ).
Патыка́ць 3, патыка́цца ’утыкаць нос (не ў сваю справу)’ (Нас.), ’рабіць спробу зайсці’ (КЭС, лаг.), з’яўляцца, паказвацца на вочы’ (хойн., Мат. Гом.), паткну́цца ’сунуцца, паказацца куды-н.’ (ТСБМ), потыка́ць ’тыцкаць, соваць’ (ТС). Да тыкаць < прасл. tykati (sę), роднаснага з лат. tūkât, tūcît ’мясіць, ціснуць’, ст.-в.-ням. dûhen ’ціснуць’. Чаргаваннем галосных кораня звязана з ткаць (Фасмер, 4, 130).
Патыка́ць 4 ’ткаць па аснове рознакаляровым утком’ (лід., віл., бар., шум., швянч., Сл. ПЗБ), драг. натыка́ты ’тс’ (Клімчук, вусн. паведамл.), патыка́нка ’дыван з ільняной асновай, патыканы рознакаляровымі ніткамі’ (смарг., Сцяшк. Сл.). Магчыма, сюды ж польск. potykaczka ’спадніца, тканая ў чатыры полкі’. Параўн. н.-луж. potykaś ’зацыраваць’. Да па‑ < прасл. po‑ і ткаць < прасл. tъkati.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)