крок, ‑у, м.

1. Адзін рух нагой уперад, назад або ўбок, а таксама рух адной нагой уперад пры хадзьбе, бегу. Ступіць крок уперад. □ Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй. Шамякін. // толькі мн. (кро́кі, ‑аў). Гукі, якія ўтвараюцца пры такіх рухах. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэслаў і пачуліся крокі. Колас.

2. толькі адз. Тэмп руху пры хадзьбе (звычайна ў спалучэннях: «паскорыць крок», «суцешыць крок», «прыпыніць крок» і пад.). Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. // Пэўны від хадзьбы, руху. Спартыўны крок. Страявы крок.

3. перан.; з азначэннем. Дзеянне, учынак. Рашучы крок. □ [Лютынскі:] Кожны няправільна зроблены намі крок сурова асудзіць гісторыя. Крапіва.

4. перан. Этап у развіцці чаго‑н. Новы крок у асваенні космасу. □ Вялікія крокі гісторыі складаюцца з асобных чалавечых намаганняў. «Звязда».

5. Адлегласць паміж ступнямі ног пры хадзьбе як мера даўжыні. Змераць крокамі пакой. □ У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў.

•••

Гіганцкія крокі — прыстасаванне для гімнастычнай гульні ў выглядзе слупа з круцёлкай наверсе, да якой прымацаваны доўгія вяроўкі з лямкамі; седзячы ў лямках, гуляючыя разбягаюцца і, узлятаючы, кружацца вакол слупа.

Адзін крок ад чаго — зусім блізка.

За два (тры і пад.) крокі ад каго-чаго — паблізу, побач.

Крок за крокам — а) паступова, няўхільна. Так крок за крокам упарта і настойліва ішоў.. [Серакоўскі] да сваёй запаветнай мэты — панесці сакрушальны ўдар па шпіцрутэну. Якімовіч; б) паслядоўна, адно за другім. Спасылаючыся на запісы ў дзённіку, Максім Лужанін крок за крокам узнавіў гісторыю стварэння «Адплаты». Казека.

Крок наперад — пра тое, што з’явілася дасягненнем, прагрэсам у якой‑н. справе.

Крок у крок — тое, што і нага ў нагу (гл. нага).

Кроку не ступіць без каго-чаго гл. ступіць.

На кожным кроку — усюды і пастаянна.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Ні на крок — а) ад каго-чаго нават на самую кароткую адлегласць (не адыходзіць, не адставаць). Антон не адставаў ад.. Амілі ні на крок. Чорны; б) ад каго-чаго нават на самы кароткі час, на маленькі тэрмін (не адпускаць, не адлучацца). — Толькі цяпер цябе ні на крок ад сябе не адпусцім. «Звязда»; в) ніколькі не пасунуцца, не зрушыцца; не пасунуць, не зрушыць і пад. Справа не пасунулася ні на крок.

Першы крок — самы пачатак пачатковы перыяд якіх‑н. дзеянняў або якой‑н. дзейнасці.

Сямімільнымі крокамі — вельмі хутка (развівацца, пасоўвацца і пад.). Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнай калектывізацыі. Зарэцкі.

Што ні крок — скрозь, усюды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Валіцца, ляцець зверху ўніз пад уздзеяннем сілы цяжару. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі. Чорны. // Ісці (пра снег, град, дождж). Снег пайшоў спарней. Ён падаў ужо буйнымі сняжынкамі, кружыўся, паволі апускаючыся на дол. Арабей. // Ствараць уражанне падаючага (аб зорках). Толькі ноч пастав, — І ўзрываюцца, падаюць зоры. Танк.

