ло́пнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

1. Даць трэшчыну; трэснуўшы, разламацца, разадрацца. Лопнула труба. Лопнула рэйка. Лопнула дошка. // Парвацца. Супоня з вяровачкі, што ўся ўжо на вузлах, лопнула зноў, разматалася і павісла. Брыль. Вытырклыя калені штаноў лопнулі, у адным боце адарвалася падэшва і ледзь трымалася. Чорны. / Аб струках, пупышках. Дрэўцы прыняліся: пупышкі на іх набрынялі сокам і вось-вось гатовы лопнуць. Карпаў. // Выбухнуць, разарвацца (пра бомбы, снарады, кулі і пад.). Бомба раптам лопнула ў паветры. Новікаў. // Надзьмуўшыся, разарвацца, знікнуць. Лопнуў паветраны шар. Лопнула бурбалка. □ — Камера, каб на яе ліха, лопнула, — сказаў салдат і пастукаў нагой па задняму колу машыны. Сіняўскі. // Пра органы, часткі чалавечага цела (сэрца, крывяносныя сасуды і пад.). Галава .. [Габрыліхі] трашчала і, здавалася ёй, вось-вось лопне ад гэтага бязлітаснага напору святла. Шамякін.

2. перан. Разм. Пацярпець поўную няўдачу, крах. Лопнуў банк. □ Хітрамудрыя планы адваката лопнулі, як мыльная бурбалка. Васілевіч.

•••

Каб ты лопнуў (лопнула) — ужываецца як праклён.

Лопнуць ад злосці (зайздрасці) — пра бурнае праяўленне пачуцця злосці, зайздрасці.

Лопнуць са смеху — зайсціся моцным смехам.

Цярпенне лопнула гл. цярпенне.

ло́пнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Залапатаць крыламі (пра птушак). Страпянуўшыся, Ў тое ж імгненне Лопнуў крыллем касач баравы. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Стварыць трэск. Моцна трэснула сухая галінка і зашасталі хваёвыя лапкі .. З хвойніку выходзіў невысокі чалавек у доўгім новым шынялі. Крапіва. // Гулка раздацца (пра гукі выбухаў, выстралаў, удараў і пад.). Калона ўжо мінула царкву, калі са званіцы трэснулі стрэлы. Хомчанка. У кутку рынку, зусім побач, бахнулі пісталетныя стрэлы. Потым каротка трэснула аўтаматная чарга і абарвалася, бы захліпнулася. Савіцкі. Хмара раскалолася і так трэснуў пярун, што аж зямля закалацілася. Сабаленка. / у безас. ужыв. Паблізу моцна трэснула. Тугая хваля паветра шуганула над галовамі. М. Ткачоў.

2. З трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну. Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. З шумам трэснула камера пярэдняга кола, матацыкл рэзка закінула, і Мікола ледзь не зваліўся ў кювет. Краўчанка. Слуп з майго боку трэснуў ад гарачыні, трэшчына была ўжо даволі глыбокая. Васілёнак. // З трэскам парвацца, разарвацца. Расшпіліла [Назарыха] гузікі на кофце, у спешцы так тузанула нацельны крыжык, што шнурок трэснуў, а зеленаваты кавалачак медзі застаўся ў руцэ. Ат, некалі з ім важдацца. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Гнілыя ніткі, якія даўней маглі б крыху яшчэ трымаць Рыгораву сям’ю, трэснулі. Чорны. / Пра губы, скуру і пад. [Мірончык:] — Або вось прыходзіць чалавек, кажа: «Доктар, у мяне ўжо даўно трэснула губа і ніяк не зажывае». Карпюк. // перан. Даць трэшчыну, сапсавацца. У нашым калектыве, заўсёды здаровым, недзе нешта трэснула. Ермаловіч. І вось сёння штосьці перайначылася, штосьці трэснула ў душы. Асіпенка.

3. каго-што, каму і без дап. Разм. Моцна стукнуць, ударыць. Перш-наперш трэснуў .. [пан] кулаком фурману ў спіну, вылаяўся на ўсё балота і пусціў у ход усю машыну. Колас. Рагочучы,.. [Васіль] злавіў хлопчыка, і пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве. Брыль.

•••

Трэснуць ад злосці (зайздрасці) — тое, што і лопнуць ад злое ці (зайздрасці) (гл. лопнуць).

Хоць трэсні — пра дарэмныя намаганні, старанні. А ў крэсле тым — Я зімнім днём і веснім, А песні туга пішуцца, Хоць трэсні, — Ці я Пегаса Слаба закілзаў?! Скурко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)