Каламя́нка ’густая моцная льняная тканіна’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’палатняная блуза’ (Др.-Падб.). Наяўнасць слова толькі ў літаратурнай мове не дазваляе вызначыць крыніцу запазычання. Укр. каламайка (у Грынчэнкі), рус. коломенка і коломёнка, коломийка (Фасмер, 2, 294), аднак статус няясны. У рус. мове лічыцца запазычаннем праз ням. Kalamank, kalmank або гал. kal(a)mink ’гладкая льняная або пяньковая тканіна’, з с.-лац. camelāncium (Фасмер, 2, 294–259), дзе ням. словы з с.-лац. calamancum, якое шэрагам аўтараў тлумачыцца як утворанае на базе с.-грэч. καμηλάνκιον ’вопратка з вярблюджай воўны’, гл. Бернекер, 1, 471; Фасмер, 2, 164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руб ’вузкі край або вузкі бок якога-небудзь прадмета’ (ТСБМ), ’кант, брыж, край’, ’зарубка, выступ’, ’шво, рубец’ (ТС), рубова́ты ’зубчаты, з выступамі’ (ТС), ст.-бел. рубъ ’абрывак тканіны’, ’хустка’, ’вопратка’, ’рыззё’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. руб ’рубец’, рус. дыял. руб ’грубае адзенне, лахманы’, польск. rąb ’рубец’, ręby ’кант, край, левы бок тканіны’, в.-луж. rub ’удар; кавалак палатна; палатняная хустка’, в.-луж., н.-луж. rub ’грубая тканіна, саван, адзенне’, чэш. rub ’адваротны, левы бок’, славен. rȏb ’тс’, серб.-харв. ру̑б ’край; кант; рубец (на сукенцы)’, балг. ръб ’рубец (на вопратцы)’. Стараж.-рус. рубъ ’кавалак, абрывак тканіны’. Прасл. *rǫbъ, як і *rǫbiti ’сячы’, з і.-е. *remb‑/*romb‑/*romb‑ ’сячы; рабіць зарубку, насечку, рубец, шрам’. Роднаснае да літ. rum̃bas ’рубец, шрам’, лат. rùobs ’зарубка, насечка’ (Фасмер, 3, 510; Глухак, 532; Брукнер, 455; Чарных, 2, 125). Далей збліжаюць са ст.-в.-ням. rant(t) ’край шчыта’, ст.-ісл. rond ’край, рабро, край шчыта’, с.-в.-ням. ranft ’рамка, край’ (Траўтман, 236; Мюленбах-Эндзелін, 3, 557; Торп, 339; Фасмер, 3, 510).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калы́ска1 ’плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; КЭС, лаг.; Мал., Мат. Гом.), колысочка (Радч., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат., Яруш.), калыска‑палатнянкапалатняная калыска накшталт заплечнай ношкі’ (Жд. 3), ’гушкалка’ (Нас.), ’арэлі, гушкалка’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Ян.). Укр. колиска ’люлька’ і ’арэлі, гушкалка’, рус. колыска ’тс’, польск. kołyska ’люлька’ (і ст.-польск.; Слаўскі (2, 377) звяртае ўвагу толькі на спарадычныя фіксацыі ў гаворках), чэш. мар. kolíska ’люлька’, славац. kolíska ’тс’. У гаворках не заўсёды паслядоўна слова азначае рэалію з «маятнікавым» рухам, што, відаць, пазнейшае і для этымалогіі неістотна. Лінгвагеаграфія не выключае магчымай экспансіі рэаліі разам з назвай, аднак акрэсліць цэнтр інавацыі (усх.-слав. тэрыторыя?) даволі цяжка. Паводле Слаўскага, 2, 377, паўн.-слав. *kolysъka ад *kolysati (гл. пад. калыхаць).

Калы́ска2 ’паглыбленне ў адным бервяне, у якое кладуцца іншыя, каб не раскачваліся пры перавозцы’ (Жд. 3). У іншых слоўніках як быццам не адзначаюцца. Апісанне рэаліі не вельмі дакладнае, па гэтай прычыне сувязь з калыска1 (перанос па функцыі? форме?) уяўляецца не адзіна магчымай, ва ўсякім разе шэраг роднасных лексем сведчыць аб апасродкаванай сувязі, пашырэнні новага тэрміналагічнага значэння. Так, звяртаюць на сябе ўвагу рус. валаг. колыга і калыга ’крыты выгіб (палазок, абручоў і да т. п.)’, дзе сувязь (семантычная з калыска1) можа быць яшчэ непасрэднай, арханг. колыга ’кожны з двух падоўжаных бакавых брусоў, якія злучаюць пярэднюю і заднюю часткі дроў’. Невялікая надзейнасць такога супастаўлення ў тым, што сувязь з рус. калыга, калыжка і да т. п. з’яўляецца праблематычнай. Бел. хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор.

Калы́ска3 ’агрэх’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ўдакладняе: «На полі ў цябе асталася калыска», аднак рэалія застаецца няяснай — ці гэта агрэх пры пасеве, ці пры ўборцы. У іншых крыніцах не фіксуецца. Сувязь з калыска1 не выключана, развіццё значэння: ’паглыбленне ў глебе’ → ’месца, адкуль цяжка выкасіць што-н.’ → ’агрэх’. Далей, калі назва абагульняецца, ’агрэх наогул’. Іншы варыянт тлумачэння зыходзіць з таго, што калыска азначае ’агрэх пры пасеве’. У такім выпадку слова можна параўнаць з вытворнымі ад лысы, якія ў рус. гаворках з’яўляюцца цікавым матэрыялам для рашэння гэтай задачы. Так, у СРНГ знаходзім лысина ’прагаліна, лужок ў лесе’, лысить ’пакідаць прабел’ і ’пакідаць пры падмятанні падлогі поласы пылу’, лыситься ’праясняцца (пра неба)’. Цікавым з’яўляецца і такі выраз як лысо ’рабіць абы як’, далей, наяўнасць структурна падобных дэрыватаў: лыска ’мянушка жывёл з белай плямай на лбе’ і ’адзнака на кары дрэва сякерай або нажом’. У плане структурна дакладнай паралелі можна прывесці рус. церск. колыснуться ’памерці, прапасці’, аднак статус гэтай перыферыйнай лексемы вельмі няясны (адзінкавая фіксацыя). Апрача таго. прэфіксальны (з ко‑/ка‑) зыходны дзеяслоў з адпаведным значэннем як быццам не зафіксаваны, і гэта таксама зніжае надзейнасць версіі. Па кодле геаграфіі (калі прыняць першую версію) — рэгіянальны наватвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)