2. Валіцца на зямлю, трацячы апору, раўнавагу. Дзед выпускае маю руку і старчма падае на брук... Васілевіч. Цімошка адчуў, што падае, і ўхапіўся за плот. Хомчанка. // Апускацца на што‑н., кідацца. Падаць на пасцель. Падаць на калені. □ [Мішка] цяжка падае на сані і крычыць «гані!» Брыль. // Ляцець уніз (пра птушак). Белыя птушкі ўзлятаюць над морам і строма падаюць уніз. Самуйлёнак. Відно толькі, як то ўзлятаюць, то зноў падаюць у траву птушкі, як выгінаецца, хвалюецца на полі жыта... Сачанка. // Валіцца пад напорам, пад цяжарам чаго‑н. Знадворку нехта моцна грукае ў дзверы. Праз хвіліну дзверы падаюць. Якімовіч. // Валіцца ад старасці, недагляду. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць. В. Вольскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ліцца, сцякаць зверху. Па крутых спадах імчыць ледніковы паток.., з грымотным гулам падае з абрываў у прадонні. Самуйлёнак. У ціхую ноч даходзіў сюды млынавы грукат і чутно было, як падае вада на колы. Чорны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апускацца, звешвацца адным канцом. Пасма светлых валасоў падала на лоб, і.. [Заранік] часта адкідваў яе рукой назад. Хадкевіч. // Апускацца, звісаць (аб адзенні). Складкі спадніцы падаюць прыгожа.

5. Класціся на каго‑, што‑н., пакрываць сабою каго‑, што‑н. (пра святло, цень). Падае цень ад дрэва. □ Праз невялікае акно, што выходзіла ў сад, падала святло на падлогу. Пальчэўскі. Сонца стаяла ў зеніце, і яго прамяні падалі проста на .. непакрытыя галовы. Шамякін. // перан. Распаўсюджвацца, пашырацца на каго‑, што‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. Не раз цень падазронасці падаў на Ігнатаву хату-прысценак. Кавалёў. // Апускацца на каго‑, што‑н. (пра ўдары). Удары падалі Дзям’яну проста на спіну, а ён ішоў... Пестрак.

6. Прыходзіцца на якое‑н. месца (аб націску ў слове). У адных дзеяслоўных назоўніках націск падае на другі склад ад канца слова, а ў другіх — на трэці. Юргелевіч. Суфікс ‑ок (‑ёк) ужываецца толькі тады, калі на яго падае націск. Граматыка.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Памяншацца ў сіле, аб’ёме, велічыні і пад.; рабіцца слабейшым, радзейшым. Тэмпература падае. Пульс падае. □ — Вада [у Прыпяці] падае. Падае на два сантыметры ў дзень. Ракітны. Танакаў пераводзіць машыну на зніжэнне. Хутка падае вышыня. «Маладосць». // Паказваць на паніжэнне ціску, тэмпературы і пад. Ртуць у тэрмометры падала ніжэй і ніжэй. Мікуліч.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паніжацца, змяншацца. Урадлівасць глебы падае. Цэны падаюць. □ Зіма ў той год выдалася халодная, цяжкая. Не хапала кармоў. Падалі надоі. Дадзіёмаў. // Паніжацца ў вартасці (пра цэнныя паперы, валюту і пад.). Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца слабейшым, горшым. Дысцыпліна падае. // перан. Рабіцца кепскім, псавацца (аб настроі). Настрой падае.

10. Гінуць, паміраць (аб людзях). Хоць і падаў хто — адразу сцягі-крылы За плячыма падымаліся ў жывых. Куляшоў.

11. на каго-што. Разм. Прыпадаць, прыходзіцца. Выключная большасць разводаў падае на шлюбы маладых людзей. «Маладосць».

12. перан. Разм. Бегаць, насіцца. Сабака цэлы дзень падаў па лесе.

13. перан. Разм. Вельмі старацца. Чаго ж так надта выдыгацца? За што так падаць, так старацца? Колас.

14. перан. Разм. Вельмі хацець чаго‑н., ганяцца за чым‑н. Падаць за ўборамі. □ Усе навакольныя аж падалі за гэтай зямлёй. Чорны.

15. перан.; за кім. Разм. Вельмі любіць каго‑н. Маці падае за сынам. // Заляцацца да каго‑н., кахаць каго‑н. — Напэўна гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, — падумаў Лабановіч. Колас.

•••

Падаць духам — траціць упэўненасць, бадзёрасць; адчайвацца.

Падаць з ног — тое, што і валіцца з ног (гл. валіцца).

Падаць з рук — тое, што і валіцца з рук (гл. валіцца).

пада́ць, ‑да́м, ‑дасі́, ‑да́сць; ‑дадзі́м, ‑дасце́, ‑даду́ць; пр. пада́ў, ‑ла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. Даць, падносячы, аказваючы паслугу. Падаць кнігу. Падаць рэчы. □ Сямён падаў .. [Булаю] некалькі разцоў. Шыцік. // Аддаць, паднёсшы. Мікалай узяў ад мужчын грошы і падаў касіру. Пальчэўскі.

2. і з інф. Прынесці, паставіць на стол (пра ежу, пітво). Падаць абед. Падаць каву. □ Люба падала на стол снедаць. Чорны. // Паднесці як пачастунак. Трэці [салдат] — самы малады — Кажа: — Старшын[а], Сніў я: чарку падала Мне дачка твая... Танк.

3. каму. Даць як міласціну. Падаць жабраку. □ Маці зрабіла ўсё, што магла: яна падала.. [палонным] акрайчык хлеба. Брыль.

4. Даставіць на патрэбнае месца для пасадкі або пагрузкі. Падаць вагоны. □ Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй. Пальчэўскі.

5. і без дап. Звярнуцца куды‑н. з просьбай; прадставіць у пісьмовай форме. Падаць у суд. Падаць дакументы. □ Салаўёў падаў заяву ў завочны тэхнікум. Шахавец.

6. Разм. Штурхнуць, пасунуць што‑н. Падаць шафу ўлева. □ [Яўхім] ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы. Мележ.

7. заг. пада́й, пада́йце або ў інф. пада́ць. Даць, аддаць, прывесці, прынесці і г. д. Падаць сюды гэтыя рэчы! □ — Дзе.. [ураднік]! — крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу: — падайце мне яго сюды! Колас.

8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Падпусціўшы.. [палякаў] на блізкую адлегласць, дзед Талаш падаў каманду. Колас. Разведчыкі пад голас птушкі падалі сігнал, але ніхто ім не адказаў. Няхай.

9. і без дап. У спартыўных гульнях з мячом, шайбай і пад. — увесці ў гульню.

10. і без дап. Сказаць, паддаваць што‑н. Падаць рэпліку. Падаць слова. Падаць думку. □ — Паспееш, — падаў Лазар і адвярнуўся да кампаніі. Гартны.

11. Паказаць, вывесці (у мастацтве, літаратуры). Просты вясковы пейзаж .. [Міхась Сяўрук] умее падаць неяк велічна, нечакана, у будзённым, звычайным выяўляе паэзію жыцця, яго хараство. Шматаў. // Расказаць, сказаць аб чым‑н. Падаць факты. □ Яркі малюнак гаспадарання польскай ваеншчыны падаў Мартын Рыль і яго дружына. Колас.

•••

Не падаць (не паказаць) віду (выгляду) — нічым не выявіць, не паказаць сваіх думак, пачуццяў, намераў і пад.

Падаць (даць) вестку — паведаміць пра сябе.

Падаць голас — а) абазвацца, выгукнуць што‑н., паказваючы на сваю прысутнасць; б) выказацца пра каго‑, што‑н.; в) прагаласаваць на выбарах за каго‑н.

Падаць прыклад — паслужыць, стаць прыкладам для іншых.

Падаць (працягнуць) руку дапамогі каму — памагчы каму‑н.

Рукой падаць — вельмі блізка, побач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)